Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Пітэрам Долманам будзе працаваць у Беларусі з 19 верасня па 1 кастрычніка, паведамілі ў мінскім прадстаўніцтве фонду.»Мэты місіі будуць афіцыйна прадстаўленыя яе кіраўніком Пітэрам Долманам у пачатку наступнага тыдня», — адзначылі ў прадстаўніцтве.

Папярэдняя місія МВФ працавала ў краіне з 21 па 30 чэрвеня. Яе мэтай была ацэнка бягучай эканамічнай палітыкі па артыкуле IV статута фонду.

Па выніках місіі Долман паведаміў журналістам, што фонд пазітыўна ацэньвае рэформы ў беларускай эканоміцы, але лічыць неабходным іх паглыбіць і паскорыць. Акрамя таго, МВФ разлічвае на публікацыю вынікаў незалежнай дыягностыкі беларускіх банкаў і рэкамендуе правесці ў краіне шырокую дыягностыку сектара дзяржпрадпрыемстваў.

«Мы падзяляем мэту ўрада па стопрацэнтнай кампенсацыі затрат на паслугі ЖКГ насельніцтвам да 2018 года», — заявіў таксама Долман. Кіраўнік місіі абвясціў прагноз МВФ пра перспектывы беларускай эканомікі: «Мы чакаем, што рэцэсія ў Беларусі ў 2016—2017 гадах будзе захоўвацца». Згодна з ацэнкай фонду, ВУП краіны ў 2016 годзе знізіцца на 3%, у 2017-м — на 0,5%.

У сваю чаргу старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур 4 ліпеня заявіў, што бачанне структурных аспектаў павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі «ў цэлым супадае з пазіцыяй Міжнароднага валютнага фонду, выяўленай у часе апошняй (чэрвеньскай) місіі».

Беларускія ўлады разлічваюць на новую праграму супрацоўніцтва з фондам, запытваючы ў МВФ крэдыт на 3 млрд даляраў пад 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Пра гэта, у прыватнасці, заяўляў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 1 снежня 2015 года на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Кабякоў тады адзначыў, што краіне «неабходна прыцягнуць як мага на больш камфортных умовах па тэрмінах і кошце рэсурсы МВФ». Лукашэнка ў адказ заявіў, што гэта «добры крэдыт, з добрым аб'ёмам рэсурсаў і добрым працэнтам». «Ніхто нам, у тым ліку і расіяне, пад такія працэнты крэдытаў не дае. Нам гэта выгадна», — сказаў ён.

У 2009—2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у рамках праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на агульную суму 3,46 млрд даляараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?