29.09.2016 / 09:47

«Беларусам трэба пазбаўляцца ад вясковых комплексаў» 11

«Мы не цікавыя сьвету тым, чым мы на яго падобныя. Мы цікавыя тым, чым мы адрозьніваемся, а менавіта нашай народнай культурай», — сказаў Польскаму радыё удзельнік фольк-гурту «Рада» Алесь Жукоўскі.

Сябра фольк-гурту «Рада» Аляксандар Жукоўскі. Фота: Aliaksandr Papko/radyjo.net

Беларусам трэба пазбавіцца ад дурных перакананьняў пра «непаўнавартаснасьць» сваёй культуры. Толькі захоўваючы сваю мову, музыку, сьпеў беларусы будуць цікавыя іншым народам у сучасным сьвеце. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё кажуць удзельнікі фольк-гурту «Рада» Аляксандар Жукоўскі й Васіль Мардачоў. Яны бралі ўдзел у фэстывалі «Варшаўская мазаіка», які нядаўна прайшоў у польскай сталіцы. Пра тое, навошта адраджаць народную культуру з музыкамі размаўляе Аляксандар Папко.

— У адрозьненьне ад большасьці цяперашніх фолькавых гуртоў, вы выглядаеце вельмі аўтэнтычна — як сапраўдныя вясковыя музыкі 100 гадоў таму. Нават вашыя кашулі зробленыя з даматканага палатна. Раскажыце, калі ласка, крыху пра ваш гурт.

Аляксандар Жукоўскі: Першапачаткова сваёй задачай мы ставілі пераняць тую традыцыю, якая існавала й існуе ў беларускіх вёсках. Наша мэта — навучыцца сьпяваць так, як да сёньняшняга дня сьпяваюць старыя людзі ў беларускай вёсцы. І ў сваім вакальным выкананьні, і ў сваёй вопратцы мы стараемся захаваць беларускую народную культуру ў тым першасным выглядзе, у якім яна існавала, і ў якім яна да гэтага часу існуе.

— У савецкія часы беларускай культуры выдзелілі месца ў гета. Ёй была адведзена роля культуры сацыяльных нізоў, культуры вясковай, калгаснай. Затым яна зьнікла, паколькі зьнікла вёска. Які сэнс адраджаць беларускую традыцыйную культуру цяпер? Чаму вы гэтым займаецеся?

Аляксандар Жукоўскі: Беларуская нацыя — гэта нацыя, якая паходзіць зь вёскі. І ў гэтым няма нічога дрэннага. Да Другой сусьветнай вайны ў Беларусі жыло 10 мільёнаў чалавек, зь якіх амаль 80% жылі ў вёсцы. У Менску тады жылі каля 200 тысячаў чалавек. Гэта ані дрэнна, ані добра. Гэта проста факт. І ня трэба гэтага саромецца. Людзям з вясковымі каранямі недарэчна саромецца вясковых каранёў. Беларуская культура перш за ўсё жыла ў вёсцы. Я вам больш скажу: і расейская культура таксама жыла ў вёсцы. Яна не жыла ў Санкт-Пецярбургу. І польская культура таксама ў пераважнай большасьці не жыла ў Варшаве ці Кракаве. Яна таксама жыла ў вёсцы. І гэта нармальна.

Менавіта! Тое самае было з харватамі, чэхамі, славакамі, летувісамі. Усе гэтыя народы адрадзілі сваю вясковую культуру й яе не саромеюцца…

Сябра фольк-гурту «Рада» Васіль Мардачоў

Васіль Мардачоў: Нам, беларусам, пашчасьціла ў тым пляне, што нам не даводзіцца яе адраджаць. Нам проста трэба працягнуць тую традыцыю, якая ёсьць. Мы яшчэ маем магчымасьць ужывую размаўляць з носьбітамі традыцыйнай культуры. Большасьць эўрапейскіх народаў гэтай магчымасьці ўжо даўно пазбаўлена. Нашая задача — не адраджаць народную культуру па фрагмэнтах і запісах, а даць таму, што ёсьць, наступныя дваццаць гадоў жыцьця.

Цяпер вы выступаеце на фольк-фэстывалях у вялікіх гарадах. Калі мы паглядзім на публіку, якая сёньня прыйшла на ваш канцэрт у Варшаве, мы ўбачым модна апранутых людзей з айфонамі і ў дарагіх акулярах. Чаму менавіта такая публіка прыходзіць на фольк-канцэрты?

Аляксандар Жукоўскі: Музыканты, якія займаюцца клясычнай музыкай, кажуць, што толькі каля 5% людзей разумеюць клясычную музыку й цікавяцца ёй. Джазам таксам цікавяцца недзе каля 4%-5%. Фальклорная музыка ў яе аўтэнтычным, першасным выкананьні (я не кажу пра музыку зробленую «пад фольк», якую мы называем «плястмасай») таксама становіцца элітарнай. Калі ў вёсцы яна зьяўлялася папулярнай музыкай, то пасьля пераезду ў горад яна набывае элітарны характар. Як музыка, так і танец, і сьпеў зьяўляюцца візытнай карткай кожнай нацыі. Праз гэты культурны код людзі зь іншых краінаў успрымаюць адзін аднаго.

Каб зразумець лёс традыцыйнай беларускай культуры, у тым ліку музыкі й сьпеву, трэба ведаць, што Беларусь у пасьляваенныя гады перажыла вельмі моцную трансфармацыю з аграрнай краіны ў індустрыяльную. Даваенная Беларусь — гэта 10 мільёнаў чалавек, зь якіх 80% жывуць на вёсцы. У 1970-я гады з тых жа 10 мільёнаў на вёсцы застаюцца жыць толькі каля 40%. Адбыўся адзін з наймацнейшых у сьвеце працэсаў урбанізацыі. Для таго, каб сфармаваць новую прамысловасьць і адукацыйную сыстэму, у Беларусь прыяжджалі кіраўнікі, інжынэры, выкладчыкі — перадусім з Расеі. Гэтыя людзі, зразумела, займалі кіроўныя пазыцыі й фармавалі грамадзкую думку. Да гэтага трэба дадаць расейскамоўную адукацыю. Людзі, якія прыяжджалі зь вёскі ў горад, вельмі моцна хацелі стаць гарадзкімі, таму актыўна пазбываліся сваёй традыцыйнай культуры.

Мы доўга думалі, у чым заключаецца фэномэн «Песьняроў». Чаму ансамбаль «Песьняры» зрабіў расейскі чалавек — Уладзімер Мулявін, які прыехаў у Беларусь з Уралу? Адказ вельмі просты: ён ня меў вясковых комплексаў. Калі ён патрапіў у адну зь першых фальклорных экспэдыцыяў і пачуў аўтэнтычны беларускі сьпеў на высока, то ён быў у захапленьні. Ён узяў гэты мужчынскі сьпеў за аснову музыкі «Песьняроў», якую слухаў увесь Савецкі Саюз. Аднак зрабіць ён гэта змог, бо ня меў вясковых комплексаў. Ён ня быў падобны на большасьць беларусаў, якія хацелі быць аж занадта «гарадзкімі». У яго не было шораў. Нам усім трэба зьняць гэтыя шоры, нашыя комплексы і таксама ганарыцца сваім, як ганарацца ўсе астатнія нацыі. Зразумейце: мы не цікавыя сьвету тым, чым мы на ўвесь сьвет падобныя. Мы цікавыя тым, чым мы ад астатняга сьвету адрозьніваемся. Таму беларусы павінныя захоўваць сваю культуру, палякі — сваю, і тады мы будзем цікавыя адзін аднаму.

 Выступ фольк-гурту «Рада» на фэстывалі «Варшаўская мазаіка»

Сёньня фольк-музыку слухае адукаваны гарадзкі сярэдні кляс.

3
Guinness / Адказаць
29.09.2016 / 10:04
а чым тады будуць займацца намесникі па ідэялогіі, якія этыя "комплексы" ствараюць? вы гэта кіньце - гэта супрацьпастаўлення "луччай" часткі нашай краіны - усім астатнім людзям. без сарказму дадам, што народная песьня лепей гучыць маладымі галасамі.
0
leikobel / Адказаць
29.09.2016 / 10:07
Мулявін таму і не меў вясковых комплексаў, што ён быў рускім і ў яго генах не было генетычнага перапалоху за ўжыванне чагосці беларускага нацыянальнага. А паходжанне гэтага страху ведаюць усе-вельмі жорстка прайшліся па нашым продкам суседзі х усходу! . І трэба многа часу каб з маладой нашай генерацыі выветрыўся гэта генетычны страх. А гэта не так хутка будзе! На жаль гэта так!
11
Сняжок / Адказаць
29.09.2016 / 10:15
Слушайте, так нет проблемы сохранить деревенские песни. Рада в этом списке какая? Палац, Крыви, Уния, Юр`я, Осимира, Стары Ольса, Троица, Shuma, Recha, Camelot, Песняры - и это я не интересуюсь фолком, так, знаю, что есть. Что возрождать, если все эти люди поют одни и те же Купалинку, Реченьку и еще десятка два песен. Всё уже записано и перезаписано. Сочиняйте, ребята, свои песни, тогда к вам и интерес появится
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру