За пяць месяцаў гэтага года ў краіне выяўлена 405 новых ВІЧ‑інфікаваных (за пяць месяцаў 2007‑га — 459). Лідзіруе па колькасці выпадкаў захворвання Гомельская вобласць, дзе зарэгістраваны 4.831 выпадак. У Мінску выяўлена 1.288 выпадкаў, у Мінскай вобласці — 1.146.
Большасць ВІЧ‑інфікаваных — маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў (6.427 чалавек). Разам з тым, на працягу апошніх гадоў у структуры ВІЧ‑інфікаваных знізілася колькасць маладых людзей 15—19 гадоў з 24,5% у 1996 годзе да 3,9% у 2007 годзе. Сёлета сярод гэтай узроставай групы зарэгістравана пяць выпадкаў ВІЧ‑інфекцыі.
Таксама ў апошнія гады павялічылася колькасць людзей, інфікаванне якіх адбылося ў выніку сексуальных кантактаў (2005 год — 57,2%, 2007 — 66,8%). За пяць месяцаў 2008 года зарэгістравана 295 ВІЧ‑інфікаваных, якія заразіліся палавым шляхам (72,8 %).
Ад ВІЧ‑інфікаваных маці з 1987 года па 1 чэрвеня 2008 года нарадзілася 1.155 дзяцей, за пяць месяцаў 2008 года — 55. Пры гэтым 129 дзецям, народжаным ад ВІЧ‑інфікаваных маці, пацверджаны дыягназ «ВІЧ‑інфекцыя», восем з іх памерла. Усяго у Беларусі зарэгістраваны 141 выпадак ВІЧ‑інфекцыі сярод дзяцей да 14 гадоў.
Колькасць выпадкаў СНІДу на 1 чэрвеня склала 1.098, пры гэтым у 2008 годзе такі дыягназ упершыню пастаўлены 178 пацыентам. Ад СНІДу ў Беларусі памерла 599 чалавек.