Упершыню за многія гады Пентагон апублікаваў дадзеныя пра колькасць службоўцаў з лішкам масы цела — іх аказалася каля 7,8%, піша militarytimes.com

Такім чынам, прыкладна кожны 13-ы амерыканскі вайсковец мае індэкс масы цела больш за 25 пры норме ад 18,5 да 24,99.

Індэкс масы цела вылічваецца па формуле I=m: (h x h), дзе m - маса цела, а h — рост чалавека.

У 2001 годзе колькасць такіх вайскоўцаў была ўсяго 1,6%, сведчыць статыстыка Пентагона.

wikimedia.org

wikimedia.org

Пакуль невядома, з чым звязаны такі рост атлусцення за 15 год - зменай пакаленняў і ростам папулярнасці камп'ютарных гульняў і сацыяльных сетак, зменай дыеты ці псіхалагічнымі і арганізацыйнымі наступствамі доўгіх і крывавых кампаній ў Іраку і Афганістане.

Статыстыка пры гэтым сведчыць, што сярод мужчын у мундзірах доля асоб з лішкам вагі заўважна меней — 7,4% у параўнанні з 10,3% у жанчын. Адначасова значна большы ўзровень атлусцення ў ваенна-медыцынскага, напрыклад, персаналу, у параўнанні з баявымі падраздзяленнямі — 9,8 супраць 6,7. Часцей таксама маюць лішак вагі чорныя ў параўнанні з белымі і лацінаамерыканцамі — 10 супраць 7,2 і 7,8.

Вядома, пры гэтым доля атлусцелых вайскоўцаў непараўнальная з аналагічным паказчыкам у цывільным насельніцтве ЗША — 70% (у Беларусі — 25%).

Адначасова эксперты адзначаюць, што з аднаго боку індэкс масы цела — даволі грубы паказчык фізічнай формы чалавека - высокія людзі без мышцаў у ім могуць выглядаць здаровымі і моцнымі, а невысокія без вялікай долі тлушчу, але з вялікімі біцэпсамі — наадварот.

Джон Троксел, які займае ўнікальны пост каманднага сяржанта — старшага дарадцы старшыні Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША, з'яўляецца на вышэйшым узроўні прадстаўніком усіх сяржантаў і шарагоўцаў у амерыканскіх Узброеных сілах.

Па ягоных словах, фармальныя паказчыкі атлусцення цяпер не ўплываюць на баяздольнасць арміі, аднак тэндэнцыю трэба адсочваць. У яго ёсць уласнае меркаванне пра адну з прычын праблемы:

«У 90-я мы шмат бегалі… Але пасля 11 верасня [2001 года] мы пачалі актыўна ваяваць у Іраку і Афганістане, і тэмп трэніровак упаў, мы больш проста хадзілі з цяжкімі грузамі на плячах па складанай мясцовасці, нарошчвалі новыя мускулы. Таму мы цяпер хутчэй выглядаем не бегунамі, а гэтымі простакутнымі гульцамі ў [амерыканскі] футбол».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?