Нарэшце ў БАЖ трапіў тэкст законапраекту аб СМІ. З аднаго боку, пра інтэрнэт там гаворыцца зусім няшмат і нібыта ўскосна. Зь іншага боку, засьцярогі незалежнай мэдыйнай супольнасьці пацьвярджаюцца.

Паводле законапраекту, рэглямэнтацыяй Сеціва зоймецца Саўмін. "Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, што распаўсюджваюцца цераз глябальнае кампутарнае сеціва Інтэрнэт, вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь", — зазначаецца ў артыкуле 11. А ў артыкуле 17 гаворыцца, што ўрад будзе вызначаць яшчэ і "парадак распаўсюду" прадукцыі СМІ цераз сеціва.

Са слоў кіраўніка Цэнтру прававой дапамогі СМІ Міхаіла Пастухова, рэглямэнтацыя інтэрнэту падзаконнымі актамі — гэта яшчэ горшы варыянт, бо дае дадатковую глебу для чыноўніцкага самавольства. Сп. Пастухоў зьвяртае ўвагу і яшчэ на шэраг пастак, прыхаваных у праекце. У прыватнасьці, прадугледжваюцца болей жорсткія патрабаваньні што да крыніц фінансаваньня мэдыяў, акрэдытацыі журналістаў, адказнасьці выдаўцоў. Вось тут некаторыя моманты праекту ў пераказе БелаПАНу.

Сёньня БАЖ ладзіць прэсавую канфэрэнцыю, на якой экспэрты зробяць дэталёвы аналіз дакумэнту, што вялікімі высілкамі ўдалося нарэшце здабыць у інстанцыях. Гэта, аднак, зусім не гарантуе, што крытыка з боку мэдыйнай супольнасьці будзе ўлічана ініцыятарамі навэляў. Пасьпешлівасьць, зь якой праект пракручваюць цераз парлямэнт, наводзіць на трывожныя прадчуваньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?