Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Перспектыва» мае намер правесці чарговы форум прадпрымальнікаў 3 кастрычніка ў сталічным Доме Масквы, паведаміў старшыня арганізацыі Анатоль Шумчанка.

Форум будзе прысвечаны перспектыве працы прадстаўнікоў малога бізнесу ва ўмовах, што склаліся ў Беларусі, а таксама падвядзенню прамежкавых вынікаў працы індывідуальных прадпрымальнікаў ў 2016 годзе.

«Трэба сабрацца, каб даць ацэнку дзеянням улады ў сферы малога бізнесу. І я загадзя хачу сказаць, што прадпрымальнікі ў такім настроі, што гэтыя ацэнкі для ўлады не будуць пахвальнымі», — зазначыў Шумчанка.

Яшчэ адной прычынай, з-за якой трэба правесці гэтае мерапрыемства, лідар «Перспектывы» назваў неабходнасць даць прадпрымальнікам спакойна працягваць працу. Ён нагадаў, што папярэдні форум адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня, і пасля яго ў прадпрымальнікаў было некалькі месяцаў, на працягу якіх яны адносна спакойна працавалі, без праверак з боку кантрольна-наглядных органаў.

Перыяд гэтай цішыні парушылі прадстаўнікі падатковых органаў, якія зладзілі 6 верасня праверку суправаджальных дакументаў у ІП, што гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці на Паўднёвым рынку ў Гродне. У адказ на праверку ІП закрылі свае гандлёвыя пункты і не працавалі да канца дня.

«Сітуацыя ў Гродне можа стаць другім Полацкам, дзе таксама былі праверкі і з якога ў канцы мінулага года пачаліся пратэсты прадпрымальнікаў. Таму трэба праводзіць новы форум, каб даць людзям працаваць далей», — растлумачыў Шумчанка.

Апрача іншага на будучай сустрэчы прадпрымальнікі зноў узнімуць пытанне аб вяртанні да патэнтнай сістэмы вядзення малога бізнесу.

Нагадаем, з пачатку гэтага года дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. З-за яго патрабаванняў першыя некалькі месяцаў года была фактычна паралізаваная праца ІП, што гандлююць прадукцыяй лёгкай прамысловасці, бо цяпер яны могуць гандляваць толькі тымі таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза, на якія ў іх ёсць суправаджальныя дакументы. Атрыманне такіх дакументаў вельмі складанае ў сувязі з пазіцыяй расійскіх партнёраў. Спробы ІП знайсці паразуменне ва ўладаў былі безвыніковымі, і да канца сакавіка большасць прадпрымальнікаў вымушаныя былі аднавіць працу, нягледзячы на рызыку быць аштрафаванымі і пазбаўленымі тавару.

Апошні раз гэтая праблема абмяркоўвалася 13 чэрвеня на арганізаваным «Перспектывай» форуму прадпрымальнікаў. Тады Шумчанка заяўляў, што аднаўленне праверак з боку кантрольна-наглядных органаў справакуе новую хвалю пратэстных выступаў ІП. «Тое, што цяпер людзі маўчаць паводле ўказа № 222, гэта не значыць, што яны з ім змірыліся. Як толькі пачнуцца праверкі па накладных, адразу ж загучаць масавыя заявы і патрабаванні аб адмене гэтага ўказа. Прычым гэтыя заявы будуць падмацаваныя пэўнымі дзеяннямі саміх прадпрымальнікаў», — прагназаваў лідар «Перспектывы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?