Хлопец, які сабраў рэкордную колькасьць подпісаў за дэмакратычнага кандыдата, ацэньвае сытуацыю ў краіне як спрыяльную для пераменаў і станоўча ўспрыняў бы зьмену палітычных пакаленьняў на чале апазыцыі.

Андрэй Янушкевіч – 30-гадовы гарадзенскі актывіст АГП. Падчас апошняй выбарчай кампаніі назьбіраў больш за тысячу подпісаў за адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Сваім досьведам і прагнозамі на будучыню беларускай палітыкі Андрэй Янушкевіч дзеліцца з карэспандэнтам «НН».

«Наша Ніва»: Чым адрозьнівалася апошняя выбарчая кампанія ад папярэдняй?

Андрэй Янушкевіч: Галоўнае адрозьненьне – гэта татальная запалоханасьць людзей. Паказальна: у 2001 г. у мяне толькі аднойчы папрасілі дакумэнты падчас збору подпісаў. Цяпер жа гэта стала правілам. Людзі кажуць: «Мы пойдзем галасаваць, але цяпер нічога падпісваць ня будзем. Бо можна страціць працу ці ў дзяцей з вучобай праблемы ўзьнікнуць». Кантрактная сыстэма як ніколі прадэманстравала сваё сапраўднае прызначэньне.

«НН»: Палітолягі адзначаюць , што у гэтым годзе зьбіральнікі подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў сутыкнуліся ня толькі з прэсінгам з боку ўладаў, але і з апатыяй людзей. І, што паказальна, з боку моладзі. З кім Вы сутыкаліся ў часе гэтага этапу выбарчага працэсу, як на яго паўплывалі ўмовы, у якіх давялося працаваць?

А.Я.: Я пачаў зьбіраць подпісы ад першага дня, не зважаючы на сьвяты. Хоць гэта, варта прызнаць, добра прадуманы палітычны падыход – прызначыць збор подпісаў у такі час: чарада сьвятаў, людзі сядзяць за сталамі. Ведаю шмат людзей, якія пад узьдзеяньнем сьвяточнай эўфарыі падпісаліся за Лукашэнку. Аднак пра што нашыя людзі гавораць за сталом? Пра палітыку. І я з таго скарыстаў. У першыя дні сутыкнуўся з тым, што большасьць нават ня ведала, што збор подпісаў ужо распачаўся. Але ўжо праз два тыдні сытуацыя зварушылася зь месца. Мілінкевіч тут свой, і мне не даводзілася тлумачыць, хто гэта такі. Міліцыя моцна перашкаджала: увесь час правяралі дакумэнты, дзе па дробязях, дзе й сур’ёзна заміналі працаваць. Аднак ведаю факты, калі самі міліцыянты раілі сваім сваякам і знаёмым падпісвацца і галасаваць за адзінага кандыдата. Тое і з прымушанымі зьбіраць подпісы за Лукашэнку настаўнікамі і ўрачамі. Былі выпадкі, калі людзі добраахвотна браліся агітаваць за Мілінкевіча хоць бы і ў сваім асяродку.

Наконт моладзі. Маладыя людзі тут, на Гарадзеншчыне, прагнуць пераменаў. Шмат хто працуе на сябе, то бок у бізнэсе. Гэтыя людзі часта бываюць у Польшчы, Літве, таму добра знаёмыя з тамтэйшым узроўнем жыцьця, зь іх эканомікай і стаўленьнем да грамадзянаў, да асобы. Яны хочуць жыць гэтак жа і ў сябе дома. Адно што наша моладзь апалітычная і вельмі насьцярожана ставіцца да выразна палітычных і нацыяналістычных лёзунгаў. Увесь час даводзілася паказваць свае дакумэнты і тлумачыць, да якой партыі ці арганізацыі я належу. Інтэлігенцыя спрэс падпісалася за Мілінкевіча. Збольшага гэта добра паінфармаваная публіка, якой анічога ня трэба было даводзіць.

Асобная катэгорыя – прадпрымальнікі. Сярод іх шмат незадаволеных. І яны выйдуць на вуліцу адстойваць свае правы. Але толькі ў адным выпадку: калі тое ж зробіць яшчэ нехта – рабочыя, ці настаўнікі. Гэтыя людзі падзяліліся ў сваім стаўленьні да незалежных палітыкаў, але большасьць адназначна падтрымае сапраўды моцнага лідэра.

«НН»: Усе на кагось чакаюць. А вось як Вы ацэньваеце дзеяньні моладзі на Плошчы адразу па выбарах?

А.Я.: Гэта, безумоўна, мужны ўчынак, тым больш зважаючы на больш чым прадказальныя наступствы. У нашых варунках ніякая іншая акцыя ня мела б такога эфэкту і розгаласу ў грамадзтве, і мы мусім быць вельмі ўдзячныя тым, хто наважыўся на такі крок.

«НН»: А што лідэры апазыцыі? Вось Аляксандар Мілінкевіч таксама ганарыцца героямі Плошчы, аднак ня лічыць прамашкай штабу тое, што штабам Майдан не плянаваўся. Ці слушна было ня мець хоць бы пляну дзеяньняў на такі варыянт разьвіцьця падзеяў?

А.Я.: Цяжка супастаўляць сытуацыю ў нас і ва Ўкраіне. Таму і сур’ёзна разьлічваць на тое, што нам далі б зрабіць тое, што зрабілі ў сябе ўкраінцы, наіўна. Але ж плянаваць у любым разе варта было. Я сам быў удзельнікам тых падзеяў. Не хапала каардынацыі дзеяньняў, асабліва ў рэгіёнах. Насамрэч пасьлявыбарчыя акцыі маглі быць больш масавыя і эфэктыўныя. Тым ня менш яшчэ раз падкрэсьлю: моладзь на Плошчы паказала, што ўмее дзейнічаць самастойна, не кіруючыся ўказаньнямі з штабу; што яна здольная адказваць за свае дзеяньні, ахвяруючы працай, вучобай і свабодай.

«НН»: Дзеяньні лідэраў апазыцыі ў часе выбараў і пасьля выклікаюць крытыку з боку маладой генэрацыі палітыкаў. Алесь Мазур даў старой гвардыі год на роздум і абяцае ўзяць адказнасьць за краіну на сябе. Ці не нясе гэта раскол у апазыцыйны лягер?

А.Я.: Абсалютна не. Гэта сусьветная практыка: у канкурэнтнай барацьбе пакаленьне зьмяняе пакаленьне. Перамагае той, хто ўжывае сучасныя напрацоўкі і тэхналёгіі, той, хто больш рухавы і мабільны. Ня можаш – саступі.

«НН»: Як Вы ацэньваеце эфэкт ад вясновых акцыяў апазыцыі – «Чарнобыльскі шлях», акцыя 1-га траўня?

А.Я.: Галоўная бяда і адрозьненьне ад мінулых гадоў – гэта татальны інфармацыйны вакуўм. Думаю, каб апазыцыя здолела наладзіць належнае інфармаваньне насельніцтва, яе акцыі былі б больш масавымі і эфэктыўнымі. І хоць «Чарнобыльскі шлях» паводле свайго вызначэньня непалітычная акцыя, ён быў бы больш шматлюдным, калі б не інфармацыйны голад. Калі браць у агульным пляне – апазыцыя тады й пераможа, калі здолее данесьці да людзей сваю праўду, праб’е гэты бар’ер.

«НН»: Прафэсар Манаеў сьцьвярджае, што 52% беларусаў уважаюць сябе за савецкіх людзей. І што сярод іх большасьць прыхільнікаў Лукашэнкі. Ці дапаможа савецкім беларусам альтэрнатыўная інфармацыя?

А.Я.: Так, безумоўна. Гэта небезнадзейныя людзі. Уласны досьвед паказвае: за рэдкім выняткам людзі мянялі свае погляды цягам простай гутаркі. Галоўнае – умець якасна і грунтоўна будаваць свае аргумэнты. Сярод людзей, што настальгуюць па саветах, шмат бедных, на мяжы жабрацтва, людзей. Прычым даведзеных да галечы сёняшняй уладай. Імі прасьцей маніпуляваць – чым сьціплей жыве чалавек, тым лепш ім кіраваць. Палохаюць Украінай: «Глядзіце, былі бедныя, а цяпер і таго ня маюць!» І людзі вераць і пачынаюць баяцца пераменаў. Спэцыфыка гэтай сацыяльнай групы ў тым, што шмат хто праз жыцьцёвыя няўдачы пачынае піць, мае праз тое праблемы на працы, у сям’і. Гэта найменш абароненая праслойка грамадзтва, якую ўлада ўжо й за людзей не ўважае, хоць гэта і ёсьць яе самае надзейнае апірышча. Гэта ў Лукашэнкі трэба спытаць, чаму яны так дрэнна жывуць, ён жа паводзіць сябе ў дачыненьні да свайго ж электарату негуманна.

Улада праіснуе да першага сур’ёзнага крызісу. Пазыцыя Расеі прымушае людзей задумацца пра нашыя стасункі. Выбары ўскалыхнулі народ. Шмат хто задумваецца над нашым беларускім цудам – напрыклад, чаму кошты растуць, а заробкі – не? І тая, найбольш адданая Лукашэнку, катэгорыя грамадзянаў першая зьменіць свае погляды нават пры найменшым пагаршэньні эканамічнага становішча. Галоўнае – шмат працаваць. І прабіваць сьцяну маўчаньня.

Гутарыў Сямён Печанко