16.09.2016 / 13:58

Крыніца: Суда над Юрыем Чыжом не будзе, усе фігуранты справы на волі 11

Вызваленага з СІЗА КДБ бізнесмена Юрыя Чыжа ў хуткім часе вызваляць ад крымінальнай адказнасці і суда над ім, па ўсёй бачнасці, не будзе, паведаміла БелаПАН кампетэнтная крыніца на ўмовах ананімнасці.

Вядомы беларускі бізнесмен, асноўны ўладальнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж быў вызвалены 14 верасня. 16 верасня Камітэт дзяржаўнай бяспекі паведаміў, што Чыж прызнаў сваю віну і кампенсаваў шкоду.

«Калі падазраваны прызнаў віну і кампенсаваў шкоду, то адпадае неабходнасць яго далейшага ўтрымання пад вартай», — заявіў БелаПАН начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын. Ён таксама адзначыў, што ўсе рашэнні па гэтай крымінальнай справе прымаліся ў строгай адпаведнасці з артыкулам 88-1 Крымінальнага кодэкса (вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотным пакрыццём прычыненай шкоды).

Як патлумачыла БелаПАН кампетэнтная крыніца, калі чалавек вызваляецца ў парадку патрабаванняў артыкула 881 КК РБ, гэта кажа пра тое, што ён сапраўды кампенсаваў шкоду, і справа ў суд ўжо не накіроўваецца.

«Паводле ўказа прэзідэнта ён вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, і ў суд ён сапраўды не ідзе», — сказаў суразмоўца.

У той жа час, дадаў ён, казаць з упэўненасцю аб тым, што Юрыя Чыжа не будуць судзіць, можна толькі па завяршэнні вызначаных заканадаўствам працэсуальных дзеянняў.

«Пра гэта можна казаць толькі тады, калі камісія па памілаванні вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці. Затым будзе выдадзены адпаведны ўказ. На падставе гэтага ўказа пракуратурай будзе вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу. Ён [Юрый Чыж] рухаецца ў гэтым кірунку», - сказала крыніца.

Паводле яе інфармацыі, усе фігуранты справы Чыжа знаходзяцца на волі. «Усе знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе», — сказаў суразмоўца.

***

Юрый Чыж быў затрыманы 11 сакавіка гэтага года. Ён абвінавачваецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Разам з бізнесменам па справе праходзяць яшчэ пяць чалавек.

Паводле інфармацыі КДБ, у 2012 годзе па загадзе Чыжа ў Маскве была створана фірма, ажыццяўленне фінансава-гаспадарчай дзейнасці якой першапачаткова не планавалася. Яе заснавальнікам стаў грамадзянін Расіі, які падчас знаходжання Чыжа ў Маскве выконваў функцыі яго памочніка і кіроўцы. «Трайпл» перадаў гэтай фірме права на свой таварны знак, а затым практычна штомесяц пераводзіў ёй буйныя сумы пад выглядам платы за карыстанне таварным знакам.

Гэтыя грошы пераводзіліся ў наяўныя ў Маскве, перадаваліся касіру, а той перадаваў іх Чыжу. Такіх фірмаў, паводле слоў старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка, было досыць шмат. Сума ўрону па крымінальнай справе складае 238,7 млрд рублёў (каля 12 млн долараў).

11 верасня, размаўляючы з журналістамі на выбарчым участку, пра справу Чыжа выказаўся Аляксандр Лукашэнка. «Шчыра скажу, што справа ў дачыненні да Чыжа — на кантролі ў прэзідэнта. І не толькі таму, што ён буйны бізнесмен. Ён усё-такі недалёка часам быў ад прэзідэнта, і многія асацыявалі яго паводзіны з самім прэзідэнтам. Неабыякавая мне тэма гэтая», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама паведаміў, што бізнесмен ўжо прызнаў віну і гатовы пакрыць шкоду. «Да Юрыя Аляксандравіча такое ж стаўленне, як і да іншых. І нават крыху лепшае, паколькі за ім, за яго кампаніяй, стаіць шмат людзей. Мне гэта трэба? Не, але ісціна даражэйшая, закон пераступаць нельга… Няхай плаціць, як трэба. Калі ён мяне пра што-небудзь папросіць, я разгледжу яго просьбу і адрэагую дакладна так, як у дачыненні да іншых. Ён выдатна ведае гэта», — сказаў Лукашэнка.

0
LMI / Адказаць
16.09.2016 / 14:35
А хіба есьць суд? Наагул - менавіта ў такіх справах - тут усе вырашае мясцовы "вялікі князь". Дань сплаціў, бізнес аддаў - пытаньня няма - ВОЛЬНЫ. І ня важна - краў, забіў, гвалціў - галоўнае аброк "князю" і ВОЛЬНЫ
0
минчук / Адказаць
16.09.2016 / 14:37
Бульбу трэба капаць.Час iдзе.
0
ром / Адказаць
16.09.2016 / 16:12
а за "Жалезам па сцяклу" по 5 год адсядзели... хоть и сплатили штраф
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру