Пашырэнне ЗША санкцыйнага спісу расійскіх кампаній дысануе з тонам нядаўняй сустрэчы Барака Абамы і Уладзіміра Пуціна, заявіў прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў, дадаўшы, што Расія ў санкцыйным пытанні будзе кіравацца прынцыпам узаемнасці.
«Гэта [пашырэнне санкцый] сур'ёзна дысануе з тэмамі, якія тычацца магчымага ўзаемадзеяння ў адчувальных сферах, пра якія ішла гаворка на сустрэчы двух прэзідэнтаў», — дадаў ён.
Расія, як і ў мінулым, будзе зыходзіць з прынцыпу ўзаемнасці і шукаць меры ў адказ, дадаў прадстаўнік Крамля. Пры гэтым Пяскоў адзначыў, што пра падрыхтоўку нейкіх канкрэтных мер у адказ пакуль не ведае.
Санкцыйны спіс амерыканскага міністэрства фінансаў у сераду быў пашыраны: у яго ўвайшлі яшчэ каля 80 кампаній, уключаючы 50 фірмаў, падкантрольных «Газпрому».