16.09.2016 / 17:51

Беларускія школьнікі зноў апынуліся на зборах неанацыстаў у Падмаскоўі, хаця адказных за першы вываз пакаралі 59

У маі «Наша Ніва» паведамляла пра адпраўкі беларускіх дзяцей з Віцебскай вобласці на трэніроўкі да расійскіх неанацыстаў, які маюць досвед вайны на Данбасе. 

Тады Міністэрства ўнутраных спраў распачало праверку агучаных фактаў, адрэагаваў абвяржэннем Сінод Беларускага Экзархату РПЦ. 

Але што ж у выніку сталася з тымі клубамі? 

Пра гэта можна даведацца, напрыклад, пачытаўшы справаздачу баевікоў з праведзеных у Падмаскоўі збораў (9—11 верасня). 

Кампанія, у якой зноў апынуліся беларускія школьнікі.

Вось што піша ідэолаг мілітарысцкіх летнікаў, праваслаўны манархіст і аўтар кнігі «Акультныя карані Кастрычніцкай рэвалюцыі» Валерый Шамбараў:

«Царю Небесный, Утешителю, Душе истины, Иже везде сый, и вся исполняяй, Сокровище благих и жизни Подателю, прииди и вселися в ны», — спяваюць хлопчыкі і дзяўчаты. Хто ведае малітву, падхоплівае, хто не — проста хрысціцца. Так пачаліся вайскова-патрыятычныя зборы ў гонар Дзмітрыя Данскога. У шэрагах сотні хлопцаў з розных рэгіёнаў Расіі, Данецкай, Луганскай рэспублік, Беларуссіі [так у аўтара — «НН»].

У кагосьці з прыездам былі грашовыя цяжкасці, у кагосьці нават палітычныя. Напрыклад, на мінулыя зборы прыязджала каманда з братэрскай Беларуссіі. Праявіла сябе выдатна, дзеці з'язджалі натхнёныя. Але вярнуліся дадому, і на іх накінуліся моцным шквалам лібералы, бандэраўцы, нацыяналісты і падобная «грамадскасць». А яна апошнім часам карыстаецца негалоснай, але цалкам адчувальнай падтрымкай беларускіх уладаў. Да цкавання падключыліся школы, мясцовыя царкоўныя структуры і іншыя органы. Дзяцей і іхніх кіраўнікоў літаральна задзяўблі.

У выніку клуб, які быў у нас, быў зацкаваны, задушаны і зачынены. І ўсё ж такі, нягледзячы на гэта, на чарговыя зборы прыехала іншая беларуская дэлегацыя. Але толькі і яна і мы ўжо былі навучаныя сумным досведам. Каманда афіцыйна не рэгістравалася, пра сябе не заяўляла, а дзяцей далучылі да іншых клубаў — яны цудоўна знайшлі супольную мову», — піша Шамбараў. 

Што клубы разгромленыя, «Нашай Ніве» таксама пацвердзіла маці аднаго з хлопцаў, якога мінулы раз вазілі на трэніроўкі пад Маскву. 

«Так, канечне, пытанні былі. Шмат хто задаваў, вы разумееце. Да нас прыходзілі. Зверху таксама ціснулі, высвятлялі, хто і што. І я, і сын расказалі, што ведалі. Але ніхто дзіця не цкаваў. Мы туды больш не хадзілі. Ды і клуб пасля гэтай гісторыі ўжо не існуе», — сказала жанчына. 

Але з тэксту расійскіх арганізатараў збораў вынікае, што беларусы там усё ж былі. 

Кажучы пра палепшаную канспірацыю, баявікі не хітруюць — ідэнтыфікаваць беларусаў там насамрэч цяжка, бо іх няма на фотасправаздачы. 

Але ўсё ж мы знайшлі адну зачэпку на відэа, апублікаваным са збораў. 

На 24-секундзе роліка у аб'ектыў камеры трапляе чалавек, якога можна назваць дакладна — Аляксандр Георгіевіч Шаўчэнка.

Гэтая асоба ўжо згадвалася намі ў папярэдніх расследаваннях як датычная да вывазу дзяцей на зборы неанацыстаў. Побач з ім на фота 8 чалавек — дзяцей. Стаяць яны акурат так, як і ўсе астатнія — кіраўнік леваруч ад выхаванцаў. 

Ці можа быць так, што на ягоныя плечы лёг увесь цяжар «патрыятычнага» выхавання беларускіх школьнікаў, калі пары Гаўрыліных абсеклі кантакты з беларускай моладдзю? 

Вось, дарэчы, іх супольнае фота — Шаўчэнка разам з Гаўрылінымі і выхаванцамі «ваенна-патрыятычных» клубаў пры Віцебскай епархіі. 

Тут вакол яго беларускія дзеці. Дык можа і там таксама? 

На гэтых зборах атмасфера наўрад ці адрознівалася ад папярэдніх: імперскія і сепаратысцкія сцягі, трэнеры-неанацысты і баявікі «ДНР» (Дыверсійная група «Русіч» і «ЕНОТ КОРП»), а таксама ўручэнне крыжоў «героям Данбаса». 

Раман Целянкевіч — адзін з арганізатараў збораў, удзельнік баёў на Данбасе і ардэнаносец «Наваросіі». 

З пісталета ўдзельніка вучэнняў вылятае гільза. Без балістычнай экспертызы цяжка сказаць, ці баявымі ён страляе. Але што не «ваздушка» — дык дакладна.

Элементы трэніровак можна глянуць на відэа. Арганізатары — баявікі «ЕНОТ КОРП» — проста так і кажуць, што рыхтуюць салдат. 

Мы таксама пацікавіліся ў аддзеле ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама, ці адсочваюць яны сітуацыю з паездкамі беларускіх дзяцей у няясныя расійскія структуры і як на гэта рэагуюць. 

Нам адказаў намеснік кіраўніка аддзела Пятро Гнуцэнка. 

«Па гэтай тэматыцы былі выступы і ў рэгіянальных СМІ, калі вы не бачылі. Тое, што адбылося тады… за гэта некаторыя нашыя кіраўнікі ўжо дастаткова былі пакараныя.

Гэта не адназначна, тут работа дагэтуль вядзецца і будзе весціся. Па тэлефоне тут шмат не скажаш, такая тэма. Мы вывучым крыніцу новай інфармацыі і ў абавязковым парадку вернемся да пытання. Бо калі некаторыя таварышы недаразумеюць гэты момант, то мы іхняе разуменне падправім. Таму што ўсё павінна быць нармальна, у прававым полі. Выхоўваць трэба на добрым прыкладзе, каб не было ніякіх экстрэмальных праяў, пра якія гаворка ідзе», — сказаў нам чыноўнік.

Нагадаем таксама, што з рэзкім асуджэннем вывазу беларускіх дзяцей на трэніроўкі да баевікоў Данбаса выказаліся найбуйнейшыя дзяржаўныя СМІ — тэлеканал АНТ і газета Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссія».

Чытайце таксама:

«Воіны Хрыста»: як асобныя святары і афіцэры на Гродзеншчыне рыхтуюць салдатаў «рускага свету»

Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расію ў трэніровачныя лагеры пад кіраўніцтвам неанацыстаў

Арцём Гарбацэвіч

13
Грамадзянскі корпус / Адказаць
16.09.2016 / 17:59
Уважліва глядзіма фота/відэа матэрыялы, пільнуем знаёмыя твары. Раздушым фашысцкую гадзіну! P.S. Не забывайма рабіць свой унёсак у стварэнне беларускіх спартова-патрыятычных клубаў.
12
Inhvar / Адказаць
16.09.2016 / 18:09
Салдаты крывавага Рускага Миру
7
NavuchencaBK / Адказаць
16.09.2016 / 18:11
Незразумела, як пакараныя? Пальцам памахалі, а-яй-яй казалі? Каб прыцягнулі да чагосьці, засунулі ў чулан з крымінальнікамі, тады б маглі справаздачвацца, маўляў, пакаралі. А гэта - хлусьня з пяском ў вочы.
Паказаць усе каментары/ 59 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру