Расея сёньня нагадвае Нямеччыну 1933 г. альбо Італію сярэдзіны 1920-х гг. Яна можа пайсьці шляхам гэтых дзьвюх краін, а можа спатыкнуцца і знайсьці шлях да пэўнай формы дэмакратыі. Піша Аляксандар Матыль.

Важна называць рэчы сваімі імёнамі і не займацца непатрэбным пераліваньнем з пустога ў парожняе. Называючы сыстэмы сапраўднымі імёнамі, можна рабіць палітычна рэлевантныя высновы. Якую палітычную сыстэму стварыў Уладзімер Пуцін у Расеі? У Крамлі надаюць перавагу тэрміну «кіраваная дэмакратыя»; большасьць аглядальнікаў называюць яе аўтарытарнаю. Знайшлося нават колькі сьмельчакоў, якія прапанавалі тэрмін «фашызм» як найбольш адпаведны.

Трэба выбраць адпаведнае азначэньне. Калі Расея сапраўды дэмакратычная краіна, то, найбольш верагодна, пэрыяд пагаршэньня адносінаў Расеі з Захадам скора міне, бо супольныя каштоўнасьці і пэрспэктывы з часам выйдуць на першы плян. Але калі Расея, наадварот, сапраўды аўтарытарная ці нават фашысцкая, тады сьвету, мусіць, варта падрыхтавацца да далейшага пагаршэньня стасункаў з усё больш агрэсіўнай Расеяй. Па-трэцяе, надзвычай важна ведаць, якою Расея ёсьць цяпер, калі Пуцін неўзабаве пакіне пасаду прэзыдэнта. Калі ён сапраўды стварыў трывалую палітычную сыстэму, то яна, найбольш верагодна, перажыве ягоны сыход зь першай пасады ў дзяржаве. Калі ж, зь іншага боку, гэтая сыстэма толькі пераходная, тады сыход Пуціна можа спрычыніцца да крызісу і, магчыма, да павароту да большай дэмакратыі.

І яшчэ адна — апошняя — уступная заўвага. Няслушна было б уважаць, што ўжываньне адносна Расеі тэрміну «фашысцкая» абавязкова азначае палітыку канфрантацыі. Няма ніякіх падставаў не супрацоўнічаць з фашысцкай Расеяй; можна нават сьцьвярджаць, што супрацоўніцтва неабходнае толькі таму, што Расея — фашысцкая. Ня меншаю памылкай было б уважаць, што залічэньньне Расеі да дэмакратычных дзяржаў зь неабходнасьцю азначае наладжаньне зь ёй супрацоўніцтва. Відавочна, што дэмакратычныя краіны могуць быць агрэсіўнымі і дзейнічаць насуперак чыімсьці інтарэсам. І хоць, можа, і праўда, што ў канчатковым выніку «дэмакратыі не ваююць», ня менш слушна будзе адзначыць, што падчас доўгага руху да гэтага канчатковага выніку яны не абавязкова супрацоўнічаюць.

Што такое фашызм?

Тэрмін «фашызм» часьцяком ужываецца, у прыватнасьці левымі, як эпітэт, але ж у сапраўднасьці гэта цалкам нармальны сацыялягічны тэрмін, які азначае пэўны тып палітычнай сыстэмы. Усе пагодзяцца, што фашысцкія дзяржавы — аўтарытарныя, г. зн. ім не стае фундамэнтальных атрыбутаў як дэмакратыі, гэтак і таталітарызму. Адрозна ад дэмакратыі, фашысцкія сыстэмы ня маюць паўнавартасных парлямэнту, суду, партый, палітычнай канкурэнцыі і выбараў. Асноўнае слова тут — паўнавартасных: у фашысцкай сыстэме, як і ва ўсіх аўтарытарных сыстэмах, парлямэнт — гэта шаблённая інстытуцыя, суды выконваюць волю кіраўніка, апазыцыйныя партыі ня маюць істотнага значэньня ці ўплыву, а вынікі выбараў вядомыя загадзя. Адрозна ад таталітарных дзяржаваў, фашысцкія не пранікаюць ва ўсе аспэкты палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага ды культурнага жыцьця краіны, не ствараюць усёабдымных ідэалёгій, у якіх нібыта можна знайсьці адказы на ўсе жыцьцёвыя пытаньні. Замест таго фашысцкія дзяржавы, як і ўсе аўтарытарныя, намагаюцца толькі ўплываць і кантраляваць гэтыя аспэкты жыцьця ды самі імкнуцца прытрымлівацца пэўнага сьветапогляду.

Як і аўтарытарныя, фашысцкія дзяржавы надзвычай цэнтралізаваныя і герархічныя, ва ўладных структурах пачэснае месца належыць вайскоўцам ды паліцэйскім, зазвычай супрацоўнікам спэцслужбаў, і яны заўжды маюць правадыра. Сапраўды, фашысцкай дзяржавы без безумоўнага правадыра быць ня можа. Як і аўтарытарныя дзяржавы, яны абмяжоўваюць свабоду прэсы, свабоду слова ды свабоду сходаў. Як і аўтарытарныя дзяржавы, яны адкідаюць сацыялізм і прымаюць капіталізм, г. зн. апасродкавана прызнаюць прыватную ўласнасьць і аўтаномію капіталістаў. Як аўтарытарныя дзяржавы, яны збольшага падзяляюць пэўную форму гіпэрнацыяналізму, праслаўляючы ўласную нацыю ды яе легендарныя мінуўшчыну, сучаснасьць і будучыню. Але фашысцкія дзяржавы заходзяць далей за аўтарытарныя ў фэтышызацыі дзяржавы, яе славы й магутнасьці.

Аднак фашысцкія дзяржавы — гэта ня проста звычайныя аўтарытарныя дзяржавы, якіх збольшага асацыююць з суворымі старцамі, якія кіруюць панурым грамадзтвам. Фашысцкія дзяржавы, наадварот, выпраменьваюць маладосьць і сілу, а таксама заўсёды ўцягваюць насельніцтва ў працэс самапрыгнёту. Фашысцкія лідэры ганарыстыя, яны хочуць здавацца маладымі, мужнымі й актыўнымі. Таксама яны апэлююць да адпаведных якасьцяў людзей, набіраючы моладзь у свае партыі ды рухі. Ня менш важнае і тое, што фашысцкія дзяржавы папулярныя: яны залучаюць насельніцтва ў сыстэму кіраваньня, абяцаючы яму вялікую і слаўную будучыню ўзамен на энтузіязм і падтрымку. Фашысцкія лідэры асабліва папулярныя тады, калі падаюць сябе за ўвасабленьне найлепшых рысаў нацыі ды яе адзіную надзею на будучыню.

Няма дзіва, што фашысцкія дзяржавы схіляюцца да агрэсіўнай рыторыкі або становяцца дзяржавамі-агрэсарамі. Вайскоўцам і супрацоўнікам паліцыі, якія кіруюць фашысцкімі дзяржавамі, уласьцівая прыродная схільнасьць да жорсткасьці і зброі. Гіпэрнацыяналізм, дзяржава-фэтыш і культ сілы фашысцкіх дзяржаў абумоўліваюць тое, што яны паўсюль бачаць ворага. Культавы статус лідэраў заахвочвае іх з жарсьцю біць сябе ў грудзі. А ўцягненьне насельніцтва ў самапрыгнёт прымушае іх балянсаваць паміж самапрыніжэньнем і спробамі прынізіць іншых.

Агульна кажучы, фашысцкія дзяржавы — гэта аўтарытарныя дзяржавы, якія маюць колькі асаблівых характарыстык: моцныя і энэргічныя лідэры, культ моцнага і энэргічнага лідэра, інэртнае насельніцтва, якое ахвотна прызнае моцнага і энэргічнага лідэра і тым самым актыўна ўцягваецца ў прыгнёт сябе самога. Такім чынам, фашысцкія дзяржавы — гэта аўтарытарныя дзяржавы, якія праслаўляюць сілу і энэргію кіроўнай эліты і чыё падлеглае насельніцтва робіць тое самае.

Ці Расея фашысцкая?

З гэткага гледзішча Гішпанія Франка, Чылі Піначэта ды Грэцыя «чорных палкоўнікаў» былі толькі звычайнымі аўтарытарнымі дзяржавамі. Такой самай дзяржавай сёньня ёсьць Кітай. Адрозна ад усіх іх, Італія Мусаліні ды Нямеччына Гітлера (хоць яна мела і таталітарныя амбіцыі) былі яскрава фашысцкімі. Такой можа зрабіцца Вэнэсуэла Чавэса, але толькі ў тым разе, калі ён не збудуе сапраўднага сацыялізму. А што з Расеяй Пуціна?

Яе дэмакратычныя інстытуцыі ў найлепшым разе перабываюць у стане агоніі пасьля ператварэньня іх у паслухмяны інструмэнт Крамля;

грамадзянская супольнасьць і прэса жорстка абмежаваныя ў правах накшталт гітлераўскай Gleichschaltung (уніфікацыя, правядзеньне да агульнага назоўніка) грамадзтва ў 1933—1934 гг.;

ва ўсіх уладных колах пераважаюць прадстаўнікі ўзброеных сілаў і спэцслужбаў — сілавікі, якія напаўняюць іх антыдэмакратычным духам;

дзяржава падтрымлівае капіталізм, адначасова кантралюючы яго стратэгічныя рашэньні на ключавых прадпрыемствах, асабліва ў энэргетычнай, абароннай, вуглездабывальнай і апрацоўчай прамысловасьці;

расейскую дзяржаву адкрыта праслаўляюць як праўдзівы фэтыш;

Уладзімер Пуцін ёсьць безумоўным лідэрам, ягоны вобраз выпраменьвае энэргію, маладосьць і мужнасьць;

разнастайныя фанатычна прапуцінскія моладзевыя арганізацыі паводзяць сябе як авангард дзяржавы;

насельніцтва цалкам падтрымлівае Пуціна, прычым ад пачатку ягонага прэзыдэнцтва;

гіпэрнацыяналізм, пастаянны рост недаверу да замежнікаў унутры і звонку краіны, адпаведнае праслаўленьне мінулага (улучна са злачынным пэрыядам сталінізму) і сучаснасьці Расеі фармуюць афіцыйны сьветапогляд;

Расея заваявала сваё «належнае» месца пад сонцам праз энэргетычны шантаж Украіны, Беларусі ды краінаў Балтыі, інфармацыйную вайну супраць Эстоніі, правакацыі супраць Грузіі, захоп зямель на паўночным полюсе ды іншыя формы агрэсіўных паводзінаў.

Спасярод усіх гэтых чыньнікаў цэнтральнае месца займаюць паказная энэргія Пуціна ды добраахвотная самаадданасьць насельніцтва. Як і Мусаліні, Пуцін аддае перавагу стылёваму цёмнаму адзеньню, што падкрэсьлівае сур’ёзнасьць ды суворасьць. Як Мусаліні, Пуцін любіць фатаграфавацца са зброяй ды іншым вайсковым рыштункам. І, як Мусаліні, Пуцін любіць дэманстраваць сваю фізычную форму. А ўзровень падтрымкі Пуціна сярод расейцаў ніколі не спадаў ніжэй за 70 %. Стандартнае тлумачэньне такога энтузіязму — хоць, можа, сапраўды Пуцін амаль нічога не зрабіў для матэрыяльнага паляпшэньня жыцьця расейцаў — такое: яны ўдзячныя за тое, што Пуцін зьбярог у іх пачуцьцё гонару за сябе ды за сваю краіну, якую раней прыніжалі. Такое самае пачуцьце гонару складала ядро падтрымкі Гітлера.

Сапраўды, уражвае тое, наколькі шлях разьвіцьця постсавецкай Расеі нагадвае шлях, які прайшла Нямеччына пасьля Першай усясьветнай вайны. Абедзьве краіны зазналі стратэгічную паразу, страцілі свае імпэрскія пазыцыі ды прайшлі праз моцнае нацыянальнае прыніжэньне. Затым абедзьве краіны перажылі сур’ёзныя эканамічныя крызісы пад кіраўніцтвам слабых ды карумпаваных дэмакратычных рэжымаў. Абедзьве краіны вінавацілі дэмакратыю ды яе ўнутраных ды замежных прыхільнікаў за свае памылкі. Абедзьве краіны зьвярнуліся да гіпэрнацыяналізму, фэтышызацыі дзяржавы ды жорсткага кіраўніцтва. У абедзьвюх краінах да ўлады прыйшлі аўтакраты — дарэчы, легітымным шляхам, — якія выкарыстоўвалі гатоўнасьць народу падпарадкавацца моцнай асобе для станаўленьня аўтарытарных рэжымаў.

Хоць Расеі Пуціна ўласьцівыя характэрныя рысы фашызму, яны яшчэ не набылі формы кансалідаванай, стройнай ды цалкам стабільнай палітычнай сыстэмы. Гэтыя азнакі зьявіліся спантанна цягам апошніх гадоў, і хоць цяпер яны цалкам відавочныя, дагэтуль няясна, як доўга яны праіснуюць. У гэтым сэнсе Расея сёньня нагадвае Нямеччыну 1933 г. альбо Італію сярэдзіны 1920-х гг. Яна можа пайсьці шляхам гэтых дзьвюх краін, а можа спатыкнуцца і знайсьці шлях да пэўнай формы дэмакратыі. У прыватнасьці, сыход Пуціна, што мае адбыцца ў 2008 г., стане тэстам на трываласьць гэтай сыстэмы. Таму Расею можна ахарактарызаваць як некансалідаваную фашысцкую дзяржаву. Калі Пуцін пакіне пасаду прэзыдэнта і гэтая сыстэма застанецца альбо нават умацуецца, можна будзе сьцьвярджаць, што пераходны пэрыяд закончыўся звычайным фашызмам. Калі ж сыстэма ня вытрымае альбо зазнае значныя зьмены ў кірунку дэмакратыі, гэта будзе сьведчаньнем няўдалага пераходу.

Выклікі для фашысцкай Расеі

Некансалідаваная фашысцкая Расея паўстае перад трыма выклікамі:

1. Усе фашысцкія дзяржавы застрашваюць суседзяў і правакуюць іх абараняцца ад адчувальных пагроз, якія вынікаюць з паводзінаў ды самахвальства фашысцкіх дзяржаў. У гэтым сэнсе фашысцкі гіпэрнацыяналізм робіцца самарэалізаваным прароцтвам — стварае ворагаў, якімі потым абгрунтоўвае сваё існаваньне. Як вынік, чым далей Расея будзе заставацца фашысцкай або некансалідаванай фашысцкай дзяржавай, тым болей яе суседзі будуць запалоханыя ды падазроныя. Гэтыя суседзі з часам аб’яднаюцца, будуць шукаць саюзьнікаў і/або будуць намагацца ўзмацніць сваю вайсковую і эканамічную бясьпеку і будуць разглядаць уласнае расейскамоўнае насельніцтва як патэнцыйную пятую калёну. Іх абарончыя рэакцыі будуць толькі ўзмацняць перакананасьць уладных колаў у Расеі ў тым, што неабходна ўзмацняць уладу і для абароны бацькаўшчыны, і для абароны сваіх «пакінутых братоў» у нерасейскіх дзяржавах. У пэўны момант напружаньне ў гэтым зачараваным коле лёгка можа перарасьці ў збройны канфлікт, асабліва калі групы расейцаў, якія жывуць у нерасейскіх дзяржавах, зьвернуцца да Расеі па «братнюю» дапамогу.

Моцныя фашысцкія дзяржавы, сутыкнуўшыся зь нефашысцкім атачэньнем, могуць намагацца ўсталяваць панаваньне над суседзямі. Безумоўна, раз усе дзяржавы ёсьць патэнцыйнымі ворагамі, моцныя фашысцкія дзяржавы часта распачынаюць войны, пераацэньваючы свае сілы, у выніку чаго зазнаюць паразу. Ніводная дзяржава не настолькі моцная, каб перамагчы кааліцыю праціўнікаў, якая заўжды будзе мець перавагу ў сіле ды колькасьці. Слабыя фашысцкія дзяржавы — такія, як Расея — могуць адказваць нефашысцкаму атачэньню спробамі ўзмацніць сваю ўладу альбо яшчэ большым біцьцём у грудзі. Ва ўсякім разе гэта выклікае ў суседзяў яшчэ большы страх, і кола не размыкаецца.

2. Фашысцкія дзяржавы нестабільныя з трох відавочных прычынаў:

Культ энэргічных лідэраў немагчыма падтрымліваць вечна, бо лідэры старэюць або робяцца немагучымі. Гэтую праблему магло б разьвязаць пастаяннае амаладжэньне дзяржаўнага кіраўніцтва, калі б ня тое, што фашысцкія лідэры ня хочуць паступацца сваім уладным становішчам. Таму рана ці позна фашысцкія лідэры страчваюць сваю асноўную легітымнасьць, і калі гэта адбываецца, іхныя прыхільнікі і падданае насельніцтва пачынаюць шукаць альтэрнатыўных ідалаў. Калі Пуцін сапраўды пакіне сцэну і паселіцца на сваім лецішчы, ён прынамсі часова прыпыніць пераход Расеі да фашызму. Калі ж, як чакае большасьць аналітыкаў, ён і далей будзе аказваць уплыў у якой заўгодна іпастасі, то гэта толькі паскорыць працэс пераходу да фашызму. Ва ўсякім разе, Пуцін, хоць пакуль ён яшчэ малады, такім назаўжды не застанецца. А стары і хворы лідэр ня зможа дэманстраваць маладосьць, сілу ды мужнасьць у тыпова фашысцкім стылі.

Народнае прыніжэньне і гатоўнасьць падпарадкавацца неабмежаванай уладзе ёсьць слабай асновай для пабудовы дзяржавы. Рана ці позна расейцы перастануць пачувацца прыніжанымі, і калі гэта адбудзецца — а гэта адбудзецца немінуча, калі іх дабрабыт, інтэграванасьць у сьвет і яго прыцягальнасьць узмоцняцца, — яны будуць намнога менш схільныя прызнаваць культ лідэра і аўтарытарную ўладу закулісных сілавікоў. Няма сумневу, расейская палітычная культура можа быць аўтарытарнай і зьберагаць фашызм. Але стратэгічныя сэктары расейскага грамадзтва — сярэдняя кляса, інтэлігенцыя, моладзь — усё больш адкідацьмуць гэтую культуру і стануць крыніцай новага мысьленьня аб расейскай палітыцы.

Фашысцкія рэжымы заўсёды фрагмэнтаваныя. Празьмерная цэнтралізацыя ўлады ў руках галоўнага лідэра мае забясьпечыць каардынацыю ды пакорлівасьць эліты; замест таго, як гэта было ў Нямеччыне за Гітлерам ды ў Італіі за Мусаліні, яна схіляла эліту да змаганьня за прыхільнасьць лідэра, да назапашваньня рэсурсаў, пабудовы ўласных імпэрыяў і да адмовы ад супрацоўніцтва з калегамі-супернікамі. Таму фашысцкія рэжымы дужа крохкія, а калі лідэр спатыкнецца — што немінуча адбываецца — або сыдзе са сцэны, наступнікі ўступаюць у сутычку за ўладу. Так робячы, яны ня толькі аслабляюць рэжым, але і адначасова даюць зразумець, што сыстэма ня ёсьць грандыёзным маналітам, як яны паказваюць гэта свайму насельніцтву.

3. Пераходныя дзяржавы, такія, як Расея, асабліва няўстойлівыя, таму што пераход ад дэмакратыі да фашызму ці наадварот — гэта заўсёды нестабільны працэс. Наступныя два гады будуць асабліва складанымі для Расеі, бо давядзецца сутыкнуцца або з сапраўды постпуцінскай палітычнай сыстэмай або зь нібыта постпуцінскай палітычнай сыстэмай, якой і далей будзе кіраваць Пуцін. У кожным разе расейская палітыка будзе надзвычай незбалянсаваная. Калі Пуцін сапраўды сыдзе, расейцам давядзецца вызначыцца, хто, калі ўвогуле хто-небудзь, зможа замяніць яго як харызматычнага, моцнага й энэргічнага лідэра. Калі такая асоба ня знойдзецца, нямала атрыбутаў пераходнай фашысцкай сыстэмы Расеі адамрэ. Калі ж, наадварот, Пуцін застанецца ў ролі лялькавода, то паміж ім як «нацыянальным лідэрам» дэ-факта і ягоным наступнікам як лідэрам дэ-юрэ ўзьнікне пэўнае напружаньне. Гэта немінуча паўплывае на эфэктыўнасьць сыстэмы і яе магчымасьць захаваць падтрымку мас.

Словам, фашысцкая Расея стаіць перад сур’ёзнай рызыкай распаду ў недалёкай будучыні. Пераацэнка сваіх сілаў можа вычарпаць рэсурсы дзяржавы і прывесьці альбо да прынізьлівай ваеннай паразы, альбо да нарастаючага заняпаду дзяржаўных інстытутаў. Зазвычай культ лідэра доўжыцца датуль, пакуль лідэры заснавальнікі — бясспрэчна харызматычныя заснавальнікі і «заканадаўцы» — энэргічныя. Прыніжанае насельніцтва ўрэшце адмовіцца ад прыніжэньня і зьвернецца да тых формаў самаідэнтыфікацыі, якія яго найбольш задавальняюць. Сутычкі сярод эліты падрываюць моц сыстэмы ды разбураюць яе імідж. А пераход, па сваёй сутнасьці, — пэрыяд нестабільнасьці. Ня выключана, што Расеі давядзецца сутыкнуцца з камбінацыямі ўсіх тых рызыкаў цягам колькіх наступных гадоў.

Выклікі для сьвету

Што б ні адбылося ў Расеі, гэта адчуе на сабе астатні сьвет. У найгоршым выпадку Расея ператворыцца ў кансалідаваную фашысцкую дзяржаву і магчымасьць экспансіянізму і агрэсіі стане цалкам рэальнай. У найлепшым выпадку Расея стане нестабільнай фашысцкай дзяржавай пераходнага тыпу і патэнцыйны поўны распад сыстэмы стане рэальным у недалёкай будучыні. Як у такім разе мае адрэагаваць сьвет?

Перадусім прызнаць, што Расея ёсьць не дэмакратычнай, а аўтарытарнай фашысцкай дзяржавай. Калі называць усё сваімі імёнамі, будзе зразумела, што прычынаў для самазаспакаеньня няма.

Па-другое, варта прызнаць, што Расея ёсьць і надоўга застанецца вельмі слабай у вайсковым пляне, каб уяўляць зь сябе сур’ёзную пагрозу для сьвету. Узбраеньне Расеі састарэла, а яе ядравая зброя, хоць і выклікае страх, непрыдатная як аргумэнт вядзеньня замежнай палітыкі. Аднак Расея можа выкарыстаць свае велічэзныя запасы энэргіі як рычагі ўплыву на суседзяў ды астатні сьвет. Гэтую магчымасьць можа зьнівэляваць курс на зьніжэньне ўзроўню энэргетычнай залежнасьці ад Расеі; апроч таго, гэта пазбавіць Расею магчымасьці нарошчваньня вайсковай магутнасьці.

Па-трэцяе, варта прызнаць, што сёньняшняя самаадданасьць расейскага народу, без сумневаў, ня будзе доўжыцца вечна, і рана ці позна пэўныя важныя элемэнты будуць імкнуцца да самасьцьвярджэньня і аўтаноміі. Гэты сэгмэнт расейскага грамадзтва варта падтрымліваць, заахвочваць і паджыўляць, а найлягчэйшым і найэфэктыўнейшым спосабам дасягнуць гэтага будзе інтэграцыя Расеі ў міжнародную супольнасьць і ўцягваньне яе ва ўсе формы глябальных працэсаў.

Па-чацьвертае, трэба прызнаць, што цалкам фашысцкая альбо нестабільная Расея будзе простай пагрозай для сваіх суседзяў — нерасейскіх дзяржаваў былога Савецкага Саюзу ды Ўсходняй Эўропы. Варта супакоіць іхныя нэрвы ды гарантаваць ім бясьпеку. Польшча, Украіна, краіны Балтыі, Грузія, Азэрбайджан і Цэнтральная Азія — усе гэтыя краіны маюць сур’ёзныя прычыны насьцярожанага стаўленьня да Расеі. Пэрыядычныя ўварваньні расейскіх войск, брутальныя спробы калянізацыі ды нежаданьне Расеі адмовіцца ад сваёй сталінскай мінуўшчыны — усё гэта досыць сур’ёзныя падставы для недаверу. Калі дадаць да гэтага няспынны рух Расеі ў бок фашызму ды нежаданьне заходніх дзяржаваў прызнаваць, што ёсьць прычыны для неспакою, дык няма дзіва, што суседзі Расеі пачуваюцца так, нібы іх разглядаюць перш за ўсё як нязручныя перашкоды на шляху транспартаваньня расейскага газу ды нафты.

Нарэшце, варта прызнаць, што фашысцкая Расея нядоўга будзе такой заставацца. Хутчэй раней, чым пазьней, фашысцкая Расея зазнае крах. І тут перад сьветам паўстаюць два варыянты: крах Расеі будзе вынікам альбо ўнутранай слабасьці сыстэмы, альбо агрэсіі ды пераацэнкі ўласных сілаў. Першы варыянт будзе больш прывабным сцэнарам, але гэта адбудзецца толькі ў тым разе, калі суседзі Расеі зьберагуць сваю бясьпеку і стабільнасьць і ня стануць сучасным увасабленьнем перадваенных Чэхаславаччыны ці Аўстрыі.

* * *

Аляксандар Матыль — прафэсар паліталёгіі Ратгерскага ўнівэрсытэту (Ньюарк). Апошняя навуковая праца — «Imperial Ends: The Decay, Collapse, and Revival of Empires» (Нью-Ёрк, 2001). Тэкст друкуецца з ласкавага дазволу рэдакцыі кіеўскага часопісу «Критика», дзе ён быў упершыню апублікаваны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?