У пасольстве Украіны прайшла сустрэча з прадстаўнікамі адміністрацый Кіева, Львова і Харкава, журналістамі і турыстычнымі агенцтвамі. У прыватнасці, прадстаўнікі Украіны распавялі пра новыя турыстычныя кірункі, якія плануецца прэзентаваць падчас «Еўрабачання-2017», фіналу Лігі Чэмпіёнаў і г.д.

Антон Тараненка, начальнік упраўлення турызму Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі, распавёў, як будзе праходзіць міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне» у Кіеве:

«Еўрабачанне ўжо праходзіла ў Кіеве ў 2005 годзе. Калі мы кажам пра кантэнт, музычны складнік конкурсу — гэта на ўзровень вышэйшае шоу, чым у мінулы раз. Еўрабачанне ў Кіеве пройдзе з 1 па 15 мая. Паўфіналы адбудуцца 9 і 11 мая, фінал — 13 мая.

Конкурс пройдзе на левым беразе Кіева ў Міжнародным выставачным цэнтры. Таксама будуць дзве лакацыі «Еўраклаб» — гэта тое месца, дзе будуць адпачываць афіцыйныя дэлегацыі, журналісты, фанаты, і «Еўравёска» — туды мы запрасілі ўсе гарады Украіны, якія створаць свае фан-зоны. Квіткі ж на Еўрабачанне будуць каштаваць ад 20—30 еўра».

Пры гэтым Антон Тараненка адзначыў, што не было ніякіх матываў у тым, што менавіта Кіеў у другі раз стане месцам правядзення конкурсу: «Мы зыходзілі з меркавання, што ў сілу тых абставін, якія склаліся на ўсходзе Украіны, мы маем пэўныя фінансавыя праблемы, бо вялікая частка грошай ідзе на ўзбраенне ўкраінскай арміі. Нягледзячы на тое, што і па галасаванні Кіеў перамог, на правядзенне Еўрабачання ў іншым горадзе спатрэбілася б неймаверна вялікая колькасць грошай, бо гэта не толькі канцэртная пляцоўка, а яшчэ і інфраструктура».

Што тычацца праграмы конкурсу, начальнік упраўлення турызму адзначыў, што выступы ўкраінскіх гуртоў будуць абавязкова прысутнічаць падчас Еўрабачання. «Але мне б хацелася, каб «Акіян Эльзы», «Бумбокс» ці «Анука» выступілі ў якасці канкурсантаў, але такое магчыма, толькі калі яны перамогуць у адборачным туры».

Пры гэтым для забароненых да ўезду ва Украіну асоб палітыка застаецца ранейшай — прыехаць яны не змогуць.

«У Расіі шмат таленавітых спевакоў і гуртоў, які прыязджаюць і спакойна працуюць ва Украіне. Вось мне падабаецца рэп-выканаўца Баста, ён нават мог бы можа штосьці выйграць на конкурсе. Калі кажуць, што Украіна палітызуе Еўрабачанне, то ў сваю чаргу хачу адзначыць, што горад Кіеў гарантуе бяспеку і зробіць максімальна камфортныя ўмовы для ўсіх турыстаў, каманд і спевакоў незалежна ад краіны. Трэба зразумець пазіцыю, што калі вы знаходзіцеся ў чорных спісах любой краіны, то гэта строгае правіла паўсюль».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?