У Рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся кліенты будаўнічай кампаніі «Драйрона» — людзі чакаюць, калі нарэшце змогуць засяліцца ў свае кватэры ў жылым комплексе ў Ратамцы. Аднак, паводле апошніх дадзеных пакупнікоў, замест таго, каб засяліць жыхароў, ужо пабудаваныя дамы могуць знесці.

«У лютым 2015 года я падпісаў дамову з ААТ «Драйрона» на набыццё кватэры ў жылым комплексе па вуліцы Рачная ў вёсцы Ратамка Мінскага раёна. Тады на аб’екце працы толькі пачыналіся. Капалі катлаваны, будавалі сцены. Забудоўшчык абяцаў здаць першыя дамы ўжо ў верасні 2015 года. Астатнія — да новага года. Але, як звычайна, здача зацягвалася. На аб’екце пры гэтым увесь час ішла праца. Будучыя жыхары назіралі, і турбавацца ў іх не было ніякіх падстаў, — распавёў «Нашай Ніве» Міхась Чаропка, адзін з кліентаў «Драйроны». — Першая чарга дамоў і сапраўды была цалкам гатовая ўжо да восені 2015, і патроху можна было пачынаць рабіць рамонт. Апошнія дамы выйшлі на стадыю поўнай гатоўнасці ўжо вясной. Дамы пафарбаваныя, атынкаваныя, ёсць святло, вада, газ. Здавалася б — засяляйся, жыві, гадуй дзяцей на свежым паветры вёскі. Але не ўсё так проста…»

Тэрміны здачы пачалі зацягвацца. Забудоўшчык адказваў, што фінальныя дакументы праходзяць ці тое, ці іншае кола ўзгаднення. Людзей гэта не вельмі супакойвала, але поўная гатоўнасць жылля дазваляла рабіць рамонт, таму асабліва ніхто не выступаў, кажа Чаропка.

Той самы квартал: 10 дамоў, 240 кватэр. 

Той самы квартал: 10 дамоў, 240 кватэр. 

Але літаральна некалькі дзён таму забудоўшчык прапанаваў правесці сход далевікоў, каб абмеркаваць «важнае пытанне».

«І вось што мы даведаліся пра нашыя дамы, дзе ёсць святло, газ, вада і нават ужо паштовыя адрасы. Са словаў забудоўшчыка: усе этапы будаўніцтва ўзгодненыя, ёсць усе дакументы і ўсё падпісана (як мінімум ёсць падпісаны і ўзгоднены план забудовы). Цяпер ідуць разбіральніцтвы з пракуратурай і выканкамам наконт законнасці пабудовы. Пачалося судовае разбіральніцтва, дзе ААТ «Драйрона» прадставіла ўсе дазволы. Наступнае пасяджэнне адбудзецца 27 верасня.

Як зразумелі кліенты ААТ «Драйрона», выканкам нешта «перамудрыў» з выдзяленнем участкаў пад будаўніцтва (на гэтым месцы павінны былі быць катэджы, але выдалі дазвол на будаўніцтва шматпавярховых дамоў). Забудоўшчык засведчыў, што такі дакумент ёсць, але выканкам адказваецца ў гэта верыць, — распавядае Міхась Чаропка. — Таксама раённы выканкам адрапартаваў абласному, што ўсё пабудавана і ўсе малайцы, а калі пачалося разбіральніцтва, робяць выгляд, што нічога не ведаюць».

У выніку з пакупнікоў вылучылі ініцыятыўную групу з 5 чалавек. Яны будуць правяраць дакументы забудоўшчыка і складаць калектыўны ліст.

Рашэння чакаюць амаль дзве сотні сямей. У асноўным гэта маладыя людзі, якія выдаткавалі свае апошнія грошы і грошы сваіх бацькоў на пабудову свайго таннага жылля ў прыгарадзе — шмат хто набываў кватэру ў Ратамцы, бо метр каштаваў танней, чым у сталіцы (прыкладна 900 даляраў).

«Праз няўзгодненасць і яшчэ якія прычыны ад чыноўнікаў людзі ўжо колькі месяцаў не могуць усяліцца ў свае кватэры цалкам гатовага жыллёвага комплекса. Тут не трэба дабудоўваць яшчэ 10 паверхаў ці праводзіць якую інфраструктуру. Тут проста патрэбна дазволіць людзям жыць у сваіх кватэрах і гадаваць дзяцей — будучыню нашай краіны», — кажа Чаропка.

А 16 верасня адбыўся яшчэ адзін сход жыхароў. Людзі сабраліся, бо ініцыятыўная група атрымала нечаканыя навіны: нібыта аблвыканкам вынес пастанову іх ужо пабудаваныя дамы — 10 трохпавярховікаў, агулам 240 кватэр — увогуле знесці.

На сход прыехаў і прадстаўнік «Драйроны» Аляксей Мірашнічэнка, вядучы спецыяліст па маркетынгу і адзін з заснавальнікаў прадпрыемства. Дарэчы, ён і яшчэ некалькі супрацоўнікаў «Драйроны» таксама збіраліся жыць у гэтым комплексе.

Аляксей Мірашнічэнка

Аляксей Мірашнічэнка

Агулам на сустрэчу прыйшлі каля сотні патэнцыйных жыхароў.

Спачатку свае навіны агучылі актывісты ініцыятыўнай групы. Яны распавялі, што хадзілі на прыём у райвыканкам, дзе намеснік старшыні Савіцкая іх, мякка кажучы, здзівіла.

«Паперы ніякія мы не бачылі, але яна сказала, што дамы не могуць прыняць, бо забудова тут — самавольная. Дазволы выканкамам даваліся, але ж іх вырашылі адклікаць, бо «Драйрона» не атрымала ўсе патрэбныя ўзгадненні. Таксама яна паведаміла, што ў выканкаме прайшло пасяджэнне, на якім вырашылі цалкам знесці ўвесь квартал», — расказалі людзі.

Прадстаўнік «Драйроны» Аляксей Мірашнічэнка пацвердзіў, што забудову прызналі самавольнай. Але запэўніў, што зносіць дамы не будуць.

«Дакумента аб прынятым рашэнні няма, ён рыхтуецца. Але я скажу так: праверка Генпракуратурай нашага прадпрыемства праводзілася. І сумесна пракуратурай, «Драйронай» і аблвыканкамам было вырашана, што ўзгадненні будуць праведзеныя, пройдуць экспертызы. А пасля — дамы будуць уведзеныя ў эксплуатацыю», — супакоіў людзей ён.

Канкрэтныя тэрміны, калі можна будзе засяліцца, Мірашнічэнка агучыць не змог. Маўляў, і сённяшняй сітуацыі ніхто не чакаў, таму давайце пакуль не загадваць.

Да таго ж, «Драйрона» павінна пабудаваць шчыт паміж дамамі і чыгункай і некалькі «аб’ектаў сацкультбыту». Хтосьці з натоўпу пацікавіўся — а ці ёсць на гэта грошы ў забудоўшчыка?

Мірашнічэнка прызнаў, што сродкаў у «Драйроны» сёння няма. Але паабяцаў, што грошы знойдуць. Кошт кватэр пры гэтым не павялічыцца.

Дарэчы, калі хтосьці з дольшчыкаў хоча вярнуць грошы і адмовіцца ад кватэры, то, згодна з дамовай, 10% ад сумы пакідае сабе «Драйрона». Аднак, прызнаўшы, што людзі і так нацярпеліся, Мірашнічэнка паведаміў, што грошы можна будзе забраць цалкам. Праўда, толькі пасля здачы кватэр у эксплуатацыю. А ў гэтым якраз і пытанне — калі тое жыллё нарэшце здадуць.

Так што пакуль людзі чакаюць, ці ўсё вырашыцца нарэшце на іх карысць. Праўда, даверу да забудоўшчыка ўжо няшмат.

«Зноў фігню нейкую пляце, байкі расказвае», — шапталіся кліенты «Драйроны» падчас выступу Мірашнічэнкі.

Да таго ж, паўзуць і разнастайныя чуткі. Напрыклад, што на забудоўшчыка наклалі штраф памерам амаль у паўмільёна даляраў. І каб яго не плаціць, бо грошай няма, «Драйрона» перадасць адзін з пад’ездаў — 13 кватэр — ці то абл-, ці то райвыканкаму.

«Паглядзім, ці штосьці сапраўды будзе зроблена, ці гэта чарговыя абяцанкі-цацанкі, — кажа Міхась Чаропка. — Будзем чакаць. А што яшчэ застаецца?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?