Бацька Андрэя Фомачкіна, які ў складзе беларускай дэлегацыі пранёс на адкрыцці Паралімпійскіх гульняў расійскі сцяг, Васіль Паўлавіч пракаментаваў учынак сына.

Reuters

— Мы з сынам кожную суботу стэлефаноўваемся. Калі я даведаўся навіну, што расійскіх паралімпійцаў адхілілі, то не верылася ў такую несправядлівасць. Сказаў яму тады па тэлефоне: «Вось сволачы, не пускаюць Расію. Ты ж сам расіянін, устань на абарону». А Андрэй адказаў: «Мы што-небудзь прыдумаем!». Але не казаў, што менавіта. Я нават забываць стаў пра гэтую размову. Потым толькі, калі ўсе газеты надрукавалі яго фатаграфію з расійскім сцягам — успомніў нашу апошнюю гутарку. Ну вось, атрымліваецца, слова сваё стрымаў… Устаў на абарону не толькі Расіі, але і спорту: таму што спорт павінен быць па-за палітыкай.

— А адразу пасля свайго ўчынку ён вам тэлефанаваў з Рыа?

— Так, але, як на грэх, я трубку не паспеў узяць, на агародзе быў.

— Пачакайце, вы кажаце, што Андрэй — расіянін?.. Усе СМІ яго беларусам называюць…

— Дык няправільна гэта! Я — былы вайсковец, па абавязку службы паездзіў па розных гарнізонах. Андрэй нарадзіўся ў Польшчы, а потым мы доўгі час жылі ў Армавіры. Так што сын па праве можа назваць сябе расіянінам. У Мінск ён пераехаў вучыцца, ды так там і застаўся. Улічваючы яго спартовыя заслугі (Андрэй — пераможца і прызёр Спартакіяды народаў СССР), адзін з трэнераў паабяцаў яму дапамогу пры паступленні. Але Андрэю нічога гэтага не трэба было: ён усё іспыты ў беларускі інстытут народнай гаспадаркі на пяцёркі здаў! Ён заўсёды такі: шчыры, сумленны, без каменя за пазухай…

— А ці было такое, што і раней за іншых заступаўся?

— Ён смелы, рызыковы, заўсёды ўсім дапамагае і абараняе несправядліва пакрыўджаных. Праўда, вы пра гэта не пішыце, што ў гэтым такога?.. Была гісторыя, што ён і за іншых заступаўся, морды за спартсменаў біў. І казаў: «Кранеш яго — яшчэ раз дам!». І я ганаруся, што ён ніколі сабе не здраджвае!

— Чым зоймецеся, калі сын вернецца з Бразіліі?

— На рыбалку пойдзем: гэта наш самы любімы занятак!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?