Сваё відэаўвасабленьне атрымала песьня «Хадзіла галота» з альбома «Лекавыя травы». Кліп зьнялі прыхільнікі каманды, музыкі ўпадабалі відэа і прызналі за афіцыйнае.

Кліп распавядае трагічную гісторыю каханьня ў стылі фэнтэзі зь нечаканым фіналам, якая разгортваецца ў зачараваным лесе недалёка ад Бабруйска ды іншых таямнічых мясьцінах. Аўтаркай сцэнару і рэжысэркай кліпа выступіла выкладчыца курсаў «Мова нанова» ў Бабруйску Алеся Лацінская. Галоўныя ролі выканалі віялянчэлістка гурта Vodar Ганна Лукашык, гісторыкЗьміцер Шапялевіч ды краязнаўца Яўген Лісоўскі, які, дарэчы, неаднаразова здымаўся ў ваенна-гістарычных фільмах. Што тычыцца сюжэту, дык аўтары імкнуліся не проста кіравацца тэкстам, але напісалі сваю гісторыю.

«Хапіла загадкавых вобразаў і містычнай мэлёдыі, каб імгненна склалася гісторыя, хоць паміж намі было шмат дыскусіяў наконт тэксту, бо кожны разумеў яго па-свойму, і не адзін вечар абмяркоўвалі, хто што рабіў, хто такая Галота, хто быў зяць, а хто star з барадой», - тлумачыць рэжысэрка. «Ёсьць песьні, якія пачынаеш разумець пасьля другога-пятага праслухоўваньня, а гэтая стрэліла адразу ў сэрца. Для мяне яна — сымбаль багатага Космасу беларусаў. Маю на ўвазе і тых аўтараў зь мінулага, якія прыдумалі песьню, і сучасных, якія далі ёй новае жыцьцё», - прызнаецца апэратар Сяржук Лацінскі.

Праца над відэа цягнулася некалькі месяцаў, і, як прызнаюцца яго стваральнікі, цяжэй за ўсё было злучыць зьняты матэрыял у цэльны твор. Асаблівая ўвага надавалася касьцюмам і дэкарацыям, якія стварыла дызайнэрка Дар’я Шапялевіч. Прыкладам, толькі вялізная маска бога — ажно мэтр даўжынёй — выраблялася два тыдні. Урэшце рэшт, вынікам засталіся задаволеныя і здымачная група, і музыкі, якія ў працэс здымак аніяк ня ўмешваліся.

«Хоць відэа стварылі аматары, усё ж мы ня лічым яго фан-артам, але самастойным творам мастацтва, які зьявіўся як працяг нашай музычнай ідэі», - кажа лідэр гурта Re1ikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

У аснову кампазыцыі «Хадзіла галота» пакладзеная запісаная ад носьбітаў у Лельчыцкім раёне беларуская народная песьня. Гэты трэк з альбома «Лекавыя травы» найбольш палюбіўся слухачам, ён адметны тым, што апроч звыклых рок-інструмэнтаў тут можна пачуць ірляндзкі цін-вістл.

Прэзэнтаваць кліп публіцы музыкі мяркуюць на сваім бліжэйшым канцэрце 25 верасьня ў менскім TNT Rock Club.

Re1ikt — Хадзіла галота (рэж.Алеся Лацінская). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?