Налепка з заклікам галасаваць супраць Лісабонскага трактату

53,4 працэнта ірляндцаў прагаласавалі супраць Лісабонскага трактату. Гэта азначае, што Эўрасаюз ня пойдзе да глыбейшай інтэграцыі, застанецца без адзінага прэзыдэнта і адзінай дыпляматычнай службы.

Ірляндцы адзначначна прагаласавалі супраць ратыфікацыі Лісабонскага трактату.

«Гэта цяжкі ўдар», — заявіў міністар замежных справаў Нямеччыны Франц-Вальтэр Штайнмаер.

«Гэта перамога свабоды», — цешыцца прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс.

Густы ірляндзкі туман ахутаў пэрспэктывы глыбейшае эўраінтэграцыі пасьля таго як сталі вядомыя вынікі рэфэрэндуму па Лісабонскім трактаце. Нягледзячы на тое, што тры найбуйнейшыя палітычныя партыі краіны кельтаў згуртаваліся ў падтрымку трактату, абсалютная большасьць ірляндцаў прагаласавала супраць. Кампанію супраць арганізаваў шэраг грамадзкіх арганізацый, бізнэсоўцаў і нацыяналістычная партыя Шын Фэйн (Мы самі).

Буйны эўрапейскі бізнэс, а ўсьлед за ім палітычныя эліты лічаць, што Эўропе трэба дасягнуць яшчэ вышэйшай ступені інтэграцыі, каб стаць канкурэнтаздольнай у глябальным сьвеце. На іх думку, цяперашняя дэ-факта свабодна канфэдарацыйная структура не дае магчымасьці праводзіць актыўную замежную і абаронную палітыку. Эўрасаюз — гэта эканамічны і маральны гігант, які ў пытаньнях бясьпекі застаецца карлікам, слабейшым за ЗША і нават Расею ці Кітай.

Большай ступені эўраінтэграцыі палітычныя эліты хацелі дасягнуць праз прыняцьцё Канстытуцыі Эўрасаюзу. Яна перадавала б большыя паўнамоцтвы цэнтру і рабіла б вялікі крок ад канфэдэрацыі да фэдэрацыі. Вялізны дакумэнт, на сотні старонак, распрацавала адмысловая камісія на чале з былым прэзыдэнтам Францыі Валеры Жыскар д’Эстэнам, яго з помпай прынялі... Але ўрэшце французы і галяндцы — дзьве нацыі эўраэнтузіястаў, яго адкінулі. У такіх эўраскептычных краінах, як Брытанія, справа нават не пасьпела дайсьці да галасаваньня.

Правілы ЭС такія, што для ўступленьня дакумэнту ў сілу яго мусяць прыняць усе дзяржавы-ўдзельніцы.

Выйсьце з тупіка прапанавала канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Канстытуцыю было вырашана замяніць Трактатам — кароткім, а галоўнае, які б можна было прыняць без рэфэрэндумаў.

Трактат прадугледжваў увядзеньне пасады прэзыдэнта ЭС. Яго мелі выбіраць кіраўнікі дзяржаваў. Ён таксама мяняў падзел месцаў у Эўрапарлямэнце, канкрэтызаваў структуру новага дыпляматычнага ведамства зьвязу, уводзіў адзіную дыпляматычную службу.

Лісабонская дамова прадугледжавала таксама зьмяншэньне колькасьці камісараў у Эўракамісіі (урадзе ЭС). Цяпер у ёй па адным камісары ад кожнай краіны, і выканаўчы орган ЭС разросься ужо да 27 чалавек, кожнаму зь якіх неабходна выдзяляць нейкую сфэру адказнасьці.

Трактат таксама адмяняў права вэта асобных краін у шэрагу галінаў палітыкі ЭС і ўзмацняў паўнамоцтвы прадстаўніка па агульнай замежнай палітыцы.

Новая канстытуцыйная дамова павінна была ўвайсьці ў сілу з 1 студзеня 2009 году.

Фактычна, гэта была спроба ня кіем, дык палкою прапіхнуць тыя самыя ідэі. Прадаць патрыманую машыну, выдаўшы яе за новую.

Дзіва што з усіх бакоў на творцаў трактату пасыпаліся зьвінавачваньні ў недэмакратызьме. Аднак паколькі палітычныя эліты задуму падтрымлівалі, а мэйнстрымавыя СМІ з паглыбленьнем інтэграцыі салідарызуюцца, то трактат бяз большых спрэчак ратыфікавалі адна за адной краіны, у тым ліку такія ўважлівыя да пытаньня захаваньня сувэрэнітэту як Польшча.

Толькі адна краіна, згодна з сваімі законамі, абавязаная была выставіць трактат на рэфэрэндум — Ірляндыя. Краіна, якая перажыла эканамічны цуд, дзякуючы далучэньню да адзінага эўрапейскага рынку і мільярдным датацыям з агульнага кошыка. З найбяднейшай краіны Эўропы зялёны востраў ператварыўся найбагатшую.

Ірляндцы галасуюць... Супраць! 862 415 галасоў супраць (53,4 %) і толькі 752 451 за (46,6 %). Прыхільнікі Лісабонскай дамовы аказаліся ў большасьці толькі ў некаторых выбарчых акругах, збольшага ў сталіцы краіны Дубліне і ягоных ваколіцах.

Ірляндыя — адзіная з 27 краін — чальцоў ЭС, дзе для прыняцьця дамовы праводзіцца ўсенароднае галасаваньне. У краіне зарэгістравана крыху болей за 3 млн выбарцаў, тады як агульнае насельніцтва дваццаці сямі краінаў ЭС складае 490 млн чалавек.

Найбольшае непрыманьне людзей выклікае адчужэньне брусэльскае бюракратыі ад выбарцаў. Народы не выбіраюць органы ўлады ЭС. Іх прызначаюць нацыянальныя ўрады. Гэта стварае ўражаньне непадкантрольнасьці і ўзьнікненьня брусэльскае «рэчы ў сабе».

Фактычна, Эўропа ў сваёй інтэграцыі дайшла да пэўнага бар’еру, які няясна як адолець.

З аднаго боку, Эўрасаюз ня можа сабе дазволіць выбіраць супольнае кіраўніцтва так, як выбіраюць прэзыдэнта ЗША. Бо тады непазьбежна пачнуць дамінаваць групоўкі вялікіх краінаў, малыя пачнуць пачувацца ўкрыўджанымі, і Эўропа сутыкнецца з цэнтрабежнымі тэндэнцыямі і спакусай інтэграцыі сілай. Сытуацыі кшталту Грамадзянскай вайны ў ЗША, празь якую Штаты прайшлі, абы захаваць адзінства, цяжка сабе ўявіць на нашым кантынэнце.

З другога боку, выбарцы выразна адкідаюць такія формы інтэграцыі, пры якіх брусэльскае кіраўніцтва абіраецца праз складаныя бюракратычныя працэдуры, кулюарныя кампрамісы. Цяпер эўрачыноўнікі залежаць толькі ад вярхоўкі палітычных элітаў і падсправаздачныя толькі ім. Пакуль іхнай справай былі рэчы другарадныя, іх цярпелі як прыкрую неабходнасьць. Цяпер, калі ўстае пытаньне аб перадачы ім функцыяў дыпляматыі і бясьпекі, эўрапейцы яўна не гатовыя.

Што прапануюць палітычныя эліты зараз? Паўзу на некалькі гадоў? Рознахуткасную інтэграцыю, як гэта ўжо было з адзінай валютай, на якую не перайшлі брытанцы, швэды, датчане? Чарговае рашэньне ў абыход волі народаў?

Калі не лічыць пэрсанажаў кшталту Лё Пэна, мала хто ў эўрапейскіх краінах аспрэчвае карысьці ад эўраінтэграцыі. Кантынэнт дасягнуў вялікіх эканамічных і сацыяльных посьпехаў, згладзіліся гаспадарчыя няроўнасьці між краінамі і рэгіёнамі. Людзі і капіталы могуць свабодна перамяшчацца.

Старшыня Эўракамісіі сп. Барозу ў пятніцу ж заявіў, што працэс ратыфікацыі трактату мусіць ісьці сваім чыгіром: «Працэс ратыфікацыі складаецца з 27-мі нацыянальных працэсаў. 18 краінаў ужо ўхвалілі трактат, і Эўрапейская Камісія лічыць, што працэс ратыфікацыі іншымі краінамі павінен працягвацца, не зважаючы на вынік галасаваньня ў Ірляндыі».

У супольнай заяве Ангела Мэркель і Нікаля Сарказі выказалі «павагу да дэмакратычнага рашэньня ірляндзкага народу, хоць мы і шкадуем пра яго», і таксама заклікалі іншыя краіны працягваць працэс ратыфікацыі. Гэта азначае, што Брусэль, Бэрлін і Парыж хацелі б, каб ірляндцы праз пэўны час паўтарылі спробу. Пагатоў, яны ў свой ужо мелі досьвед галасаваньня за Ніцкі трактат з другога разу.

Тым ня мееш, вынікі галасаваньня ў Ірляндыі даюць натхненьне тым сілам у Эўропе, якія лічаць, што цяперашняе ступені інтэграцыі цалкам дастаткова.

Калі зьявіліся навіны пра вынікі рэфэрэндуму ў Ірляндыі, курс эўра адносна даляра ўпаў на біржавых таргах да найніжэйшага ўзроўню за апошні месяц — 1,53 даляра за эўра.

Большасьць назіральнікаў лічаць, што правал Лісабонскага трактату ўскладніць далучэньне да ЭС новых краінаў, сярод якіх Турцыя, Украіна і, патэнцыйна, Беларусь. ЭС па-ранейшаму цяжка будзе выбудоўваць сваю палітыку да Расіі і Азіі. Існуе і процілеглае бачаньне: у больш інтэграваным зьвязе інтарэсы бізнэсу дамінавалі б над дэмакратычнымі прынцыпамі.

Польскі палітоляг Аляксандар Смоляр лічыць: «Перадусім трэба памятаць, што, чым слабейшы Эўрасаюз, тым слабейшыя і пазыцыі Польшчы ў многіх пытаньнях, у тых самых адносінах з Расіяй». Тое самае, у прынцыпе, адносіцца і да Беларусі.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0