Здабыча нафты пачнецца на двух новых радовішчах у Каспійскім моры ўжо ў канцы 2016 года, піша агенцтва Reuters, спасылаючыся на крыніцы ў прамысловасці і на атрыманы журналістамі расклад паставак «чорнага золата».
Казахскае Кашаганскае радовішча і расійскае імя Філаноўскага разам дададуць да сусветнага рынку як мінімум 200.000 бараляў нафты ў суткі ў гэтым годзе, а да канца наступнага здабыча павялічыцца прыкладна да 500.000 бараляў.
Гэта адпавядае прыкладна 0,5% паставак нафты ў свеце.
Радовішча імя Філаноўскага
На гэтым тыдні Масква і Саудаўская Аравія дамовіліся супрацоўнічаць дзеля падтрымання цэнаў на нафту і заявілі, што не выключаюць у будучыні абмежавання здабычы, што трохі павысіла каціроўкі энерганосьбіта.
Таксама Іран працягвае працу па павышэнні сваёй здабычы нафты да 2,4 млн бараляў у суткі — прыкладна столькі краіна прадавала на знешнім рынку да таго, як былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі, мэтай якіх было пакараць Тэгеран за магчымую распрацоўку атамнай зброі.
«Пакуль Расія распавядае казкі пра тое, як яна спыніць пастаўкі, каб стабілізаваць цэны, на яе тэрыторыі і ў краінах СНД пачынаюць працаваць новыя радовішчы, і наўрад ці нехта можа спыніць гэты працэс», — сказаў Reuters ананімны прадстаўнік нафтавай галіны прамысловасці.
Нафтавыя гіганты ў Казахстане і РФ гадамі шукалі і рыхтаваліся да здабычы на новых радовішчах яшчэ ў перыяд, калі прагназаваўся высокі рост цэнаў на «чорнае залота». Цяпер кампаніі, якія маюць магутнае ўрадавае лобі, не могуць замарозіць амаль гатовыя праекты, якія каштавалі ім мільярды даляраў.