Рэпартаж з фестывалю «Таўрыйскія гульні»: сустрэчы зь Юр’ем Ехануравым і зяцем Юліі Цімашэнкі, Кіеў увесну і іншыя ўражаньні з украінскае вандроўкі. Пішуць Юрась Бусел і Алесь Квіткевіч.

XV міжнародны рок-фэстываль «Таврійські Ігри», праходзіў ва Ўкраіне з 29 красавіка па 1 траўня. Ідэя паехаць туды натхняла. Па-першае, цудоўная магчымасьць зьбегчы ад пасьлявыбарнай калатнечы з усімі яе акалічнасьцямі, а, па-другое, рэдакцыйнае заданьне «НН» на рукох. Прыехаўшы загадзя купляць квіткі, мы былі непрыемна зьдзіўленыя: з-за мноства выходных дзён патрапіць на фэстываль у горад Кахоўка Хэрсонскае вобласьці можна было толькі цягніком праз Кіеў 29 красавіка. Квіткоў на іншыя цягнікі папросту не было.

Кіеўскі вакзал сустрэў бел-чырвона-белымі сьцягамі – то група ўкраінцаў чакала сваіх сяброў зь Беларусі, што ехалі ў суседнім з намі вагоне. Маючы дзесяць гадзін да цягніка на Кахоўку, вырашылі на гэты час стаць часткаю кіеўскага жыцьця. Хрышчацік, Майдан, Сафія, Міхайлаўскі сабор, Кантрактова плошча зь легендарнай Кіева-Магілянскай акадэміяй, да заснаваньня якой спрычыніліся й беларусы... Месцы мяняліся, уражаньні не пасьпявалі ўкладацца ў сьвядомасьці.

На пакручастым Андрэеўскім узвозе, аддадзеным вулічным гандлярам сувэнірамі, сустрэлі ўкраінскага прэм’ер-міністра Юр’я Еханурава. Наша жаданьне сфатаграфавацца зь ім крыху зьдзівіла ахову, але пярэчаньняў ня выклікала. Еханураў не адмовіўся сфатаграфавацца побач зь бел-чырвона-белым сьцягам. Разьвітваючыся, пажадаў нам добрага дня і шчасьлівай дарогі. Цікава, праўда? Прэм’ер шпацыруе з жонкай па вуліцах сталіцы; да яго можна падысьці, сфатаграфавацца, задаць пытаньне, выказаць незадаволенасьць яго працай. Ці ня гэта ёсьць дэмакратыяй? Здаецца, такі выпадак адлюстроўвае максымальнае набліжэньне ўлады да народу.

Мы дабраліся да Кахоўкі і адразу накіраваліся на прэс-канфэрэнцыю з Алегам Скрыпкам.

Пытаньне пра сытуацыю ў Беларусі і беларускі рок у прыватнасьці Скрыпку ўзрушыла. «Што можна сказаць пра становішча, калі забараняюць мастацтва?! Але я прывяду адзін прыклад. У канцэртнай залі «Менск», падчас супольнага выступу з вашай «Крамбамбуляй», мы гралі песьню «Світ». І разам са мной цалкам увесь тэкст сьпявалі ўсе тры тысячы чалавек, што прыйшлі на канцэрт. Я быў у шоку, па скуры мурашкі бегалі, бо нават на радзіме такога не здаралася даўно. Тэкст гэтай песьні, я ўпэўнены, нават з прысутных тут украінскіх журналістаў ведаюць нямногія.

Беларуская нацыя жыве духоўным жыцьцём нягледзячы на ўсе забароны, а значыць, і краіна жыве! На вялікі жаль, пакуль усё яшчэ ў таталітарных умовах, але можа быць якраз гэта ёсьць фактарам таго, што ў беларускага народу завостраны культурныя рэцэптары. Я ведаю шмат якія беларускія гурты. Запрашаў «Палац» на першы фэст, які сам арганізоўваў, – «Країна Мрій». Сёлета ў нас будзе нават дзьве беларускія групы. Раней я заўсёды лічыў, што ўкраінскія каманды найлепшыя ў сьвеце, і ўсіх у гэтым пераконваў, пакуль не пазнаёміўся зь беларускай музыкай. Ваш рок круцейшы ад нашага ў два, а то і ў тры разы! Проста найпрыгажэйшыя песьні з усіх, што я калі-небудзь чуў! Гэта вельмі моцны ўзровень. Ня ведаю: ці то праз тое, што ў краіне дыктатура, ці то гэта ў беларусоў ад прыроды... А наконт салідарнасьці скажу так: БЕЛАРУСЫ! МЫ З ВАМI!»

Землякоў зь «Ляпіса Трубяцкога» на прэс-канфэрэнцыі не было. Пасьля канцэрту мы самі іх знайшлі. Хлопцы, што нас уразіла, былі невыказна радыя пагутарыць на роднай мове, распавялі безьліч цікавых рэчаў ды пажаліліся, што такая магчымасьць (сустрэць шчырых беларусаў далёка за межамі Радзімы) выпадае рэдка. Затое на прэс-канфэрэнцыю завіталі гурты DVS (яго саліст-ангелец – зяць Юліі Цімашэнкі), «Борщ», «Океан Ельзи»... Можна адзначыць наяўную зорную хваробу ў лідэра апошняга – Сьвятаслава Вакарчука. У адказ на непаважлівае стаўленьне, усе журналісты дэманстратыўна адварочваліся ад сцэны, калі на ёй зьяўляўся «Океан Ельзи»...

Фінальны канцэрт уражваў. За пяць гадзін на адной сцэне, апроч «ОЕ», пабывалі такія зоркі, як Mad Heads XL, DVS, «Борщ», «Танок на Майдані Конго», «Воплі Відаплясава», «Ляпіс Трубяцкой». Драйву хапала ўсім, якасьць выкананьня ўражвала, а па-над шматтысячным натоўпам луналі бел-чырвона-белыя сьцягі (паралельна з намі да Кахоўкі даехалі яшчэ некалькі «дэлегацый» зь Беларусі).

Свой «прапор» (па-ўкраінску «сьцяг») мы насілі на плячах цягам усяе ўкраінскае вандроўкі. Людзі і ў Кіеве, і ў Кахоўцы, і ў Адэсе, якія пазнавалі беларускі нацыянальны штандар, віталіся поклічам «Жыве Беларусь!», на што атрымлівалі гучны адказ «Жыве вечна!».

Вяртаньне, як і заўжды ў такіх выпадках, таксама поўнілася рознага кшталту прыгодамі. I неспадзяванкамі… Журналісты радыё «Кіеў», якія амаль паўсюль нас суправаждалі, так упадабалі нашую кампанію, што кінулі ўсе справы, адклалі працу ды ўзялі квіткі… на Менск! Яны прывезьлі нам ня толькі кіеўскі торт, але й Надзею. Дакладней, песьню, што гучала на «Таўрыйскіх гульнях» і сталася неафіцыйным гімнам нашае тусоўкі.

Та поки Сонце сяє, поки вода тече

– Є-є-є! Надія є!!!

Лиха біда минає, просто повір у це

– О-о-о! Надія є!!!

Цягам двух дзён, знаёмячыся зь беларускімі вабнотамі, украінскія сябры не стамляліся нам паўтараць, што і ў нашай краіне ўсё будзе цудоўна, што незалежная супольнасьць кіруецца правільным шляхам, і перамога непазьбежная. Бо надзея ёсьць заўжды, трэба толькі пачаць дзейнічаць!

Юрась Бусел, Алесь Квіткевіч

Менск–Кіеў–Хэрсон–Кахоўка–Адэса–Кіеў–Менск

«Таўрыйскія гульні» – наймаштабнешы і найпрэстыжнейшы музычны фэст ва Ўкраіне. Упершыню ён прайшоў у мястэчку Кахоўка ў 1992 г. За 15 гадоў фэстываль наведалі 3 млн 500 тыс. гледачоў. На яго сцэне выступілі больш за 200 зорак з 22 краінаў сьвету. Сярод іх – Slade, ВВ, Крыс Норман, «Браво», Deep Purple, Status Quo, Doctor Alban, «Скрябін», Руслана, «Любе», «Ляпіс Трубецкой» і інш. Традыцыйна цягам усяго фэсту на дзённай сцэне выступаюць маладыя ўкраінскія выканаўцы. Тамсама адбываецца й папулярны піўны чэмпіянат, фіналісты якога змагаюцца за тытул чэмпіёна на вечаровай сцэне ў апошні дзень фэсту. Падчас «Гульняў» праходзіць і конкурс «Каралева Ўкраіны». Штогод у Кахоўцы за гэты тытул змагаюцца 26 самых чароўных дзяўчат з усіх рэгіёнаў Украіны.