25 верасня ў прасторы «Корпус 8» адбылося ўрачыстае закрыццё «Тыдня беларускага мыслення» — яскравай падзеі, якая прадставіла ўсю разнастайнасць формаў і праяваў беларускага мыслення ў сучасным беларускім грамадстве.

Гэта ўсё не значыць, што мы памыслілі тыдзень і разышліся па сваіх справах, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. — Але гэта пэўнае прад’яўленне навонкі, размяшчэнне здабыткаў у больш шырокай публічнай прасторы. Гэтак жа як, напрыклад, бізнесоўцы ў «Тыдзень бізнеса», мы прэзентвалі грамадству тое, што стварылі.

Праект «Год беларускага мыслення» і асабліва — «Тыдзень беларускага мысленя» — абсалютна ўнікальны, нідзе ніколі нічога падобнага не было. Я віншую ўсіх з нараджэннем падзеі! — выказаўся філосаф, літаратар, кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіума Валянцін Акудовіч.

«Тыдзень» падвёў вынікі не толькі «Года беларускага мыслення», які быў абвешчаны ў траўні 2015 г. стартам супольнага праекта «Цытуй сваё», але і пэўнай эпохі ў 30 год, акрэсленай тэкстамі двух «Анталогій сучаснага беларускага мыслення».

Адна з асноўных думак, якая гучала і падчас выніковай дыскусіі «Беларускае мысленне: quo vadis?», і падчас урачыстай цырымоніі закрыцця: «Беларускае мысленне і мысляры ёсць! Ім больш не трэба змагацца за існаванне і прызнанне.» А разнастайнасць мерапрыемстваў праграмы «Тыдня» дае падставу казаць пра злом стэрэатыпнага ўяўлення «мысленне — ёсць выключна філасофія». Дзякуючы арганізатарам і ініцыятывам, якія далучыліся да правядзення «Тыдня», удзельнікі ўбачылі, што ў інтэлектуальную прастору патрапляюць і музыкі, і архітэктары, і этнографы, і вікіпедысты, і эколагі. Такім чынам за гэты «Тыдзень» беларускае мысленне істотна пашырыла мяжу ўспрымання самога сябе.

Гэты тыдзень даў погляд на зробленае, на нашу інтэлектуальную гісторыю і сучаснасць, якая вымагае аналізу, разумення і дае магчымасць размяшчэння сябе ў кантэксце інтэлектуальнай прасторы і культуры. Але найбольш каштоўнымі сталі сустрэчы з людзьмі, думкамі, праблемамі, якія будуць скіроўваць нашую працу надалей, — адзначыла адна з арганізатарак «Тыдня», каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

Якім бачыцца мысленне і мысляры далей?

Наступны крок — зрабіць мысленне яшчэ больш прыцягальным і цікавым для беларусаў. Бо сёння гэта своеасаблівая сцэна, прастора, дзе кожны чалавек з любой сферы, якому ёсць што сказаць, мае права смела прадставіць і абмеркаваць свае ідэі. З іншага боку беларускаму мысленню варта пашыраць кантэкст, пераходзіць ад лакальных праблем Беларусі да больш глабальных і амбітных тэм. У стварэнне новага зместу мусяць уключацца новыя імёны. І, магчыма, акурат некаторых новых героеў сучаснага беларускага мыслення мы ўбачылі падчас узнагароджання пераможцаў конкурсу эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты». Трэцяе месца заняла Таццяна Урублеўская-Токер з эсэ «Уладзімір Фурс: Беларусь тут і цяпер», другое — Антось Уласенка з тэкстам «На другіх шляхох». Пераможцам конкурсу эсэ з працай «А хто там і дзе?» стаў Міхаіл Бараноўскі. Усе пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі, а іх працы будуць апублікаваныя на сайтах Лятучага ўніверсітэта, грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», «Беларусского журнала», а таксама ўвойдуць у Альманах, што будзе выдадзены напрыканцы 2016 года. Арганізатары яшчэ раз шчыра віншуюць пераможцаў!

Верагодна, тэксты песняў Лявона Вольскага, які выступіў з файным канцэртам напрыканцы цырымоніі, таксама маглі б увайсці ў які-небудзь спецыяльны раздзел новай «Анталогіі беларускга мыслення». Калі ўсе спрэчкі сціхаюць, а заля голасна спявае разам — дасягнуць такога эфекта можа толькі сапраўдны музыка-мысляр!

Арганізатары ўдзячныя усім партнёрам (Міжнароднаму кансорцыуму «ЕўраБеларусь», Лятучаму ўніверсітэту, грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», Беларускаму Калегіуму, курсам «Мова Нанова», кнігарне «Логвінаў» і Інстытуту палітычных даследаванняў «Палiтычная сфера») і ініцыятывам, якія далучыліся да правядзення «Тыдня» ў Мінску і рэгіёнах; а таксама ўсім удзельнікам мерапрыемстваў праграмы і прадстаўнікам СМІ за дапамогу ў распаўсюдзе інфармацыі і аўтарскія артыкулы (Eurobelarus.info, «Заўтра тваёй краіны», «Новы час», «Наша Ніва», Naviny.by, Citydog.by і іншыя). Асабліва варта адзначыць генеральнага інфармацыйнага партнёра — незалежны аналітычны рэсурс «Беларусский журнал», які зрабіў з нагоды «Тыдня беларускага мыслення» столькі матэрыялаў, што на прачытанне і іх аналіз у вас пойдзе яшчэ не адзін тыдзень. Абавязкова зазірніце!:)

Чакаем вашых каментароў, рэфлексій на скрыню [email protected], а таксама ў суполцы мерапрыемства ў Facebook.

Да сустрэчы на інтэлектуальнай прасторы беларускага мыслення!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0