Уезд у Докшыцы з боку Бягомля і Мінска. Мясцовыя ўлады пазбягаюць ужывання беларускай мовы. Фота fotobel.by.

Уезд у Докшыцы з боку Бягомля і Мінска. Мясцовыя ўлады пазбягаюць ужывання беларускай мовы. Фота fotobel.by.

Цёмным вераснёўскім вечарам, мокнучы пад дробным дажджом, на старэнькім ровары еду па шашы Докшыцы—Параф’янава і думаю пра Кацярыну. Не падумайце, што я закахаўся. Не. І не падумайце, што ўзгадваю кагосьці са сваіх аднакласніц (а ў маім класе ў школе №1 горада Докшыцы, якую я скончыў у 2007 годзе, было ажно пяць Кацярын).

Думаю пра Кацярыну ІІ, расейскую імператрыцу. Яна была спраўная з каханкамі ў ложку, а вось да якасці ейнага кіравання імперыяй я маю адно вялікае пытанне. Як магла дадумацца Кацярына, каб глухому мястэчку Докшыцы, на толькі што акупаванай тэрыторыі Рэчы Паспалітай, надаць статус павятовага горада? Які пазней называлі ў афіцыйных дакументах — «заштатный городъ Докшицы».

Дзіўнае места гэтыя Докшыцы. Як заязджаю ў цэнтр, адразу настрой робіцца змрочным. Горад сустракае нягеглымі савецкімі будынкамі, якія размаляваныя ў непрыемныя бляклыя колеры. Адзін з камунальных дамоў дадумаліся пафарбаваць ў цёмна-сіні, колер самагубцаў. Затое не паставілі ніводнага помніка, ніводнай скульптуры — абсалютна нічога, за што можа зачапіцца вока. Чалавеку, які мае хоць крыху пачуцця эстэтыкі і цягі да культуры, жыццё ў Докшыцах было б катаваннем. «Як добра, што я тут не жыву!» — мільгае ў галаве думка.

Мне здаецца, што эстэтыка гарадскога асяроддзя накладае адбітак на характар і псіхіку людзей, якія жывуць у горадзе. У Глыбокім, Мінску, Вільні пастаянна ловіш сябе на думцы: як тут прыгожа! Прыгожая архітэктура, якія прыгожыя азёры, рэкі, пагоркі, паркі! Ад гэтага настрой паляпшаецца, з’яўляецца на твары ўсмешка, жыць хочацца. З добрым настроем чалавек і да працы лепей ставіцца, і да людзей болей добразычлівы.

А па Докшыцах ідзеш і думаеш: халера, як тут непрыгожа, як тут няўтульна! Але я прыязджаю ў Докшыцы некалькі разоў на год на некалькі гадзінаў. А нехта тут жыве ўсё жыццё, і кожны дзень праз гэтыя непрыгожыя вуліцы, плошчы і кварталы ходзіць.

Гэтак выглядае вуліца Ленінская, «візітоўка» горада Докшыцы.Смецце не валяецца, але назваць горад утульным, прыгожым — язык не паварочваецца. Фота ru.wikipedia.org.

Гэтак выглядае вуліца Ленінская, «візітоўка» горада Докшыцы.Смецце не валяецца, але назваць горад утульным, прыгожым — язык не паварочваецца. Фота ru.wikipedia.org.

Калі прыязджаеш у Докшыцы, то амаль абавязкова трапляеш у нейкую непрыемную гісторыю, нарываешся на скандал або абыякавасць да цябе як да кліента. Можа, гэта праз тое, што людзі жывуць у змрочным, непрыгожым горадзе, не маюць эстэтыкі, не маюць культурнага жыцця?

Неяк мясцовы аўтапарк адмяніў некалькі аўтобусных рэйсаў. Аўтобусы не хадзілі ўжо месяц, але працягвалі значыцца на табліцы з раскладам. Супрацоўніцы проста паленаваліся іх зняць! Я папрасіў кнігу заўваг і прапаноў, каб занатаваць гэты факт — колькі ж папрокаў у свой адрас я пачуў! Калі другі раз, у іншай справе, прасіў гэтую кнігу на аўтастанцыі — то спачатку не давалі, а пасля выклікалі міліцыянтаў.

Прыязджала да мяне сяброўка з Мінска. Сустрэліся ў Докшыцах, зайшлі ў царкву. Як і ўсе турысты, якія наведваюць гістарычны аб’ект, мы пачалі фатаграфаваць інтэр’еры. Набажэнства ў гэты час не было, мы нікому не заміналі. Як на нас накінуліся царкоўныя бабулькі! Спрабавалі забараніць, пагражалі выклікаць міліцыю. Міліцыю! Турысты царкву фатаграфуюць!

Асобным словам трэба згадаць докшыцкія кавярні. Практычна ўсе ўстановы грамадскага харчавання ў горадзе належаць «Белкаапсаюзу» — дзяржаўнай гандлёвай арганізацыі, вядомай высокімі коштамі і карупцыйнымі скандаламі. Аднойчы я сустракаўся ў Докшыцах з людзьмі з Мінска, прадстаўнікамі адной грамадскай арганізацыі. Мы не знайшлі месца, дзе можна выпіць гарбаты — а 10-й раніцы ніводная ўстанова «абшчапіту» не працавала. Два гады таму я сустрэўся са школьным сябрам. Вырашылі зайсці ў піцэрыю «Смак». На гадзінніку было 19-00, на шыльдзе напісана, што піцэрыя працуе да 20-00, дзверы былі замкнёныя. Лета было, пасядзелі ў альтанцы насупраць.

Сёння, 22 верасня 2016 года, я быў на каталіцкіх могілках у Докшыцах. Айцы капуцыны ўзяліся за ўпарадкаванне могілак і будаўніцтва капліцы. Капліца — прыгожая будова з чырвонай цэглы, з каваным крыжам, гатычнай вежачкай і дахам з медзяной бляхі — амаль скончаная. На могілках — усё вельмі акуратна, утульна і спакойна. Калі б докшыцкія ўлады ставіліся да сваёй працы гэтак рупна, як айцы капуцыны — горад быў бы іншы і людзі, можа, сталі б лепшыя!

Што бывае, калі да працы ставяцца як да Божага паклікання. Каталіцкія манахі з ордэна капуцынаў пабудавалі густоўную капліцу на могілках. Фота Кастуся Шыталя.

Што бывае, калі да працы ставяцца як да Божага паклікання. Каталіцкія манахі з ордэна капуцынаў пабудавалі густоўную капліцу на могілках. Фота Кастуся Шыталя.

Пахадзіўшы па могілках, пачытаўшы надпісы на старых надмагіллях, зрабіўшы адно цікавае краязнаўчае адкрыццё — я крыху змерз і згаладаўся. На гадзінніку 19:20, на дварэ ўжо шэрая гадзіна — восень, цямнеецца рана. Падумаў, што заеду ў кавярню, вып’ю гарбаты ды з’ем нейкі піражок або коржык, а пасля ўжо паеду на Параф’янава. Як вы думаеце, ці ўдалося мне гэта? Правільна! Гэта ж Докшыцы! Не ўдалося!

Кавярня «Шарм», напісана на шыльдзе, працуе з 11 да 23 гадзіны. Дзверы кавярні замкнёныя. Можа, расклад працы змяніўся, або нейкі форс-мажор здарыўся? Але не вісіць ніякая цыдулка, якая папярэджвала б пра гэта. Яшчэ адна непрыемнасць — няма дзе паставіць ровар каля ўваходу. Прыйшлося замыкаць транспартны сродак за трубу вадасцёку. Калі я раней бываў у гэтай кавярні, непрыемна ўразіла адна дробязная рэч, якая вымоўна сведчыць пра стаўленне «Белкаапсаюза» да сваіх кліентаў. Выключальнік, які запальвае святло ў прыбіральні, знаходзіцца ўнутры прыбіральні. Каб яго адшукаць, даводзілася доўга мацаць рукамі па сценах у поўнай цемры.

Еду да піцэрыі «Смак», гэтак цяпер называецца забягалаўка насупраць аўтобуснай станцыі. Паводле шыльды, піцэрыя працуе да 20:00. А 19:32 супрацоўніца замыкае дзверы.

- У нас рабочий день до полвосьмого.

- Дык а чаму на шыльдзе напісана, што да восьмай?

-Я не знаю, спрашивайте у руководства.

Паступова ў мяне склалася ўражанне, што ў Докшыцах усім усё абыякава — і мясцовым уладам, і кіраўніцтву дзяржаўных арганізацый, і супрацоўнікам гэтых арганізацый. Толькі газета, якую людзі завуць «манюка» - друкаваны орган Докшыцкага райвыканкама, двойчы на тыдзень тлумачыць людзям, што яны вельмі шчаслівыя і смачна накормленыя, таму што маюць прэзідэнта Лукашэнку і старшыню Пінчука. Докшыцкія людзі прывыклі да нязручнасцяў. Не прывыклі толькі да таго, што ў горадзе нейкія турысты робяць здымкі, што нейкі прыезджы чалавек просіць кнігу заўваг і прапаноў. Гэта выклікае непадробнае абурэнне, бо парушае докшыцкі status quo, па абарону якога часам звяртаюцца і да міліцыі.

У Докшыцах кепска працуюць кавярні — затое спраўна працуюць сеціўныя тролі. Калі на «Вестках» з’яўляецца крытычны допіс пра Докшыцы, кожны раз набягаюць ананімныя каментатары. І пад гэты допіс збягуцца ананімы, стануць пісаць, што аўтар неаб’ектыўны, што ён кепскі грамадзянін, будуць пытацца, колькі падаткаў ён заплаціў. Нібыта і няма ў Докшыцкім раёне больш важнай тэмы для абмеркавання, чым сціплая асоба аўтара «Вестак». Пісаць жа будуць у працоўны час — не ведаю, але здагадваюся, што пішуць са сваіх працоўных месцаў у дзяржаўных установах.

Я не сцвярджаю, што ў іншых гарадах ці іншых краінах усё ідэальна. Ды неяк па-за Докшыцамі сустракаю болей пазітыўнага, а негатыўнага — меней. Дык калі хто клапоціцца пра свой добры настрой і душэўную раўнавагу, магу даць практычную параду: не заязджайце ў Докшыцы. Аб’язджайце гэты «заштатный городъ» па кальцавой дарозе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?