60‑годзьдзе філіялу Літаратурнага музэю Янкі Купалы на радзіме паэта плянуецца адзначыць на Купальле разам з Днём нараджэньня клясыка беларускай літаратуры.

20 чэрвеня 1948 году на месцы былога фальварку Вязынка, дзе нарадзіўся паэт, быў адчынены Першы філіял Літаратурнага музэю Янкі Купалы.

Паводле рашэньня ЮНЭСКА, Вязынка ўключана ў міжнародны маршрут турызму. У фондах запаведніка — больш за 1000 экспанатаў.

Ад хаты, у якую ў 1881 годзе пераехалі бацькі паэта, засталіся толькі шэсьць бярвеньняў. Сёньня яны зьяўляюцца часткай экспазыцыі музэю.

Акрамя мэмарыяльнага дому, на тэрыторыі запаведніка (які займае больш за 20 га) знаходзяцца помнік Янку Купалу работы Заіра Азгура, камяні‑валуны з выбітымі на іх купалаўскімі радкамі, 200‑гадовыя дубы, старыя ліпы й вербы, саджалка, крынічка й сьвіран.

У сьвірне адбываецца выстава флёрыстыкі віцебскага клюбу «Анюта» й работаў народных майстроў па матывах твораў Янкі Купалы. Выстава прымеркаваная да 60‑годзьдзя філіялу.

Паводле Сашы Дорскай, «Літаратура і мастацтва»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0