Сфармаваны новы склад ураду Беларусі. У ім дамінуюць выхадцы з Усходняй Беларусі й Расеі. Сярод віцэ-прэм’ераў няма ніводнага чалавека з захаду краіны, а сярод ключавых міністэрстваў – толькі абаронай (Леанід Мальцаў, Слонімшчына) і падаткамі і зборамі (Ганна Дзейка, Валожыншчына) кіруюць заходнікі.

Сам прэм’ер Сяргей Сідорскі паходзіць з Гомелю. Стуль жа прыехаў кіраўнік КДБ. У Калінкавічах нарадзіўся першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза – зь Петрыкаўскага раёну.

Яшчэ два віцэ-прэм’еры – навічок ураду Віктар Бура і Андрэй Кабякоў – нарадзіліся ў Расеі. Усяго амаль траціна членаў ураду паходзяць з Расеі і іншых рэспублік былога СССР. Сярод іх міністры эканомікі Мікалай Зайчанка (Прыморскі край, Расея), замежных справаў – Сяргей Мартынаў (Ленінакан, Армэнія), унутраных справаў – Уладзімер Навумаў (Смаленск), старшыня вайскова-прамысловага камітэту Мікалай Азаматаў (Краснадарскі край, Расея), дзяржкамітэту памежных войскаў – Аляксандар Паўлоўскі (Маскоўская вобласьць).

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0