Сусветнае антыдопінгавае агенцтва WADA заявіла, што расійская групоўка, якая займаецца кібершпіянажам, незаконна атрымала доступ у сістэму антыдопінгавага адміністравання і менеджменту (ADAMS).

Паводле заявы арганізацыі, хакерская групоўка Fancy Bear атрымала доступ да інфармацыі аб атлетах, уключаючы канфідэнцыйныя медыцынскія дадзеныя.

Гаворка ідзе ў тым ліку аб «выключэннях для тэрапеўтычнага выкарыстання», якія адносяцца да Алімпіяды ў Рыа, то бок забароненых прэпаратах, якія некаторым спартсменам дазволена прымаць пры адпаведных медыцынскіх паказаннях.

Хакеры выклалі гэтыя дадзеныя і паабяцалі апублікаваць яшчэ больш матэрыялаў.

«WADA асуджае кібератакі, закліканыя нанесці шкоду WADA і глабальнай антыдопінгавай сістэме», — заявіў генеральны дырэктар Сусветнага антыдопінгавага агенцтва Аліўе Ніглі.

«WADA было праінфармаванае супрацоўнікамі праваахоўных органаў, што гэтыя напады былі здзейсненыя з Расіі. Гэтыя злачынныя дзеянні ставяць пад пагрозу намаганні міжнароднай супольнасці па барацьбе з допінгам, каб аднавіць давер да Расіі пасля незалежнага дакладу Макларэна», — дадаў ён.

Антыдопінгавае агенцтва мяркуе, што доступ быў атрыманы з дапамогай фішынг-нападаў на акаўнты электроннай пошты, з дапамогай якіх хакеры даведаліся паролі для ўваходу ў сістэму ADAMS.

Пры гэтым у арганізацыі лічаць, што гаворка ідзе толькі аб інфармацыі з падзелу, што датычыцца Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра.

Паводле дадзеных расійскіх СМІ, хакеры выклалі асабістыя медыцынскія дадзеныя амерыканскіх тэнісістак Серэны і Вінус Уільямс, а таксама гімнасткі Сімоны Байлз.

Прыватныя агенцтвы бяспекі, якія расследавалі ўзлом сетак Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі, у ліпені назвалі Fancy Bear адной з дзвюх хакерскіх груп, адказных за гэта несанкцыянаванае пранікненне, і звязалі яе з Галоўным разведвальным упраўленнем (ГРУ) Генштаба РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?