У наваспечаных дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай зразумелая эйфарыя. І я падзяліў бы іх радасць, калі б мне далі магчымасць азнаёміцца з усімі бюлетэнямі, якія выбаршчыкі рэальна ўкінулі ў скрынкі для галасавання і са спісамі выбаршчыкаў, у якіх гэтыя выбаршчыкі распісваліся за атрыманыя бюлетэні.

Не ведаю, як у Стаўпецкай акрузе, але ў Менску выбары ў палату №6, як яе называюць жартуны, не адбыліся.

Гэта з акругі, дзе балатавалася Ганна Канапацкая, зрабіў свой рэпартаж карэспандэнт «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч. З «ідэальна сумленнага» выбарчага ўчастка карэспандэнта выгналі, а яўку, як ён піша, накруцілі ўдвая.

Накручвалі яўку — я ўпэўнены — на ўсіх участках выбарчае акругі №97. Выключэннем маглі быць толькі тыя ўчасткі, дзе выбаршчыкамі зарэгістраваны паднявольныя людзі: салдаты, курсанты і нашы маўклівыя ягняты — студэнты. У нейкай меры маглі быць выключэннем і тыя ўчасткі, дзе выбаршчыкамі зарэгістраваны педагогі, медыкі і прадавачкі, якія жывуць і працуюць у навучальна-выхавальных установах, установах аховы здароўя, крамах і прадпрыемствах бытавых паслуг, размешчаных на тэрыторыі такіх участкаў. Гэты кантынгент таксама масава гоняць галасаваць датэрмінова.

Праблема фрэквенцыі (ужывём да слова «яўка» прыняты ў Еўропе лацінскі тэрмін) — не новая і не ўчора з’явілася. Нагадаю, што, напрыклад, дэпутатаў у Вярхоўны Савет Беларусі ХІІІ склікання так і не ўдалося выбраць ва ўсіх акругах. Тады — у 1995-м і 1996-м — яшчэ рэальна лічылі галасы, і выбарчыя камісіі канстатавалі, што фрэквенцыя не дасягала вызначаных законам 50 працэнтаў выбаршчыкаў. Нагадаю, што ў 1994-м сталіца Беларусі не выбрала Лукашэнку прэзідэнтам краіны з тае самае прычыны. Як сказаў тадышні лідар горадзенскіх сацыял-дэмакратаў Міхал Патрэба, выбар паміж Кебічам і Лукашэнкам нагадваў выбар паміж халерай і чумой. І мінчукі дружна ігнаравалі выбары.

Каб пазбегнуць праблемы фрэквенцыі, ва ўладных кабінетах прыдумалі новую тэхналогію падліку галасоў. Назіральнікі і журналісты былі пазбаўлены права рэальна кантраляваць гэты самы падлік. Другой вынаходкай стала 5-дзённае датэрміновае галасаванне, калі ў скрынку можна падкінуць належным чынам запоўненыя бюлетэні. І само сабой, стаў практыкавацца масавы згон паднявольных грамадзян, асабліва грамадзянак, на датэрміновае галасаванне.

(Нагадаю, што словы «згон» і «гвалт» азначалі адну з феадальных павіннасцяў у ВКЛ.) Аднак не на ўсіх выбарчых участках у якасці выбаршчыкаў зарэгістравана належная колькасць паднявольных і паслухмяных грамадзян і грамадзянак. І таму шырока практыкуецца накручванне фрэквенцыі.

Вось і сёлета на 180-м участку менскай 96-й выбарчай акругі я быў адгароджаны ад падлікоўцаў сталом і сузіраў спектакль падліку галасоў з адлегласці 4 метры (мо і з хвосцікам). Ужо каторы раз бачыў адно спіны сябраў участковай камісіі, якія маўкліва складвалі бюлетэні ў стосікі і маўкліва падавалі пісулькі свайму шэфу. Сакратар камісіі рабіла выгляд, што лічыць, а шэф агучваў неймаверныя лічбы.

Першая неймаверная лічба на ўчастку №180 з’явілася 8 верасня. Да гэтага два дні — 6 і 7 верасня — лічбы, якія выводзілі назіральніца ад кампаніі «Права выбару» і ўчастковая камісія, супадалі цюцелька ў цюцельку.

Восьмага чысла назіральніца зарэгістравала 90 выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчастак, а камісія — аж 327. Колькі ні назіраю за выбарамі, з такім, каб за адзін дзень датэрміновага галасавання на ўчастак прыйшлі тры сотні чалавек, сутыкаюся ўпершыню.

9 верасня назіральніца канстатавала, што на ўчастак прыйшлі 62 выбаршчыкі, а камісія — што 61 грамадзянін. Нармальная разбежка.

Усяго за 5 дзён датэрміновага галасавання назіральніца налічыла 241 выбаршчыка, які ўкінуў свой бюлетэнь у скрыню, а ўчастковая камісія занатавала ў сваім пратаколе, што датэрмінова прагаласаваць пажадаў 541 грамадзянін.

Не верыць назіральніцы ў мяне няма падстаў: яна вельмі ўважлівая, пунктуальная і мае досвед назірання.

У нядзелю я сядзеў на ўчастку разам з ёю. І мая каляжанка, і я занатавалі, што на выбарчы ўчастак прыйшлі 339 выбаршчыкаў. Ясна было, што нават нягледзчы на маніпуляцыі 8 і 10 верасня больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў на ўчастак №180 не прыйшлі. Нам цікава было, якую лічбу намалюе камісія за 11 верасня. І яна намалявала такую лічбу: 671 выбаршчык. Так, як і на ўчастку, дзе прысутнічаў Ягор Марціновіч, яўку накруцілі, лічыце, удвая.

Мяне анітрохі не здзівіла, што незалежныя назіральнікі зафіксавалі ўчора рэкордна нізкую фрэквенцыю.

Тое, што яўка на выбарах у палату будзе нізкая, можна было прадбачыць. Народ больш актыўна ідзе на прэзідэнцкія выбары (усё ж галоўны чыноўнік вырашае ў нашай краіне амаль усё, хіба што расклады руху цягнікоў не зацвярджае), менш актыўна — на выбары ў палату, якая нічога сама не вырашае, і вельмі неактыўна — на выбары ў мясцовыя органы ўлады, ад якіх амаль нічога не залежыць. Пры гэтым з году ў год усё больш заўважная тэндэнцыя да зніжэння электаральнай актыўнасці падчас усіх выбарчых кампаній.

Тыя, хто актыўна выступаў за Лукашэнку, або адыходзяць на той свет, або збольшага расчараваліся ў ім, а наступнае пакаленне ставіцца да яго не вельмі станоўча.

Што тычыцца даволі пажылых і маладых людзей студэнцкага веку, то ўчора на тым участку, на якім працаваў я, іх было вельмі мала. І летась назіралася такая ж карціна. Такое ўражанне, што ў Менску вобмаль моладзі. Такая апалітычнасць маладых людзей не можа не трывожыць.

Канстатуючы рост электаральнай пасіўнасці грамадзян, я не мог не здзівіцца з сёлетняга росту электаральнай актыўнасці дзеячаў дэмакратычнай апазіцыі і камуністаў са «Справядлівага свету». У некаторых акругах кандыдатаў ад дэмапазіцыі было аж надта. У менскай акрузе № 96, дзе я быў назіральнікам, кандыдатам балатаваўся старшыня Таварыства беларускай мовы сацыял-дэмакрат Алег Трусаў. На нешта спадзяваўся чалавек. Мусіць, на тое, што рэжыму патрэбныя заходнія грошы і ён памякчэе. Але на што спадзяваўся былы дэпутат палаты і вязень Сяргей Скрабец? На тое, што на шчытах, якія выставілі па ўсёй акрузе, будуць названыя артыкулы, на падставе якіх яго судзілі? А там і «выманьванне крэдыту або субсідыі». Нібыта паплечнік Мікалая Статкевіча, Скрабец раптам стаў лібералам і падаўся ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Дзеля кандыдацтва? А на што разлічвала Партыя БНФ, калі ў той самай акрузе выстаўляла кандыдатам у дэпутаты Мікіту Нагліна? Няўжо на тое, што менчукі дружна прагаласуюць за жыхара г. Беразіно?

Мне ўжо даводзілася пісаць, што

дэмакратычная апазіцыя можа пераламаць сітуацыю да лепшага, калі яна будзе дзейнічаць салідарна. Калі Анатоль Лябедзька разам з камуністам Сяргеем Калякіным дзеля задавальнення сваіх амбіцый не будуць зрываць Кангрэс дэмакратычных сіл, калі Мікалай Статкевіч будзе паважаць і выконваць пастановы, прынятыя ўсімі дэмакратычнымі арганізацыямі, калі Зянон Пазняк і яго адэпты перастануць прэтэндаваць на сваю выключнасць і непамыльнасць у дэмакратычным руху…

Дэмакратычнай апазіцыі трэба засвоіць адну ісціну: цяперашняя ўлада ёй непатрэбная, а яна, дэмапазіцыя, наадварот, патрэбная цяперашняй уладзе. Патрэбная для таго, каб казаць Усходу: паглядзіце, якія ў нас радыкалы і нацыяналісты, мо нават круцейшыя за ўкраінскіх; не дай бог, калі яны прыйдуць да ўлады. Без дэмапазіцыі рэжым не можа абысціся і ў кантактах з Захадам. Калі б рэжыму, які лавіруе паміж Усходам і Захадам, не патрэбнаю была дэмапазіцыя, ён знішчыў бы яе дарэшты. Але ж рэжыму патрэбныя тэхніка і тэхналогіі, патрэбныя грошы, і таму ён мусіць трываць дэмапазіцыю, нават ствараць бачнасць лібералізацыі.

Здавалася б, чаму дэмакратычным палітычным арганізацыям не выкарыстаць такое сваё становішча і не паставіць рэжыму ўмовы? Скажу адкрыта:

поўным ідыятызмам было тое, што дэмакратычныя арганізацыі і камуністы-калякінцы пайшлі сёлета на выбары, не паставіўшы ўмовамі свайго ўдзелу ліквідацыю інстытута датэрміновага галасавання і адкрыты для рэальнага назірання падлік галасоў.

Разумею: некаторыя дзеячы апазіцыі разглядаюць выбарчыя кампаніі як магчымасць прапіярыцца і нешта зарабіць. Няўжо дэмсілы не могуць гэтых людзей утаймаваць? Разумею: правадыроў дэмапазіцыі да ўдзелу ў выбарах непасрэдна ці апасродкавана штурхалі і штурхаюць заходнія дабрадзеі. Гэта людзі таго кшталту, якіх Ленін назваў карыснымі ідыётамі. У Беларусі яны, асабліва незабыўныя Вік і Вінкельман, сваімі дзеяннямі ўмацоўвалі рэжым, а цяпер іхнія паслядоўнікі выказваюць надзею на тое, што ўладная групоўка дэмакратызуецца.

Не думаю, што БСДП, АГП, ПБНФ ды іншыя структуры, вылучаючы сёлета сваіх кандыдатаў, былі ўпэўненыя, што ўлада перастане прызначаць дэпутатаў і і сапраўды правядзе выбары. Тады на што рабіліся разлік і стаўка? Паўдзельнічаць у чарговай кампаніі дзеля піяру, правесці чарговы сеанс гульні з адным і тым самым правілам: улада робіць выгляд, што праводзіць, а мы робім выгляд, што змагаемся за ўладу? Так атрымліваецца. 

Толькі не трэба мне казаць пра тое, што выбарчая кампанія выкарыстоўвалася для працы з насельніцтвам. Асноўная маса насельніцтва сядзіць каля тэлевізара. Яшчэ ў 1999-м я пісаў, што Лукашэнка ніколі не будзе праводзіць выбары паводле тых правілаў, паводле якіх быў выбраны сам. А каб народ не бачыў альтэрнатывы яму і яго палітыцы, ён манапалюе сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу электронныя. Ставячы ўмовай свайго ўдзелу ў выбарах адмову ўлады ад інстытута датэрміновага галасавання і рэалізацыю ўладай права на празрысты падлік галасоў, дэмакратычная апазіцыя ці не ў першую чаргу павінна дамагацца права на паўнавартасную прысутнасць у электронных СМІ, а не задавальняцца тымі крошкамі, якія падаюць з уладнага стала падчас выбарчых кампаній.

Зрэшты, сёлета, як і летась, я разумею, што мае заклікі — голас таго, хто лямантуе ў пустыні. Патрэбна нешта экстраардынарнае, каб гэтая гульня (яны робяць выгляд, і мы робім выгляд) нарэшце спынілася і пачалася рэальная барацьба дэмпазіцыі за ўладу, якая прывядзе да рэальных выбараў.

12 верасня 2016 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?