Цікавыя лічбы агучыў назіральнік Сяргей Салаш, які сачыў за выбарамі ў цэнтры Барысава. Салаш прысутнічаў на ўчастку як падчас датэрміновага галасавання, гэтак і ў асноўны дзень.

«На датэрміновае галасаванне прыйшло 10,7% выбарцаў. У асноўны дзень галасавання, па маіх падліках прыйшло 458 выбарцаў. Я не выходзіў з участка ўвесь час. Гэта значыць, што ў галасаванні ўзяло ўдзел каля 32%», — кажа Салаш.

Аднак выніковыя лічбы істотна адрозніваліся ад лічбаў назіральніка. «Проста са столі ўзялі больш за 120 галасоў у асноўны дзень. У пратаколах адзначаецца, што прагаласавала не 458, а 582 выбарцы. Адкуль? Лічбы бяруць не проста з пальца выціснутыя, а з локця».

Але самае цікавае было тое, што ў надомным галасаванні ўзяло ўдзел аж… 321 чалавек!

«Рэальна скрыня для надомнага галасавання адсутнічала 7 гадзін — гэта 420 хвілін. І вось за гэты час змаглі нібыта прагаласаваць 320 чалавек. Гэта менш за 2 хвіліны на чалавека», — абураецца Салаш.

«Непавага да выбарцаў каласальная, гэта тэатр абсурду. Ніхто не лічыць галасы. Калі на ўчастак прыходзіць касы, глухі, маразматык, яго абліжуць з усіх бакоў, але галасы лічыць не будуць», — мяркуе назіральнік.

На ўчастку ў Барысаве перамагае кандыдат ад улады, дырэктар прадпрыемства «Градабудаўнік» Васіль Баранік. Рэдактар незалежнай газеты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас займае трэцяе месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?