Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац сёння падпісаў хартыю аб далучэнні Мінска да Еўрапейскага тыдня мабільнасці (пройдзе з 16 па 22 верасня). Урачыстая цырымонія адбылася ў Мінскай гарадской ратушы.

«Удзел у Еўрапейскім тыдні мабільнасці — гэта чарговы крок да таго, каб нашы грамадзяне актыўна выкарыстоўвалі ровары, грамадскі транспарт і іншыя сродкі перамяшчэння, альтэрнатыўныя аўтамабілю, — адзначыў мэр беларускай сталіцы. — Гэта будзе спрыяць таму, што Мінск стане яшчэ больш экалагічна чыстым, яшчэ больш камфортным для пражывання горадам».

Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха на цырымоніі падпісання хартыі паведаміў, што летась толькі 3 беларускія гарады падтрымалі Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, а сёлета ўжо зарэгістравана 12 удзельнікаў па ўсёй рэспубліцы. «Мінск гатовы прытрымлівацца прынцыпаў Еўрапейскага тыдня мабільнасці на працягу ўсяго года», — дадаў ён.

Праект Еўрапейскага тыдня мабільнасці заваёўвае ўсё большую папулярнасць ва ўсім свеце. Яе дэвіз — «Разумная мабільнасць — моцная эканоміка». У межах глабальнай кампаніі 22 верасня традыцыйна пройдзе Сусветны дзень без аўтамабіля, калі кіроўцам прапануецца на адзін дзень адмовіцца ад аўтамабіля і скарыстацца грамадскім транспартам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?