aif.ru.

aif.ru.

Кожны сутыкаўся з сітуацыяй, калі некаторыя імпартныя лекі каштуюць у Беларусі вельмі дорага. І каб зэканоміць, нашыя суайчыннікі едуць па жыццёва неабходныя прэпараты за мяжу. Часам танней купіць квіток у Вільню, Кіеў ці Маскву і набыць там неабходныя лекі. І ў вас яшчэ застануцца грошы на зваротны квіток і адпачынак.

«Наша Ніва» параўнала кошты на прэпараты і склала спіс імпартных лекавых прэпаратаў, якія каштуюць у Беларусі значна даражэй, чым у суседніх краінах. Пры параўнанні цэн мы не ўлічвалі зніжкі і льготы ў аптэчных сетках, а таксама падбіралі прэпараты з аднолькавай колькасцю дзейнага рэчыва.

Караксан

табл. 5 мг, 56 шт., вытворца: Servier Industrie (Францыя)

Кіеў 17,52 руб. — 23,14 руб.

Масква 24,30 руб. — 38,32 руб.

Мінск 52,68 руб. — 73,44 руб.

Плавікс

табл. 75 мг, 14 шт., вытворца: Sanofi (Францыя)

Кіеў 28,60 руб. — 51,08 руб.

Масква 39,44 руб. — 58,34 руб.

Мінск 80,20 руб. — 104,48 руб.

Рыга — 16,42 руб.

Наліпрэл бі-фортэ

10 мг + 2.5 мг 30 шт., вытворца: Servier (Францыя)

Кіеў 12,87 руб. — 17,15 руб.

Масква 18,66 руб. — 35,01 руб.

Мінск 38,16 руб. — 47,35 руб.

Себіпрокс шампунь

60 мл, вытворца: Сціфэл Лабараторыз (Ірландыя)

Кіеў 7,26 руб. — 9,48 руб.

Масква 10,34 руб. — 28,18 руб.

Мінск 20,94 руб. — 28,11 руб.

Флюарэсцыт

100 мг/мл, 5 мл, 12 шт. Алкон Лабараторыз (Бельгія)

Кіеў 169 руб. — 180 руб.

Вільня 292,52 руб.

Мінск 400,56 руб. — 404,52 руб.

Чаму ў Беларусі даражэй?

У Беларусі цэны на імпартныя лекі фармуюцца ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 11.08.2005 г. № 366 «Аб фарміраванні цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку». Згодна з ім, аптэкі могуць прызначаць гандлёвую надбаўку да 30%.

Чыноўнікі з Міністэрства аховы здароўя раней адзначалі, што розніца ў цэнах лекаў у розных краінах магла быць выклікана ваганнямі на валютным рынку. Але толькі гэтым растлумачыць розніцу ў цэнах прэпаратаў нельга. Па-першае, нацыянальныя валюты Расіі, Украіны і Беларусі ўжо больш за год маюць адносна стабільныя курсы. Па-другое, сёлета Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы ўказ №228, згодна з якім аптовыя і гандлёвыя надбаўкі на медыцынскія тавары ў Беларусі адвязалі ад даляра. Нягледзячы на гэта, сітуацыя істотна не змянілася.

Праблему высокіх цэн на лекі разумеюць і ў Міністэрстве аховы здароўя. Намеснік міністра Валер Шаўчук лічыць, што галоўная праблема — маленькі аб’ём рынку.

«Многія замежныя вытворцы пры экспарце сваёй прадукцыі ўлічваюць аб'ём рынку. Калі яго аб'ём вялікі, цана, адпаведна, ніжэйшая, — тлумачыць Шаўчук. — Зразумела, што фармацэўтычны рынак Беларусі не параўнаць з расійскім. У грашовым выражэнні ёмістасць беларускага рынку складае 700 мільёнаў даляраў, расійскага — каля 20 мільярдаў даляраў».

Каб даведацца пазіцыю вытворцаў па гэтым пытанні, «Наша Ніва» звярнулася па каментар да фармацэўтычных кампаній.

У беларускім прадстаўніцтве кампаніі «Servier» адзначылі, што фарміраванне цаны на лекі — гэта даволі складаны працэс. Цана складаецца з вялікай колькасці чыннікаў. Некаторыя з іх аднолькавыя для кожнай краіны: вартасць даследаванняў, распрацоўкі і вытворчасці лекаў. А некаторыя могуць адрознівацца: падаткі, кошт дыстрыбуцыі, памер мясцовага рынку і цэны мясцовых прэпаратаў аналагічнага класа. Фармацэўтычныя кампаніі не могуць уплываць на большасць гэтых чыннікаў, і цэны ў асобных краінах залежаць у першую чаргу ад мясцовых умоў.

Калі параўноўваць цэны на прэпараты ў Беларусі і Расіі, то розніца выклікана малым памерам беларускага рынку і прававымі абмежаваннямі для замежных вытворцаў, якія значна выраслі ў апошнія гады.

Беларускае прадстаўніцтва «Sanofi» таксама звярнула ўвагу на асноўныя фактары фарміравання цэн на лекі: асаблівасці сістэмы дзяржаўнага забеспячэння лекамі, схемы дзяржаўнага фінансавання розных катэгорый насельніцтва, патрабаванні дзяржавы да рэгулявання цэн і г.д. Без уліку гэтых фактараў параўноўваць цэны ў розных краінах французская кампанія лічыць не зусім карэктным.

А якія лекі вы набываеце за мяжой па прычыне іх дарагоўлі ў Беларусі? Пішыце ў каментарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?