Дзяржкампанія «Беларуснафта» мае намер актыўна развіваць свой бізнэс у Расіі. 21 верасня ў Цюмені, рэгіён якой з'яўляецца базавым для беларускай кампаніі, было падпісана некалькі перспектыўных пагадненняў.

У прыватнасці, Цюменская вобласць і Беларусь заключылі пагадненне аб сумеснай дзейнасці. Дакумент падпісалі міністр прыродных рэсурсаў і экалогіі РФ Сяргей Данскі, міністр прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Каўхута і губернатар Цюменскай вобласці Уладзімір Якушаў.

Галоўная тэма пагаднення — інтэграванне тэхналогій і магчымасцяў беларускіх кампаній у нафтагазавы сектар Заходняй Сібіры. У рамках трохбаковага пагаднення ў Цюмені адкрыецца філіял Беларускага навукова-даследчага і праектнага інстытута нафты. Гэта адно з падраздзяленняў «Беларуснафты».

Яшчэ адзін важны пункт трохбаковага пагаднення — гарманізацыя новай класіфікацыі запасаў і рэсурсаў вуглевадароднай сыравіны.

«Адкрыццё філіяла дазваляе выйсці на рынак сэрвісных і навукова-сэрвісных паслуг Расіі і менавіта Цюменскай вобласці, якая з'яўляецца ў РФ найбуйнейшай у гэтай сферы. Мы ўжо тут працуем, але хочам умацаваць інавацыйны патэнцыял. Мы атрымаем магчымасць працаваць па тэхналогіях, якія маюць больш высокую даданую вартасць», — сказаў гендырэктар «Беларуснафты» Аляксандар Ляхаў у кулуарах Цюменскага нафтагазавага форуму.

Далейшыя планы працы ў Расійскай Федэрацыі «Беларуснафта» таксама звязвае з набыццём новых радовішчаў. Ёсць ужо такія на прыкмеце? «Глядзім рынак. У першую чаргу нас цікавіць Цюменская вобласць, у якой мы ўжо працуем, каб знізіць транспартна-лагістычныя выдаткі», — адказаў кіраўнік «Беларуснафты».

Падпісаныя сёння пагадненні Ляхаў назваў «крокамі ў адным кірунку, у тым ліку і здабычы». «Гэта камбінаваны падыход, які дазваляе працаваць і зарабляць не толькі на здабычы, але і на сэрвісе. Сёння чым больш высокатэхналагічны сэрвіс, тым больш магчымасці атрымаць дадатковы прыбытак», — растлумачыў гендырэктар дзяржкампаніі.

Падводзячы вынікі 10-гадовай працы на расійскім рынку, Аляксандр Ляхаў адзначыў тое, што «Беларуснафта» «поўнасцю аднавіла той працэс, які быў пры Савецкім Саюзе». «Мы ўжо тры гады працуем у здабычы ў Расіі. Пры СССР быў толькі вахтавы метад. А цяпер у нас свае ліцэнзійныя ўчасткі. Гэта значыць, мы атрымалі досвед працы як у сэрвісе, так і ў здабычы, які дазваляе мець закончаны цыкл», — сказаў кіраўнік «Беларуснафты».

Ён не стаў агучваць фінансавыя вынікі працы ў Расіі. «Магу толькі сказаць, што гэта ўсё працэсы эканамічныя выгадныя. Эканоміка цалкам прыстойная», — сказаў Ляхаў.

Здабываючая «дачка» «Беларуснафты» «Янгпур» вядзе працу на 5 радовішчах, размешчаных у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Агульны аб'ём выманых запасаў і рэсурсаў кампаніі складае звыш за 40 млн т, гадавая здабыча нафты і газавага кандэнсату — каля 150 тыс. т таварнага прадукту, прыроднага газу — каля 70 млн куб. м. Рэалізаваны здабываючы патэнцыял НК «Янгпур», прыведзены да тон нафтавага эквіваленту (н. э.), складае каля 320 тыс. т н. э. у год.

У горадзе Губкінскі ЯНАА працуе сэрвіснае даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» — «Беларуснафта-Сібір». У 2016 г. у кампаніі працавалі 7 брыгад па аднаўленні свідравін метадам бурэння бакавых ствалоў, 29 брыгад капітальнага і бягучага рамонту свідравін і транспартнае падраздзяленне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?