Падчас разгляду крымінальнай справы былога гендырэктара мінскага «Дынама» Максіма Суботкіна той абвінаваціў Уладзіміра Беражкова ў ілжэсведчанні. 

«Як ты з гэтым будзеш цяпер? У мяне ж маленькія дзеці, табе яны сніцца не будуць? Каго наступным пасадзіш, Валодзя? Румаса? Сафар'яна?» — казаў Беражкову Суботкін.

Пасля гэтага з прэтэнзіямі да Беражкова выступілі сваякі абвінавачанага. Бацька, жонка і брат прайшлі за ім па калідоры, у справу прыйшлося ўмяшацца ахове. Бацьку Максіма Суботкіна стала дрэнна, прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу.

На сітуацыю Уладзімір Беражкоў адрэагаваў допісам на сваёй старонцы ў фэйсбуку. 

«Так цяжка яшчэ не маўчалася, — напісаў Беражкоў. — Разумею, што многія расчараваныя і чакаюць ад мяне апраўданняў, хоць бы адказу на дзёрзкае і бессаромнае абвінавачанне ў ілжэсведчанні. Нехта ў падрабязнасцях апісаў, як чырванелі мае вушы (не бачыць мне іх як сваіх сяброў на гэтым працэсе), але ніхто не звярнуў увагі, як заўзята і настойліва абарона Суботкіна старалася перашкодзіць агучванню маіх паказанняў, дадзеных у ходзе дасудовага следства.

Мне і самому не хацелася публічнага бруду, але ўжо сапраўды відавочна ўсім: пратаколы допытаў па вызначэнні не маглі з'явіцца сюрпрызам для арганізатараў шоу ў зале суда.

Бо ўсе бакі працэсу азнаёміліся са справай да пачатку яе разгляду, а Суботкін — яшчэ ў снежні-студзені — разам са мной за адным і тым жа сталом, які мы дзялілі тады напалову за аднымі кратамі. І часам нават следчы пакідаў нас на кароткі час, магчыма, у надзеі на праявы тых жа эмоцый. Але тады іх ні ў кога не было, там, зімой на Валадарцы, мы абодва спадзяваліся на выхад на волю. І Максім з уласцівым яму бабруйскім аптымізмам не казаў мне тады пра кашмары з ягонымі дзецьмі, а толькі хітра падміргваў: «Валодзя, не хвалюйся, усё будзе добра».

І гэта нягледзячы на ўсю маю праўду…

Так, я казаў праўду не ўсю. Роўна як не ўсе важныя для разумення карціны дакументы абвясціў спадар абвінаваўца. Па вялікім рахунку ўсю праўду не ведаем нават мы з Суботкіным, хоць у кожнага з нас яна цяпер свая, супярэчлівая і супрацьлеглая. Але права слова: ці не я першапачаткова пасадзіў Суботкіна, не я яго пацягнуў за сабой у турэмны вір — усё ж з дакладнасцю да наадварот. Гэта факты. Але вось адкрыццё: во каб ведаў я загадзя хаця б частку з таго, што ўпершыню я адкрыў пры знаёмстве з гэтай агульнай нашай крымінальнай справай, дакладна пазбег бы турэмных бед і нанасной ганьбы. Проста не было б у маёй біяграфіі заступу ў гэтае «г».

І ўсё ж маўчу … Ненавіджу яго, але маўчу. Так, праз боязь нашкодзіць сабе і сваёй сям'і, іншым важным для мяне людзям. Але цяпер яшчэ — у першую чаргу — з пачуцця жалю і спагады да гэтай хітрай жывёлы. Мы заўсёды ў адказе за тых, каго прыручылі…

Спадзяюся, буду жывы і моцны, калі атрымаю маральнае права сумленна і прама адказаць на пытанні, што паўсталі цягам гэтага шоў. Але першай і неабходнай умовай для выхаду з зароку маўчання павінен стаць выхад на свабоду ўсіх фігурантаў справы. Я гэтага шчыра хачу».

У каментары «Нашай Ніве», Беражкоў сказаў, што не хоча ўдакладняць, ці менавіта Суботкіна назваў «хітрай жывёлай». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?