У Варшаве з аўкцыёну была прададзена рэдкая гравюра Матыяса Цюндта, дзякуючы якой мы сёньня ведаем, як выглядала Горадня ў 1568 годзе. На выяве падрабязна адлюстраваныя ўсе тагачасныя храмы, ратуша, замкі, ды іншыя пабудовы. Гравюра засталася ў Польшчы. Гарадзенскія ўлады таксама зрабілі спробу прыдбаць гравюру.

Паведамленьне пра выстаўленую на продаж гравюру Цюндта хутка распаўсюдзілася сярод гарадзенскіх гісторыкаў, бо яны разумеюць яе каштоўнасьць. Яны былі ня менш зьдзіўленыя тым, што гарадзкія ўлады зрабілі крокі, каб набыць яе. На варшаўскі аўкцыён езьдзіў дырэктар гісторыка-архэалягічнага музэю Юры Кітурка: «Па дамоўленасьці з уладамі я езьдзіў як прадстаўнік Гарадзенскага гарвыканкаму».

Гравюра з выявай сярэдневечнай Горадні была прададзена за 95 000 злотых (44 тыс. даляраў). А якія былі шанцы набыць яе?

«Я да шасьцідзесяці тысяч меў права дайсьці, — кажа Ю. Кітурка. — На свае страх і рызыку думаў нават да сямідзесяці пяці… Але выйшла ажно дзевяноста пяць тысяч. Што ж, як ня маеш паўнамоцтваў… З нашага боку гэта была ў пэўным сэнсе авантура. Да гэтага трэба рыхтавацца, а мы даведаліся за тры дні. І гэта толькі паступова высьпявала рашэньне ехаць, мы спачатку хацелі права каму-небудзь перадаць, потым я вырашыў зьезьдзіць. Вопыт, канечне, цікавы атрымаўся. І можна сказаць, што калі б былі грошы, то можна было б купляць вельмі рэдкія і цікавыя рэчы».

Затое беларускі калекцыянер, які пажадаў застацца невядомым, купіў у часе аўкцыёну сьціплы партрэт апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Каталёг аўкцыёну ў фармаце ПДФ даступны тутака.


Vera designatio urbis in Littavia Grodnae. 1568. Выстаўленая на аўкцыён антыкварыяту ў Варшаве.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?