Канцэрт паэта, барда й гітарыста Алеся Камоцкага адбыўся ў малой залі КЗ «Менск» 10 чэрвеня.

Алесь Камоцкі прэзэнтаваў альбом «Песьні з бацькоўскай кружэлкі» — перапеўкі гітоў савецкага часу ва ўласным перакладзе на беларускую мову.

Музыка прыняў віншаваньні гасьцёў зь юбілеем, 9 чэрвеня яму споўнілася 50 гадоў.

На канцэрт прыйшлі Рыгор Барадулін, Кася Камоцкая, Ірына Быкава.

Алесь Камоцкі выступаў у суправаджэньні інструмэнтальнага гурта. На выступ сабралася поўная заля — у дзень канцэрту, у продажы заставаліся толькі самыя дарагія квіткі.

У першым аддзяленьні музыкі выканалі песьні з новага альбому, на якім — «Груган» («Чёрный ворон»), «У трысьнягу» («Шумел камыш»), «Сонца» («Утомлённое солнце») — кампазыцыі, папулярныя за савецкім часам. Пасярод выступу, бард запрасіў на танец маладую скрыпачку гурта.

Песьня «Зорка босая…» на словы Рыгора Барадуліна прагучала ў другім аддзяленьні. Калі бард паведаміў, што Рыгор Барадулін прысутнічае ў залі, публіка стоячы прывітала паэта працяглай авацыяй.

Алесь Камоцкі выканаў уласныя песьні «з альбому 2009 году» і з колішняга альбому «Дах». Пра паходжаньне назвы «Дах» аўтар распавёў слухачам: маўляў, альбом — першы ў суправаджэньні музычнага гурта — запісваўся да халеры часу.

Акрамя таго, юбіляр паказаў публіцы некалькі падарункаў, атрыманых падчас антракту — крывы паляўнічы нож і дзіцячы шарж.

Напрыканцы другога аддзяленьня, музыкі гурта Андрэй Лабчэўскі (клявішы) й Віталь Ямуцееў (саксафон) вызначыліся шыкоўнымі сола‑імправізацыямі.

Алесь Камоцкі завяршыў канцэрт песьняй, якую напісаў некалі на свой жа Дзень нараджэньня:

    І памылак былых атрута
    Зь цягам часу губляе смак —
    Што калісьці было пакутай —
    Таго проста ўжо няма.

Антон Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0