30.09.2016 / 09:34

Iсцiна адвечная як свет: Нілу Гілевічу сёння споўнілася б 85 гадоў 1

Беларускаму пісьменніку Нілу Сымонавічу Гілевічу сёння споўнілася б 85 гадоў. Народны паэт Беларусі памёр 29 сакавіка 2016 года.

Чытайце таксама: «Быў час, быў век, была эпоха». Пяць фактаў пра Ніла Гілевіча.

Ісціна, адвечная, як свет

Iсцiна, адвечная, як свет:
Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.
За надзеяй — боль зняверу ўслед.
За пашанай — прынiжэння сорам.
За святлом знаходкi — горыч страты,
За агнём любвi — разлукi снег.
За абдымкамi — падножка здрады…
Iсцiна, адвечная, як свет.

Як жа сталася?

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы —
Ненавіснікі нашай свабоды,
Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,
А пад злодзеем хмыліцца злодзей,
А пад лёкаем мыліцца лекай,
А пад гнусам капошыцца гнуc,
А пад гэтым усім — беларус?

Мы дойдзем

За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем… I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!

Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але —
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.

А можа быць, яна — міраж,
I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?

Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.

Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..

0
Мікалай / Адказаць
30.09.2016 / 19:25
Я быў выбраны дэлегатам II з'езда Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны - дзецішча Ніла Гілевіча, які тады на з'ездзе на альтэрнатыўнай аснове быў перабраны старшынёй ТБМ на чарговы тэрмін. Непадалёк ад мяне, усяго толькі на адзін рад вышэй, быў Мікалай Статкевіч. Мне тады пашчасціла ўбачыць і іншых слынных людзей Беларусі. Вельмі прыемна, што сёлета намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім абрана дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дзякуй Вам, шаноўны Ніл Сымонавіч, - слаўны сын беларускага народа, сапраўдны народны паэт і абаронца нашай роднай беларускай мовы за тое, што Вы аказалі станоўчы ўплыў і на мой асабісты лёс, што цяпер усё добра і ў маім асабістым жыцці. Светлая Вам памяць і царства нябеснае!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру