У нядзелю, 2 кастрычніка, у Венгрыі прайшоў рэферэндум аб удзеле краіны ў абавязковай праграме размеркавання бежанцаў у адпаведнасці з вызначынымі Еўрапейскім Саюзам квотамі. Па дадзеных экзітполаў, якія прыводзіць Reuters, плебісцыт быў прызнаны несапраўдным у сувязі з нізкай яўкай. Па папярэдніх дадзеных, яна склала 45 адсоткаў.

У той жа час пераважная большасць прагаласаваўшых — 95 адсоткаў — выказаліся супраць квот на размеркаванне бежанцаў. Правам голасу валодаюць каля 8 мільёнаў жыхароў Венгрыі. Рэферэндум быў бы прызнаны адбытым, калі б яўка склала больш за 50%.

***

У сувязі з міграцыйным крызісам краіны Еўрасаюза ў верасні 2015 года дамовіліся палегчыць становішча Грэцыі і Італіі, на тэрыторыю якіх прыбывае асноўная маса бежанцаў, і забраць у іх для рассялення па іншых краінах ЕС 160 тысяч бежанцаў. Гэты план быў разлічаны на два гады, аднак з тых часоў быў пераселены толькі 5651 бежанец - 4455 з Грэцыі і 1196 - з Італіі. 215 з гэтых мігрантаў прыняла Германія, Францыя - 1952 (большасць). Пры гэтым Аўстрыя, Данія, Польшча і Венгрыя не размясцілі ў сябе ў рамках гэтай праграмы ніводнага ўцекача. Камісар ЕС па міграцыі Дзімітрыс Аўрамопулас нядаўна адзначыў, што прайшла ўжо палова ўзгодненага тэрміну, нагадаўшы, што дамоўленасці маюць юрыдычную сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?