У найбліжэйшай перспектыве беларускія ўлады не плануюць выконваць рэкамендацыі Міжнароднага валютнага фонду, які настойвае на павышэнні для беларусаў пенсійнага ўзросту да 65 гадоў. Гэта вынікае з адказу намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака на пытанне журналістаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 верасня.

«Я не ведаю ніякай рэкамендацыі МВФ, я ведаю, што ў нас прыняты ўказ прэзідэнта № 137 ад 11 красавіка, які прадугледжвае павышэнне пенсійнага ўзросту кожныя паўгода. І ён набудзе моц толькі 1 студзеня 2017 года. Таму я думаю, паспешліва казаць пра нейкія новыя рашэнні», — заявіў намеснік міністра.

Разам з тым Румак паведаміў, што да канца 2016 года будзе праведзены пераразлік пенсій, прадугледжаны ўказам прэзідэнта.

«Гэтае пытанне сапраўды рыхтуецца з улікам фінансавых магчымасцяў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, — сказаў ён. — Аднак я не магу пакуль сказаць, з якога часу гэта будзе і ў якім памеры. Цяпер яго вызначаюць спецыялісты для таго, каб прынятае рашэнне было забяспечанае фінансавымі сродкамі».

Нагадаем, указ, які прадугледжвае паэтапнае павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту штогод на 6 месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамi — 58 гадоў, набывае моц 1 студзеня 2017 года.

Як раней паведамлялася, на думку МВФ, нядаўна прынятае рашэнне аб паступовым павелічэнні пенсійнага ўзросту змякчыць негатыўныя дэмаграфічныя тэндэнцыі і дазволіць падтрымліваць баланс пенсійнай сістэмы да канца 2022 года. Аднак эксперты фонду настойліва рэкамендавалі беларускім уладам працягнуць рэформы, каб ліквідаваць пенсійны разрыў пасля 2022 года.

На іх думку, меры могуць уключаць: паступовае павелічэнне пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын да 65 гадоў і наступную яго прывязку да сярэдняй працягласці жыцця; пераіндэксацыю пенсійных дапамог з улікам інфляцыі, а не тэмпу росту заработнай платы ў доўгатэрміновай перспектыве (пры захаванні пэўнага змешанага варыянту для мінімальных пенсій); далейшае абмежаванне практыкі датэрміновага выхаду на пенсію; меры па стымуляванні попыту на работнікаў старэйшай узроставай групы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?