Напярэдадні выбараў старшыні руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец распавёў «Нашай Ніве», чаму ён хоча ўзначаліць Рух, як ставіцца да чачэнскіх бежанцаў і чаму не верыць у выбары, але ўдзельнічае ў іх.

«Наша Ніва»: Чаму вырашылі, што прыйшоў ваш час узначаліць Рух «За свабоду»?

Алесь Лагвінец: Адчуваю ў сабе патэнцыял, які мы разам можам скарыстаць. Да таго ж, я працяглы час быў намеснікам старшыні Руху.

«Наша Ніва»: Калі не вы, то хто?

Алесь Лагвінец: Калі не я, то я.

«Наша Ніва»: Не бачыце роўнага вам прэтэндэнта?

Алесь Лагвінец: Юрась Губарэвіч таксама плануе балатавацца на старшыню. У кожнага з нас ёсць свае моцныя бакі.

«Наша Ніва»: І якія ў вас?

Алесь Лагвінец: Гэта тое, што я, відаць, больш харызматычны?.. Праўда, гэта іншым вырашаць… Я маю досвед працы ў адукацыі, шмат працаваў з людзьмі, у мяне добра атрымліваецца камунікаваць. Я здольны на асіметрычныя крокі… Доўгі час я займаўся адукацыяй моладзі і лічу, што для Руху гэта выклік — зрабіць, каб у нас з’явілася больш маладых людзей, у якіх гараць вочы. І вопыт апошняй кампаніі паказаў, што я здольны запальваць людзей, натхняць іх, прымаць неардынарныя рашэнні. І я лічу, што Рух павінен мець менавіта такога лідара.

«Наша Ніва»: А якія моцныя бакі ў Губарэвіча?

Алесь Лагвінец: Юрась мае свае станоўчыя бакі, але… Гэта вы ў яго спытайце. А ўвогуле я «за», а не «супраць». Я не супраць Юрася. Я за тое, каб Рух быў актыўнай арганізацыяй, каб ён стаў арганізацыяй №1 у Беларусі.

«Наша Ніва»: Ну гэта ўжо пытанне піяру, напэўна. Але ж у апошні час «За Свабоду» не самая папулярная і вядомая суполка, не? Калі параўнаць, напрыклад, з «Гавары праўду!», то вы трохі губляеце ў плане медыйнасці.

Алесь Лагвінец: Медыйнасць медыйнасцю… Але ёсць і пытанне сутнасці. Рух застаецца на тых каштоўнасцях, на якіх пабудаваны.

«Наша Ніва»: Але ж гэта грамадскі рух, ён павінен быць вядомым. Маю на ўвазе, што калі спытаць у рабочых з МАЗа, напрыклад, то большасць не ўзгадае, што такое і хто такія Рух «За Свабоду».

Алесь Лагвінец: Давайце сходзім, спытаем.

«Наша Ніва»: Можам у афіцыянткі спытаць дзеля эксперыменту (гутарка праходзіла ў кавярні «Васількі» насупраць парка Чалюскінцаў — Рэд. ).

Алесь Лагвінец: Давайце! Але тут яшчэ трэба прызнаць, што любая дэмакратычная арганізацыя ў Беларусі мае абмежаваную вядомасць. У штодзённым жыцці апазіцыя асацыюецца ў людзей у першую чаргу з БНФ. Але нельга сказаць, што наш Рух — арганізацыя цалкам невядомая. Відавочна яшчэ, што ў 2006 годзе наша місія была аб’яднаць усе дэмсілы, быць па-над партыйнай структурай. Напачатку гэта атрымлівалася. А зараз мы ўжо адна з арганізацый. І я хачу, каб мы сталі найбольш заўважнай і актыўнай арганізацыяй. Гэта велізарны выклік. Але наша разынка ў тым, што мы адэкватна ўспрымаем сітуацыю, але не гуляемся з пытаннем каштоўнасцяў.

«Наша Ніва»: Што значыць «адэкватна ўспрымаеце», растлумачце.

Алесь Лагвінец: Ёсць людзі, якія кажуць, што рыхтуюць ў Беларусі рэвалюцыю, пасля якой усе прачнуцца ў абсалютна іншай краіне… Каб так казаць, трэба адэкватна ўспрымаць сваю падтрымку ў грамадстве, каб яна была такой вось.

А мы прызнаём, што дзейнічаем у сітуацыі не такой вялікай вядомасці. Гэта абумоўлена шматлікімі прычынамі, і суб’ектыўнымі, і аб’ектыўнымі. І калі мы кажам пра адэкватнае ўспрыманне рэчаіснасці, то маем на ўвазе ставіць перад сабой дасягальныя задачы і прыкладаць да іх дасягнення ўсе намаганні.

«Наша Ніва»: Шмат хто з незалежных дзеячаў скардзіцца, што да шырокага гледача і чытача ім закрытыя выхады. На тэлебачанне не пускаюць, незалежную прэсу чытаюць не ўсе. Як дзейнічаць?

Алесь Лагвінец: Ёсць магчымасць прамых кантактаў. Ды і трэба прызнаць: у краіне няма рэвалюцыйнай сітуацыі, людзі не вераць ані тым, ані тым. Я бачу гэта па выніках парламенцкай сваёй кампаніі.

«Наша Ніва»: Ані апазіцыі, ані ўладзе?

Алесь Лагвінец: Так. Але будаванне даверу магчымае.

Тым часам афіцыянтка прыносіць замову. Пра Рух «За Свабоду» яна чуе ўпершыню ў жыцці. Лагвінец цікавіцца, ці ведае яна нейкую іншую апазіцыйную арганізацыю. Дзяўчына паціскае плячыма — не ведае аніводнай. Але прызнаецца: у 2006 годзе на выбарах галасавала (праўда, не кажа за каго), а на мінулыя прэзідэнцкія і сёлетнія парламенцкія ўжо не пайшла.

Алесь Лагвінец: Вось гэта наш электарат!

«Наша Ніва»: І як выклікаць у яго давер? Зацікавіць вашай дзейнасцю?

Алесь Лагвінец: Быць бліжэй да людзей. Рабіць рэчы, якія яны могуць пабачыць. Такая ж афіцыянтка ў піцэрыі ў Сухараве пабачыла праз вакно выступ Вольскага падчас майго збору подпісаў і, лічу, яна задумалася.

«Наша Ніва»: А канкрэтны прыклад з канкрэтна гэтай афіцыянткай?

Алесь Лагвінец: Можна прапанаваць ёй перакласці меню на беларускую мову. Я, дарэчы, ім ужо прапаноўваў, не рэагуюць, але трэба будзе да іх дагрукацца.

Таксама можна папрасіць, каб яна зрабіла намаганні і паразмаўляла па-беларуску з наведнікамі. Бо гэта ж нармальная практыка, калі кліент размаўляе на нейкай мове — тым больш на дзяржаўнай у нашым выпадку — і персанал адказвае яму на той жа мове. Гэта справа прафесіяналізму.

Можна прапанаваць ёй удзел у моладзевых ініцыятывах.

Ды і трэба з'яўляцца ў тым месцы, дзе жыве чалавек, цікавіцца праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Умоўна кажучы, калі не прыбіраецца пад’езд — дапамагчы з гэтым разабрацца. Простыя канкрэтныя дзеянні.

«Наша Ніва»: А як зацікавіць электарат на адлегласці? Людзей не з Мінска, а з умоўнай Маларыты?

Алесь Лагвінец: Людзі з умоўнай Маларыты павінны ведаць незалежныя СМІ… гэта, дарэчы, ужо выклік для «Нашай Нівы» і іншых… і можа, прачытаць пра нашую дзейнасць.

«Наша Ніва»: То бок, медыі павінны зацікавіць сваім кантэнтам чалавека, а вы ўжо чымсьці зацікавіце СМІ, і яны пра вас паведамяць?

Алесь Лагвінец: І адно, і другое, прыкладна так. Да таго ж я актыўна прасоўваю ідэю Народнага Універсітэту — грамадскай адукацыйнай і камунікатыўнай пляцоўкі. І чаму б раз на тры месяцы не прыехаць у тую ж Маларыту вядомым людзям? Чаламу, Лагвінцу ці каму яшчэ? Выступіць, пагаварыць пра агульныя праблемы, пра мясцовыя. Бо ў нас жа вельмі бракуе публічнай прасторы. І трэба даць людзям магчымасць абмяркоўваць рэчы, якія іх цікавяць і хвалююць.

«Наша Ніва»: Вось зараз у Брэсце шмат бежанцаў з Чачні. Людзей гэта цікавіць і хвалюе. Што вы можаце зрабіць, каб дапамагчы людзям і неяк выкарыстаць гэта?

Алесь Лагвінец: Я ведаю, што праваабаронцы гэтым займаюцца. Мая жонка таксама прапаноўвала перадаць памперсаў дзецям. Мы думалі пра пэўную фінансавую дапамогу… Але ж нашы выбарцы — беларусы.

«Наша Ніва»: Дык іх гэта і хвалюе.

Алесь Лагвінец: Дык спытайцеся ў іх, ці гэта так.

«Наша Ніва»: Я пытаўся. Берасцейцаў гэта вельмі хвалюе.

Алесь Лагвінец: Гэтае пытанне мы будзем абмяркоўваць з нашым берасцейскім кандыдатам, і, магчыма, прапануем сваю дапамогу таксама.

Але тут, у Мінску, ёсць і шмат іншых праблемаў, і мы імі будзем займацца.

«Наша Ніва»: А як вы самі ставіцеся да тых уцекачоў?

Алесь Лагвінец: Калі яны бягуць, то гэта гуманітарная катастрофа. Павінна быць пэўная салідарнасць, але ў той жа час павінна быць цывілізаваная мяжа з Расіяй. Бо сёння апроч уцекачоў, да якіх трэба ставіцца цывілізавана, канечне, ёсць і іншая праблема. Да нас з Расіі ідуць наркотыкі, нелегальная зброя. І павінен быць большы кантроль тых, хто едзе да нас адтуль.

А бежанцам трэба стварыць годныя ўмовы, каб усё ж дапамагчы ў чаканні — хутчэй за ўсё безвыніковым — перасекчы мяжу з ЕС. Гэта ўжо пытанне гуманістычнае.

«Наша Ніва»: Вернемся да палітыкі. А як вы ставіцеся, дарэчы, да іншых палітычных партый і рухаў? Хто выклікае павагу, хто, можа, і не?

Алесь Лагвінец: Я лічу, што трэба ў першую чаргу думаць пра сябе — як палепшыць сваю арганізацыю.

«Наша Ніва»: А што тычыцца адзінства — вы лічыце, што апазіцыя павінна аб’ядноўвацца? Шмат пытанняў наконт адзінага кандыдата было на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

Алесь Лагвінец: Я прывяду вам прыклад маёй акругі ў Сухараве. Усе ведалі, што там ёсць Лагвінец, і больш туды ніхто не папёрся з дэмакратаў. Бо там іншым няма чаго лавіць, калі ёсць Лагвінец. Калі з’явіцца сапраўдны агульнанацыянальны лідар, калі грамадства пакажа, што патрабуе адзінага, то ўсё будзе добра.

«Наша Ніва»: Вы сабе бачыце такім лідарам?

Алесь Лагвінец: Патэнцыял, думаю, ёсць, але над гэтым трэба яшчэ працаваць. Мы ж яшчэ ўсе дысідэнты, палітыкі фактычна няма ў нас. І для нас гэтая сітуацыя — падвоены выклік. Трэба дамагчыся сумленнага падліку галасоў і трэба дамагчыся папулярнасці. Гэтыя задачы адначасова цяжка вырашаць, але ж што зробіш?

Ды і калі мы адчуем, што людзі зноў цікавяцца выбарамі, то трэба будзе шукаць аб’яднання. Я гляджу на апошнюю парламенцкую кампанію і бачу, што людзям гэта не цікава. Я лічыў амаральным заклікаць іх прыходзіць на ўчасткі. Бо, па-першае, у нас цудоўныя людзі і яны б мяне не паслухалі, а па-другое, як можна заклікаць ісці на выбары, арганізаваныя хлусамі і маніпулятарамі?

«Наша Ніва»: А чаму вы самі тады ўдзельнічалі ў кампаніі?

Алесь Лагвінец: Я выкарыстаў легальныя магчымасці пашырыць прастору свабоды. Я лічу, што два апошнія канцэрты Вольскага ў Мінску — вынік таго, што ён выступіў на маім зборы подпісаў у Сухараве. Гэта асіметрычнае дзеянне, якое дало такі вынік. І Brutto ў Гомелі — вынік выступу Лявона ў Сухараве.

Таксама ж збор подпісаў — самая ліберальная частка кампаніі. Уявіце, колькі маладых людзей змаглі пабачыць бел-чырвона-белыя сцягі ў Сухараве і зразумець, што гэта нармальна.

«Наша Ніва»: Як вы глядзіце на перамогу Канапацкай і Анісім? Іх прызначылі?

Алесь Лагвінец: Гэта пытанне да іх саміх. Але ж улада цалкам кантралюе выбарчы працэс. І гэта воля ўлады — прапусціць ці не прапусціць кагосьці.

«Наша Ніва»: Калі б «прапусцілі» вас? Вы б засталіся ў парламенце ці прынцыпова адмовіліся б?

Алесь Лагвінец: Я б зняўся яшчэ да так званага падліку галасоў. Мая задача на гэтых выбарах была паказаць, што ёсць альтэрнатыўны кандыдат і дагрукацца да нейтральнай аўдыторыі. І прынамсі гэта мне ўдалося, бо шмат увагі надавалася мясцовым праблемам.

«Наша Ніва»: А байкот — правальная тактыка?

Алесь Лагвінец: Мы ж і цяпер гэта рабілі! Гэта быў актыўны байкот! Усе мае падпісанты — амаль 2,5 тысячы — атрымлівалі ўлётку, дзе напісана, што ісці на выбары не мае сэнсу.

«Наша Ніва»: А на будучых прэзідэнцкіх — будзеце кандыдатам?

Алесь Лагвінец: Гэта будзе залежыць ад абставінаў. Я, у прынцыпе, быў гатовы яшчэ ў 2015, мы гэта абмяркоўвалі, але абставіны склаліся так, як склаліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?