Раз на тыдзень на хвалях Аўтарадыё будзе гучаць беларуска-польскі радыйны праект. Кожны чацвер а 17.00 на хвалі 105.1 FM можна будзе пачуць перадачу «Варшаўскі мост».

Слухачы беларускай сталіцы ды ваколіцаў атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з сучаснай польскай музыкай, даведацца пра суседнюю краіну ў кантэксце культуры, эканомікі, традыцый, а таксама нагадаць сабе супольную гісторыю Польшчы і Беларусі. Акрамя таго, Польскае радыё падрыхтавала шмат цікавых падарункаў, а каб іх атрымаць, трэба падчас эфіру адказаць на няцяжкія пытанні. Нагадаю, што гэта супольны праект Аўтарадыё ды Беларускай службы Польскага радыё. Разам з Валерам Саўкам з Польскага радыё у студыі працуе Фаль Пуцёвы, журналіст мінскай радыёстанцыі.

Супрацоўніцтва Польскага радыё з мінскім Аўтарадыё працягваецца ўжо пяць гадоў. Першапачаткова перадачы Польскага радыё гучалі на хвалях у Мінску два разы ў год. Цяпер формула мяняецца, і гадзінную перадачу можна слухаць кожны чацвер. Падчас апошняй перадачы ў красавіку ў эфір спрабавала датэлефанавацца каля 10 тыс. чалавек.

Аўтарадыё было заснаванае на пачатку 90-х. Гэта, бадай, адзіная камерцыйная радыёстанцыя ў Беларусі, якая належную ўвагу аддае менавіта беларускай музыцы. Акрамя таго, частка перадач на Аўтарадыё гучыць па-беларуску. Аўдыторыя згаданай мінскай радыёстанцыі складае каля 3 млн. чалавек.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?