Прафэсар Ігнацы Масьціцкі

Што б ні рабілася дзяржаваю, але дзяцей нараджаецца вобмаль, зьмяньшэньне колькасьці грамадзян Беларусі мае ўстойлівы характар.

Нашыя суседзі Украіна і Расея сплочваюць бацькам добрыя грошы за нараджэньне сваіх маленькіх грамадзянаў. У нас такога пакуль нямашака, нагледзячы на гаспадарчыя перамогі.

Нядаўна размаўляў з адным старым чалавекам. Падчас гутаркі той распавёў, што некалі, за Польшчай быў ён «хрэсьнікам Масьціцкага». На мой зьдзіўлены погляд патлумачыў. Калі Ігнат Масьціцкі стаўся прэзыдэнтам Польшчы ў 1926 годзе, дык выдаў дэкрэт, згодна зь якім ён будзе хросным бацькам кожнага сёмага сына сям’і. Адзінай умовай было тое, што радзіна павінна быць хрысьціянскай і крымінальна не каранай. Гэта працягвалася да вайны 1939 году. За 13 год Масьціцкі пахрысьціў гэтак больш за 500 хлопцаў.

Акрамя гонару мець за хроснага бацьку самаго прэзыдэнта, сёмаму сыну належалі шматлікія іншыя перавагі. Найперш гэта досыць вялікая сума грошай на рахунку ў польскім банку. Якая клалася па нараджэньні й выдавалася з адсоткамі паўналетняму. Мелі хрэсьнікі й прывілеі бясплатнай навукі ў краіне ды за граніцай у любых навучальных установах, стыпэндыю, бесплатны праезд і лекаваньне.

Чалавек скардзіўся, што ўсе ягоныя льготы ляснулі разам з Другой Рэччу Паспалітай у верасьні 1939 году. Скарыстацца напоўніцу ён імі не пасьпеў, бо быў яшчэ падшыванцам-дашкольнікам. Асабліва сакрушаўся па грошах, што ляжалі на рахунку. Па паўнагодзьдзі мусіў атрымаць некалькі тысяч злотых. Пуд жыта тады каштаваў 2 злотых.

Стары цікавіўся, што, магчыма, сучасная Польшча аднавіла тыя ільготы, мо сплочвае нейкія грошы, тым хто не пасьпеў іх атрымаць. Бо ж большасьць хрышчоных Масьціцкага не пасьпелі вырасьці й атрымаць грашовую падрымку для жыцьцёвага сталеньня.

Зразумела, сёньня ня той час. Тады сямёра дзяцей у сям’і было нормай, а калі Бог даваў іх усіх сынамі, дык тады й польская дзяржава нечым дапамагала.

Мажліва, і нам трэба ўвесьці нешта такое незвычайнае. Мо і быў бы эфэкт для нараджальнасьці, каб кожнае пятае дзіця ў сям’і хрысьціў прэзыдэнт ды гарантаваў бясплатную адукацыю, праезд па Беларусі, мэдычнае старахаваньне і 1000 эўра на рахунку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?