Алег Трусаў.

Алег Трусаў.

Падчас рэферэндуму 1995 года, калі ў краіне было прынятае двухмоўе, Алега Трусава хацелі забіць. Пра гэта яму потым распавяла яго каманда. Нейкі чалавек хадзіў з сякерай, вышукваў Трусава і паўтараў: «Я прыйшоў яго забіць».

«Але паколькі я сышоў, то і забіваць не было каго», — распавядае Алег Анатольевіч.

Так што нічога страшнага не адбылося.

Алег Трусаў — кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96. Да выбараў застаецца зусім мала часу, і, як прызнаецца старшыня Таварыства беларускай мовы, хоць моцна стаміўся, затое памаладзеў гадоў на 20.

«Я толькі прыйшоў з выбарчай акругі і проста ў захапленні ад падтрымкі людзей! — узрушана распавядае спадар Алег. — Людзі, якія раней былі супраць, цяпер усе «за». І студэнты, і пенсіянеры падзяляюць маю праграму і абяцаюць, што пойдуць на выбары 11 верасня і прывядуць галасаваць за мяне ўсіх, каго ведаюць. Плюс людзі надзвычай добра ставяцца да маёй беларускамоўнай кампаніі, захапляюцца тым, што мова не памерла. Людзі ўжо не баяцца гаварыць, як калісьці «мову» з іх выбівалі».

Алег Анатольевіч пазітыўна ставіцца да таго, што дэмакраты ад розных партый удзельнічаюць у выбарах і ствараюць паміж сабой канкурэнцыю.

«Аднак значная частка апазіцыі вельмі слабая. Яны не ўяўляюць, куды ідуць, і ставяцца да выбараў вельмі несур’ёзна. Зрабі заўтра супердэмакратычныя выбары, яны з трэскам прайграюць, бо не ўмеюць працаваць, баяцца людзей і не разумеюць, што такое заканадаўчая творчасць», — дадае Трусаў.

У сваёй перамозе ён упэўнены.

«Я думаю, вельмі добра, што пайшоў у гэтую кампанію, я бачу, што падтрымка ўлады блізкая да нуля. Адчуваю, што перамог, а колькі галасоў мне напішуць — гэта мяне мала цікавіць», — адзначыў кандыдат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?