У панядзелак Натальля Пяткевіч спрабавала супакоіць публіку, пастаўленую на вушы пэрспэктывай маланкавага прыняцьця новага закону аб СМІ. На пасяджэньні профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта заявіла: маўляў, рэглямэнтацыя (пакуль што!) закране толькі інтэрнэт-вэрсіі існых друкаваных ды электронных мэдыяў.

"Чаму інтэрнэт-вэрсія ня мусіць адпавядаць свайму аналягу, напрыклад, у друкаваным выглядзе?" — задала спн. Пяткевіч рытарычнае, як ёй, мусіць, падаецца, пытаньне.

Але ж дастаткова параўнаць папяровы тыднёвік "Наша Ніва" з сайтам nn.by, каб зразумець, што гэта неба і зямля. Час сайтаў-люстэркаў даўно прайшоў.

Зрэшты, шэраг дзяржаўных СМІ, стварыўшы свае інтэрнэт-вэрсіі пад прымусам ідэалягічнага начальства (каб не адставалі ад "нячэсных"!), сапраўды напаўняюць іх самым прымітыўным чынам: пасьля выхаду чарговага нумару закідаюць артыкулы ў сеціва. Сайты ж незалежных СМІ зазвычай болей дынамічныя, яны не дублююць друкаваны аналяг, а нашмат апярэджваюць яго. Зь іншага боку, ня ўсё з сайту трапляе на паперу: штосьці пасьпявае састарэць, немагчыма дый ня варта перадрукоўваць усе блогі, камэнты і г.д.

І гэта сусветная тэндэнцыя, калі сайты пэрыёдыкаў ператвараюцца ў аўтаномныя праекты, непараўнальна болей апэратыўныя за папяровы варыянт таго ж брэнду і вельмі ад яго адрозныя. Яны напоўніцу выкарыстоўваюць фішкі сеціўнай журналістыкі: гіпэртэкст, мультымэдыйнасьць, блогерства і г.д. Сайт nn.by акурат і ёсьць удалым прыкладам такой эвалюцыі.

І вось уявеце сабе: новы закон аб СМІ набывае сілу ды абрастае пастановамі Саўміну. Па-першае, рэдакцыі "НН" і шэрагу іншых незалежных выданняў, хутчэй за ўсё, трэ' будзе патраціць нямала часу ды нэрваў, каб зарэгістраваць сайт. Па-другое, рэгістрацыя можа стаць пасткай, калі пачнуць па-букваедску патрабаваць каб інтэрнэт-вэрсыя адпавядала "аналягу ў друкаваным выглядзе". Для nn.by гэта было б проста катастрофай. Уявеце сабе сумны сайт, запоўнены выключна публікацыямі зь мінулых нумароў тыднёвіка. Усе фішкі анлайну — ад блогаў да гіпэрспасылак — фармальна можна кваліфікаваць як парушэньне ідэнтычнасьці: што за "отсебятина", у тыднёвіку ж гэтага няма! На гэтай падставе лёгка забараніць тыя ж камэнты. Карацей, капец!

Я не кажу ўжо пра іншыя падводныя камяні праекту. Запэўніваньні, што ён цалкам адпавядае міжнародным нормам, выклікаюць у прафэсіяналаў толькі горкую ўсьмешку. Адзін драконаўскі парадак акрэдытацыі чаго варты! Юрысты БАЖ напісалі некалькі старонак прынцыповых крытычных заўваг. Але хто іх стане слухаць?

Калі чыноўнікі даюць руку на адсяканьне, што праект цывілізаваны, дык чаму б не аддаць на экспэртызу Эўропе? Але ад абмеркаваньня адсунулі ўбок нават айчынную мэдыйную супольнасьць. У такім пажарным парадку звычайна прымаюцца самыя рэакцыйныя навэлі. Дастаткова згадаць "папраўкі Сухарэнкі" перад выбарамі-2006.

ЗЫ. Чыноўнікі супакойваюць: можа, маўляў, той "страшнай пастановы" пра інтэрнэт увогуле ня будзе. Па-першае, слаба верыцца (хаця б таму, што артыкул 54 нашумелага праекту патрабуе ад Саўміну цягам пяці месяцаў зрабіць усе неабходныя захады дзеля рэалізацыі палажэньняў гэтага закону). Па-другое, апрыёры ёсьць заганным тое, што апарату даюць карт-блянш на "ўпарадкаваньне" сеціва падзаконнымі актамі. Кірунак адміністрацыйных фантазіяў мы ўжо добра вывучылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?