Авіяўдары сіл міжнароднай кааліцыі на чале ЗША па сірыйскіх войсках у раёне горада Дэйр-эз-Зор у суботу былі наўмыснымі, заявіў у інтэрв'ю агенцтву Асашыэйтэд прэс прэзідэнт Сірыі Башар Асад. ЗША раней заявілі, што не планавалі абстрэльваць сірыйскіх вайскоўцаў.

Па словах Асада, авіяўдары па пазіцыях сірыйскіх вайскоўцаў доўжыліся каля гадзіны.

«Вы не здзяйсняеце памылку больш чым гадзіну», — заявіў Асад і выказаў меркаванне, што баевікі ІД ведалі пра атаку, бо напалі практычна адразу пасля яе і захапілі абстраляныя ЗША пазіцыі.

Абстрэл сіл сірыйскай урадавай арміі адбыўся ў суботу. Расія абвясціла, што ў выніку нападу былі забітыя дзясяткі вайскоўцаў, і запатрабавала склікаць экстраннае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН.

Камандаванне ўзброеных сіл ЗША сцвярджае, што кааліцыя планавала нанесці ўдары па баевіках ІД. Удары былі неадкладна спыненыя, як толькі расійскія вайскоўцы паведамілі, што іх мішэнню, магчыма, сталі сірыйскія вайскоўцы, заявілі ў Пентагоне.

Інцыдэнт паставіў пад пагрозу працяг перамір'я, якое ўступіла ў сілу ў Сірыі вечарам 12 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?