16.09.2016 / 13:03

Мілінкевіч: Можа, дэмакратыя наступіць раней, чым нам будзе патрэбны новы адзіны кандыдат 19

Фота Сяргея Гудзіліна

Ужо больш за год лідар Аляксандр Мілінкевіч выконваў хутчэй прадстаўнічую функцыю, чым сапраўды кіраваў Рухам «За свабоду». І вось лагічнае завяршэнне: за права ўзначаліць гэтую грамадскую арганізацыі змагаюцца два намеснікі Мілінкевіча —Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец. Каб абмеркаваць як будучыню самога палітыка, так і сённяшнюю палітычную сітуацыю ў краіне, мы і сустракаемся з Аляксандрам Мілінкевічам.

Калі б на маёй акрузе быў дэмакратычны кандыдат — пайшоў бы і прагаласаваў за яго

Еўрарадыё: Ваша стаўленне да сёлетніх парламенцкіх выбараў?

Аляксандр Мілінкевіч: Як і ва ўсіх прыстойных людзей: у нас рэальных выбараў няма, не было і цяпер не адбыліся. Выбары сфальсіфікаваныя, і я такімі іх буду лічыць, пакуль мы, дэмакратычная супольнасць, не будзем разам з уладамі лічыць галасы.

Еўрарадыё: Галасаваць хадзілі?

Аляксандр Мілінкевіч: Не, бо быў у Мінску, а прапісаны ў вёсцы Беркшты Шчучынскага раёна. І не пайшоў бы, бо там выбару не было — былі толькі праўладныя кандыдаты.

Еўрарадыё: А калі б на акрузе быў дэмакратычны кандыдат?

Аляксандр Мілінкевіч: Пайшоў бы і прагаласаваў за яго.

Калі не пакажам, то дэпрэсія яшчэ большая. Другое: уявім сабе, што ўся апазіцыя не пайшла на выбары — што тады? Улада раскрывае ўсе карты: ніякіх фальсіфікацый, сядзяць назіральнікі і кажуць: «Супервыбары — у Еўропе такіх няма!» За мяжой ніхто не будзе разбірацца, чаму не мы пайшлі на выбары. Назіральнікі прыйдуць, паглядзяць: «Мы прыйшлі, і там усё выдатна».

Прызначылі ці прапусцілі дэмакратаў у парламент — не трэба гэтых людзей папракаць і казаць, каб яны занялі палітычную пазіцыю

Еўрарадыё: Усе спрачаюцца, як называць тое, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл трапілі ў парламент: прызначылі, прыпусцілі, перамаглі…

Аляксандр Мілінкевіч: Калі адзін кандыдат будзе казаць пра інвестыцыі і рэформы для малога і сярэдняга бізнесу, а другі — спрыяць мяккай беларусізацыі, гэта і будзе вынік. Трэба дапамагаць гэтым людзям. Не стаяць збоку і даваць каментары, паказваючы, што «ў мяне на руках белыя пальчаткі».

Еўрарадыё: Іх прысутнасць у Авальнай зале здольная змяніць парламент?

Аляксандр Мілінкевіч: Зменіць, калі зоймуць такую маральную пазіцыю і будуць адстойваць тое, што для ўсіх нас важна. Альтэрнатыва павінная прысутнічаць і ва ўладзе, якая б тая ўлада ні была. Яны павінныя мець законапраекты, скіраваныя на тое, каб паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека, эканомікай, мовай і культурай.

Еўрарадыё: І калі б мандат атрымаў нехта з кандыдатаў ад Руху, вы б раілі ад яго не адмаўляцца, нягледзячы на тое, што вынікі лічыце сфальсіфікаванымі?

Аляксандр Мілінкевіч: Нашы людзі: Меляшкевіч, Губарэвіч, Лагвінец — таксама маглі прайсці. Але для гэтага трэба, каб улада была гатовая супрацоўнічаць з апазіцыяй не толькі ў рэформах эканамічных і беларусізацыі, але, напрыклад, каб хацела інтэгравацца ў Еўропу. Тады б і нашы людзі былі патрэбныя, і яны б таксама маглі ў парламент трапіць. Меляшкевіч мог бы трапіць, калі б улада сур’ёзна хацела займацца чарнобыльскімі праблемамі і супрацоўнічаць з Захадам — ён быў бы вельмі карысны. Але гэтага ўлада не хоча рабіць, і яна іх «не запрасіла».

Трэба, каб усе беларусы кансалідаваліся вакол нацыянальнай ідэі, вакол ідэі незалежнасці. Улада гэта разумее, для таго Анісім і ў парламенце

Еўрарадыё: Пачакайце: улада села і вырашыла, што будзе займацца пытаннямі «мяккай беларусізацыі» і «праблемамі малога і сярэдняга бізнесу», і пад гэта падабрала сабе кандыдатаў з апазіцыі, якія гэтыя тэмы ў Авальнай зале будуць узнімаць. А выбрала б улада сабе іншыя прыярытэты, то і апазіцыянераў у свой парламент іншых бы падабрала, так?

Аляксандр Мілінкевіч: Так. 

Калі народ не разумее, што ён беларускі, калі не ведае сваёй гісторыі і не адчувае сваёй місіі, адказнасці перад мінулымі і будучымі пакаленнямі — такі народ скажа: «У Расіі большыя заробкі, то прыходзь, Расія, сюды!» Трэба дух народа выхаваць, і для гэтага беларусізацыя патрэбная.

Еўрарадыё: Думаеце, кірунак на беларусізацыю — усур’ёз і надоўга ва ўлады?

Аляксандр Мілінкевіч: Чую, кажуць: «Як пачалася так і скончыцца». Але я думаю, што гэта вынік лепшага разумення сітуацыі, геапалітыкі, пагрозаў, што існуюць для Беларусі. Без самасвядомасці і ведання сваіх гісторыі і культуры чалавек слабы. Раней такі чалавек быў патрэбны ўладзе, але выявілася, што калі ёсць маскоўская пагроза, такі чалавек не зусім адпавядае сённяшняму дню. Трэба, каб усе беларусы кансалідаваліся вакол нацыянальнай ідэі, вакол ідэі незалежнасці. Улада гэта разумее, як і тое, што лепш гэта рабіць разам з грамадзянскай супольнасцю. Адсюль Анісім мае такую выключную ролю, і я спадзяюся, што яна з ёй справіцца.

Амаладжэнне мусіць быць — і ва ўладзе, і ў апазіцыі

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі пакінуць пасаду лідара Руху «За свабоду»?

Аляксандр Мілінкевіч: Павінная быць ратацыя. Асабліва калі мы кажам пра дэмакратыю. Павінныя прыходзіць новыя стратэгіі, новыя погляды і ідэі. І амаладжэнне мусіць быць — і ва ўладзе, і ў апазіцыі. Змена пакаленняў — натуральны працэс, і ён звычайна спрыяе дынамічнаму развіццю. Так склалася, што я раз на 5-7 гадоў мяняў карэнным чынам тое, чым займаюся. І кожны раз для мяне гэта было пэўнае амаладжэнне: новы погляд і новае развіццё. Я ўжо паўтара года займаюся праектам «Вольны беларускі ўніверсітэт». Гэта таксама палітыка, толькі адукацыйная.

Еўрарадыё: За месца лідара змагаюцца два вашыя намеснікі — Лагвінец і Губарэвіч. Вы на чыім баку?

Аляксандр Мілінкевіч: Было б некарэктна адказваць на гэта пытанне. Я з вялікай павагай стаўлюся да абодвух. Вырашаць будзе Рада. Я хачу, каб гэта было дэмакратычнае рашэнне, а не перадача ўлады ў спадчыну.

Еўрарадыё: Прыйшлі вы галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах, а там два прозвішчы: Губарэвіч і Лагвінец — за каго паставіце птушку?

Аляксандр Мілінкевіч: За абодвух пастаўлю!

Еўрарадыё: Сапсавалі бюлетэнь!

Аляксандр Мілінкевіч: Ну, будзе сапсаваны! Не, не вымушайце мяне гаварыць гэта, не буду.

Еўрарадыё: Вы што, не здолелі падрыхтаваць сабе пераемніка?

Аляксандр Мілінкевіч: Ажно два ёсць пераемнікі, як бачыце. А можа, яшчэ падчас сходаў хто з рэгіёнаў з'явіцца. Добра, што ёсць кадры, бо ёсць арганізацыі, дзе і кадраў няма наўзамен!

Магчыма, што дэмакратыя і перабудова наступяць раней, чым будзе патрэбны новы адзіны кандыдат

Еўрарадыё: Ці патрэбны апазіцыі адзіны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах і ці будзе ён на выбарах-2020?

Аляксандр Мілінкевіч: З аднаго боку, гэта важна. І прыклады з гісторыі паказваюць: тады лягчэй мабілізаваць людзей. Цяпер у нас ёсць сілы на адну сур’ёзную кампанію ўсім разам. Адзіны кандыдат неабходны, пакуль ёсць аўтарытарны рэжым. Але цяпер у нас па самым галоўным геапалітычным пытанні: куды ісці Беларусі — на ваенны і эканамічны саюз са стратай незалежнасці з Расіяй ці вяртацца ў еўрапейскую сям’ю — ёсць разыходжанні ў апазіцыі. Аб’яднацца цяжка па ідэалагічных прычынах.

Еўрарадыё: Можа, прызначэннем у парламент Анісім і Канапацкай улады вызначылі для апазіцыі тых, з каго ім трэба выбіраць адзінага?

Аляксандр Мілінкевіч: Не думаю, што гэта было тэмай размоваў, якія яны праводзілі, калі рыхтавалі такі сцэнар. Я лічу, што сцэнар з пункту гледжання ўлады — паспяховы. Нібы дэмакратызацыя, але цалкам пад кантролем.

Сітуацыя ў эканоміцы такая, што я прадбачу: перамены павінныя быць. Каб толькі тыя перамены былі на карысць Беларусі. Каб мы ў гэтых пераменах не страцілі краіну.

Еўрарадыё: Часам беларускую апазіцыю называюць «кішэннай»…

Аляксандр Мілінкевіч: Я так не лічу. І ніколі яе так не называў, хоць і казаў пра яе «маргінальная». Але гэта не зусім яе віна. Умовы, у якіх мы існуем, паказваюць: добра, што ўвогуле ёсць апазіцыя.

Еўрарадыё: Факт, што прадстаўнікі апазіцыі ў парламенце прымусяць апазіцыю змяняцца?

Аляксандр Мілінкевіч: Думаю, што ў дэмакратычных колах яшчэ не да канца ўсвядомілі, што мы перайшлі на новы этап развіцця ў дэмакратычнай дзейнасці. Гэта будзе зусім іншая сітуацыя. Яны атрымалі трыбуну, магчымасць выступаць у тым ліку і ў дзяржаўных медыя.

Еўрарадыё: Ваш сыход з пасады можа стаць сігналам для іншых кіраўнікоў партый, каб дарогу маладым вызвалілі?

Аляксандр Мілінкевіч: Я б хацеў, каб гэта стала прыкладам для Аляксандра Лукашэнкі. Сапраўды, пэўныя рэчы ён зрабіў нармальныя, пэўныя — непрымальныя абсалютна. І збудаваная ім сістэма ўлады не мае перспектываў. Яму я прапанаваў бы сысці раней, чым ён будзе змушаны. Што да калег па дэмакратычных арганізацыях, жадаю толькі, каб там былі дэмакратычныя выбары. 

9
Satan / Адказаць
16.09.2016 / 13:18
Можа дажа Рыгорыч прыдзе к Милинкевичу и спросиць: - карэфан, хочаш быць прэзидентам? А той и адкажа: - да, Саня! очань хачу! дай я цябе пацалую!
6
Жвір / Адказаць
16.09.2016 / 13:31
Nikoli b nie padumaú, sto slovy Milinkievica vyklicuc u mianie zalasc da jaho i spacuvañnie,.. zamiest zvyklaha smiecha ! Peúna úzo toj samy vypadak, kali smiajacca nielha, i navat hresna...
8
Inhvar / Адказаць
16.09.2016 / 13:33
Як назваў Зянон Мiлiнкевiча: палiтык абласнога маштабу..
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру