Сёння прадстаўнікі «Белпалівагаза» распавялі пра новы дакумент, які абавяжа беларусаў за свой кошт усталёўваць у кватэрах апавяшчальнікі чаднага газу. Але купляць новыя прылады прыйдзецца не ўсім, удакладнілі ў арганізацыі. Напрыклад, тым, у каго ў кватэры з газавага абсталявання, толькі пліта, гэтага рабіць не прыйдзецца.

Калі змены прымуць, то ўсталёўваць апавяшчальнікі чаднага газу (CO) трэба будзе толькі тым, у каго дома ёсць газавыя катлы, калонкі і праточныя воданагравальнікі.

— Прыбор патрэбен толькі тым, у каго абсталяванне вылучае чадны газ і адвод прадуктаў згарання адбываецца праз коміны, — растлумачыў галоўны інжынер сектара тэхінспекцыі ўпраўлення сістэм газазабеспячэння ДВА «Белпалівагаз» Ігар Петрык. — Гэта пытанне бяспекі. Таму што, калі, напрыклад, у комін выпадкова патрапіць птушка і ўсё перакрые, то небяспечныя прадукты згарання пойдуць у кухню.

Апавяшчальнікі прыйдзецца купляць і ўладальнікам газавых бойлераў з адкрытай камерай згарання. Гэта тыя, у якіх полымя відаць праз акенца. Уладальнікам прыбораў c унутранай сістэмай згарання — па жаданні.

— Кожны гаспадар свайго жыцця. Калі прыродны газ, якім мы карыстаемся, мае пах, бо ў яго дадаецца пэўнае рэчыва, то чадны газ паху і колеру не мае. І калі ўсяго 1% памяшкання напоўніцца чадным газам, то чалавек гіне на працягу пяці хвілін, — распавёў Ігар Петрык.

Плануецца, што новыя правілы набудуць моц ужо да канца года. 

Апавяшчальнік пры фіксацыі СО выдае гукавы або светлавы сігнал. Акрамя гэтага, прыбор можа перадаваць сігнал на дыспетчарскі пункт або на адсечку для перакрыцця газу ў памяшканні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?