Канцлер Германіі Ангела Меркель узяла на сябе адказнасць за пройгрыш сваёй партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) на выбарах у рэгіянальны парламент Берліна. Прызнаўшы, што палітыка ўрада ў адносінах да мігрантаў стала фактарам у паразе, Меркель сказала, што не ведае, якіх пераменаў у мігранцкай палітыцы жадае народ.

«Калі б я магла, я б павярнула час назад — на шмат, шмат гадоў», — заявіла Меркель, выказаўшы шкадаванне, што ва ўрада не было большага часу, каб падрыхтавацца да наплыву мігрантаў у Еўропе.

«Калі б я ведала, якіх менавіта пераменаў у палітыцы хочуць людзі, я была б гатова іх абдумаць і абмеркаваць», — сказала канцлер, каментуючы нядаўняе апытанне, у якім 82% рэспандэнтаў заявілі, што хацелі б убачыць перамены ў міграцыйнай палітыцы ўрада.

«Але ў апытанні пра гэта не гаворыцца», — панаракала яна.

На мінулых выбарах у рэгіянальны парламент Берліна партыя ХДС пацярпела самую сур'ёзную паразу за апошнія 26 гадоў, набраўшы 17,6% галасоў. За тыдзень да гэтага антыімігранцкая партыя «Альтэрнатыва для Германіі» апярэдзіла ХДС на мясцовых выбарах у зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.

На выбарах у Берліне за «Альтэрнатыву для Германіі» прагаласавалі 14% выбаршчыкаў. Партыя значна ўмацавала пазіцыі і, мяркуючы па ўсім, упершыню атрымае месцы ў зямельным парламенце Берліна.

Публікуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?