Гурт BY CRY прэзэнтуе на Tuzin.fm свой новы сынгл «Душа-яліна» і кліп на яго.

Самі музыкі называюць сваю каманду «дзіцём постмадэрнізму». «Наша музыка мэтанакіравана прабуджае моц духа, абуджае стыхію радасьці і нястрыманую свабоду весялосьці», — кажа сьпявачка Аляксандра Грахоўская, якая і аб’яднала вакол сябе адзінадумцаў тры гады таму, каб зрэалізаваць даўнюю мару — запісаць альбом. За гэты час BY CRY паўдзельнічаў у шэрагу музычных фэстах ды зборных канцэртах, зьезьдзіў на «Басовішча», але альбом дагэтуль так і не пабачыў сьвет.

«Да нас прыйшло разуменьне таго, што прэзэнтаваць свае песьні асобным альбомам мы ня можам, бо кожны з нашых твораў — гэта самастойны сьвет. Таму ад нас можна пачуць і поп-рок, і гард-кор, і гранж, і фанк, і панк. Такім чынам мы дапамагаем праявіцца канцэптуальнаму зместу кожнай асобнай песьні», — тлумачыць Аляксандра. Улюбёны прыём музыкаў — зьвяртацца да народных сьпеўных здабыткаў, але падаваць іх па-свойму. Яскравы прыклад таму — новая праца BY CRY — «Душа-яліна», які прэзэнтуецца ў аўдыё- і відэа выглядзе. У яе запісе ўзялі ўдзел Аляксандра Грахоўская (вакал), Леў Бабаеўскі (ударныя), Аляксандар Маркевіч (бас-гітара), Сяргей Стэц (гітара), Яўген Валакіцін(акардэон), Марыя Сазонава (вакал). Праца вялася на двух студыях — «Галапагос studio» (гукарэжысэр Ільля Дмуха) іCherry Records Studio (гукарэжысэр Яўген Валакіцін).

Кліп на «Душа-яліна» здымаўся на хутары ў Вайцюшках. Музыкі дзякуюць ягонаму гаспадару Зьмітру Вайцюшкевічу за такую магчымасьць. Разам з Аляксандрай Грахоўскай у ім зьняліся акторкі рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Марыя Пятровіч, Марына Дзямідчык, Гражына Быкава. Апэратарам роліка стаў Максім Бабіч, а рэжысэркай — сама Аляксандра. BY CRY таксама дзячыць за падтрымку і дапамогу Віктару Старухіну, Весце Бабіч, вакалісту гурта Sontsevorot Аляксандру Бузуну, Максіму Грахоўскаму.

Сачыць за навінамі гурта можна праз суполкі ЎК/FB ды афіцыйны сайт.

Песьня «Душа-яліна» возьме ўдзел у другім туры аўдыёчарту ў сэзоне 2016/2017. Яе можна паслухаць таксама на нашым канале на Soundcloud.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?