У сувязі з правядзеннем мотафестывалю H.O.G. Rally Minsk 24 верасня змяняюцца маршруты грамадскага транспарту, паведаміла дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс».
З 5.30 да арыентыровачна 16.00 для аўтобусных маршрутаў № 1, 69, 73, 91, 119С, 163 будзе адменена выкананне прыпынкаў «Палац спорту» і «Замчышча».
На час абмежавання руху ўсіх відаў транспарту па праспекце Пераможцаў на ўчастку ад вуліцы Мельнікайце да праспекта Незалежнасці арыентыровачна з 13.00 да 15.00 будуць змененыя трасы наступных маршрутаў:
- № 1, 69, 119С з боку вуліцы Сапёраў па прасп. Пераможцаў, прасп. Машэрава, вул. Ціміразева, вул. Кальварыйскай, вул. Раманаўская Слабада, вул. Гарадскі Вал, прасп. Незалежнасці ў абодвух кірунках з выкананнем усіх прыпынкаў на змененым участку;
- № 73, 91 з боку вул. Сапёраў па прасп. Пераможцаў, прасп. Машэрава, вул. Ціміразева, вул. Кальварыйскай, вул. Раманаўская Слабада, вул. Няміга ў абодвух кірунках з выкананнем усіх прыпынкаў на змененым участку;
- № 163 з боку вул. Прытыцкага па вул. Кальварыйскай, вул. Раманаўская Слабада, вул. Няміга ў абодвух кірунках з выкананнем усіх прыпынкаў на змененым участку.
З 10.00 да 22.00 будзе павялічаная колькасць рухомага саставу на аўтобусным маршруце № 1.
Каля 4 тысяч байкераў з 15 краін возьмуць удзел у другім мотафестывалі — закрыцці сезона 2016 года H.O.G. Rally Minsk. Гэта матацыклісты з Беларусі, Расіі, краін Балтыі, Заходняй Еўропы, ЗША. Беларускія тураператары распрацавалі для ўдзельнікаў фестывалю 10 спецыяльных мотамаршрутаў па краіне.
Калона, якая складаецца больш чым з 2 тысяч матацыклістаў, у суправаджэнні спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» УДАІ МУС пройдзе ад Кургана Славы да Палаца спорту. Гледачы змогуць назіраць гэты мотапарад анлайн на вялікім экране і ў інтэрнэце. Каля Палаца спорту будзе працаваць 20 пляцовак. У канцэртнай праграме заяўленыя беларускія выканаўцы Дзядзя Ваня, «Дразды», «Цягні-Толкай». Хэдлайнеры мерапрыемства — Дыяна Арбеніна з гуртом «Начныя снайперы» і латвійскі рок-гурт Brainstorm.