07.09.2016 / 21:05

Б'ёрндален трэніруецца ў Мінску: Люблю «Раўбічы» і беларускае малако 10

Тытулаваны біятланіст і муж Дар'і Домрачавай Оле-Эйнар Б'ёрндален трэніруецца цяпер у Мінску. У беларускай сталіцы ён рыхтуецца да новага сезона і прабудзе да нараджэння дзіцяці.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

— Я ўжо не першы раз трэніруюся ў «Раўбічах». Тут мне падабаецца лыжаролерная траса, якая праходзіць праз лес. Дзякуючы ветранай абстаноўцы цікавай выходзіць праца на агнявым рубяжы, а ў выпадку дрэннага надвор'я ёсць крыты цір. Для летняга біятлону гэты комплекс увогуле адзін з найлепшых.

Адказваючы на пытанне, ці трэніраваўся Оле-Эйнар з беларускай мужчынскай камандай і ці хацеў бы ён даць ім парады, знакаміты біятланіст заўважыў, што ў нашай зборнай добрыя трэнеры і ў яго дапамозе няма неабходнасці.

— Я бачыў, як некаторыя спартсмены выглядаюць на трасе, але, на жаль, не бачыў, як яны выглядаюць на стрэльбішчах. Я бачыў многіх юніёраў, і тое, што яны робяць на трасе, — гэта вельмі добра. Расце дастойная змена. Вядома, гэта справа не аднаго года, пройдзе гады тры-чатыры, яны падрастуць, і ў іх ёсць будучыня. Было б выдатна, калі б я мог ім даць парады, але ў іх ёсць добрыя трэнеры і годныя прыклады для пераймання.

Працягваючы тэму тренерства, Б'ёрндален сказаў, што ён будзе дапамагаць Домрачавай трэніравацца.

— Але ў Дар'і ёсць свой трэнер, і ён працягне з ёй працаваць. Я думаю, яна добра адновіцца і працягне выступаць.

Б'ёрндален таксама пахваліў «Гонку легенд», якая другі раз пройдзе ў Беларусі, але заўважыў, што яму яшчэ рана ў ёй браць удзел, бо ён дзейны спартсмен і рыхтуецца да новага сезону.

— Было б не вельмі сумленна спаборнічаць са спартоўцамі, якія прыедуць на гонку. Але, калі я скончу сваю кар'еру, я таксама прыеду і буду ўдзельнічаць у гэтым спаборніцтве.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі яму больш за ўсё падабаецца ежа.

— Я магу есці амаль усё з вашай кухні. У тым ліку і нацыянальную ежу. Яна, дарэчы, трохі падобная да нардычнай, да якой я прывык. Люблю і беларускае малако. Што мне яшчэ падабаецца ў Мінску, дык гэта чысціня. У мяне ў галаве не ўкладаецца, як гэта магчыма. Ён па гэтым паказчыку на другім месцы сярод усіх гарадоў, дзе я быў. Чысцей толькі ў Манака. У вас ёсць добрыя паркі, што нязвыкла для такіх вялікіх гарадоў.

Кажучы аб сваёй працяглай кар'еры, Оле-Эйнар Б'ёрндален заявіў, што пакуль не збіраецца яе заканчваць і рыхтуецца ўзяць удзел у Алімпіядзе 2018 года.

У «Раўбічы» таксама прыехаў ультрасучасны трэйлер, які з'яўляецца домам на колах, майстэрняй і спартыўнай залай для знакамітага біятланіста.

У канцы імправізаванай прэс-канферэнцыі было зададзенае пытанне, якога полу дзіця чакае пара.

— Мы чакаем з'яўлення здаровага маляняці. А ўжо хто гэта будзе — дзяўчынка або хлопчык — усё роўна.

Нагадаем, што 5 красавіка Б'ёрндален і Домрачава абвясцілі, што ў кастрычніку ў іх народзіцца дзіця.

— У мяне блізкія адносіны з Дар'яй, якія працягваюць развівацца. Мы пара і ў кастрычніку чакаем нараджэння дзіцяці. Як бачыце, мы ўсе вельмі добра спланавалі.

16 ліпеня яны згулялі вяселле.

0
яна / Адказаць
07.09.2016 / 21:16
Бьёрн, ВЫ легенда легенд биатлона , не стесняйтесь научить наших юниоров, думаю любой тренер почтёт за честь провести с Вами хоть одну тренировку наших ребят , о которой потом он и они будут вспоминать и рассказывать нашчадкам. За впечатления о нас огромный респект.
0
Guinness / Адказаць
07.09.2016 / 21:42
Малако з Атоліна - панскай гаспадаркі АГЛ - ці ГМЗ №2?
0
ОгО / Адказаць
07.09.2016 / 22:12
Дай вам Бог здароуя!!!
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру