У Мінску сталічная ДАІ аштрафавала веласіпедыста, які ехаў «без рук» на адну базавую — 21 рубель. 25-гадовы Антон ездзіць на ровары ўжо больш за 15 гадоў, а апошнія тры гады — нават зімой. Хлопец распавёў AUTO.TUT.BY, якім чынам ён атрымаў штраф.

«Ехаў міма «Мінск-Арэны» па веладарожцы. І мне трэба было здагадацца ўзяцца за руль, бо ў горадзе праводзілася закрыццё мотасезона, а экіпажы ДАІ стаялі праз кожныя 500 метраў. Але чамусьці я гэтага не зрабіў. За гэта я атрымаў штраф у 21 рубель. На месцы не аплаціў — грошай не было. Таму на мяне проста склалі пратакол і запрасілі для разгляду ў ДАІ. І я не супраць яго заплаціць — «накасячыў» — сам буду адказваць, але, здаецца, у нас ёсць больш надзённыя праблемы акрамя веласіпедыстаў», — кажа Антон.

І па законе Дзяржаўтаінспекцыя мае рацыю. Ёсць пункт 153.2 ПДР, згодна з якім рухацца на ровары, не трымаючыся за руль і не трымаючы ногі на педалях, забаронена.

Але хлопцы з Мінскага веласіпеднага таварыства, а менавіта член праўлення МВІ Яўген Харужы растлумачыў, чаму такі штраф на фоне іншых правапарушэнняў выглядае крыху дзіўным.

— У ПДР ёсць пункт, што пры руху веласіпедыст абавязаны трымацца за руль дзвюма або адной рукой, калі ён паказвае нейкія сігналы. Але дасведчаныя веласіпедысты ведаюць, што калі едзеш па прамым участку і няма ніякіх нечаканых сітуацый, дарога не загружана, пустая, то і кіравальнасць роварам ніяк не зніжаецца, нават калі едзеш «без рук». Да таго ж веласіпедысты часам адпускаюць руль, каб банальна расцерці спіну, напрыклад. Вядома, калі гэта была агрэсіўная язда, спроба праязджаць перакрыжаванне без рук — тады калі ласка: можна штрафаваць. Але ў нас ёсць куды больш глабальная праблема: у нас веласіпедысты часам ездзяць без катафотаў, без ліхтароў і калі веласіпедыста заўважаеш у цемры ў апошні момант — вось гэта рэальная праблема. У такім выпадку ў ДАІ нам кажуць, што ў іх няма рэсурсаў адсочваць гэтыя сітуацыі. Таму я вельмі здзівіўся гэтай нагодзе.

У сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі заўважылі, што выпадак сапраўды меў месца.

— У апошні час колькасць веласіпедыстаў на дарогах значна павялічылася. Вырасла і хуткасць іх перамяшчэння. У сувязі з гэтым мы паступова ўзмацняем кантроль за гэтай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху. Зараз мы не гатовыя назваць колькасць прыцягнутых да адказнасці веласіпедыстаў, але такія выпадкі нярэдкія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?