03.10.2016 / 21:55

«Зноў прызвычайваюся да жыцця ў Беларусі». Гісторыі людзей, якія з’ехалі вучыцца за мяжу і вярнуліся 11

Замежжа для многіх беларусаў — быццам манна нябесная. Бацькі так і думаюць, як бы прыстроіць дзяцей дзе-небудзь у Еўропе ці Амерыцы, бо там жа грошы, перспектывы і райскае жыццё. Адправіць адукоўвацца — выдатная магчымасць. Мы пагутарылі з трыма беларусамі, якія вучыліся за мяжой, але вярнуліся і сёння знайшлі сваё месца на радзіме.

Каледжы аб’яднанага свету — глабальны адукацыйны рух, распачаты больш за 50 гадоў таму. Маладыя людзі па усім свеце 16—19 гадоў маюць магчымасць атрымаць стыпендыю і працягнуць навучанне ў адным з каледжаў. Праграма доўжыцца два гады, за гэты час навучэнцаў паспяваюць падрыхтаваць да паступлення ва ўніверсітэт.

Першая беларуска трапіла ў UWC у 1994 годзе. За больш, чым 20 гадоў, праграму прайшлі 70 беларусаў. Летась на навучанне ў Арменію, Кітай, Тайланд, Італію, Нідэрланды, Сінгапур і Нарвегію адправіліся адразу дзевяць прадстаўнікоў нашай краіны.

Пакуль што вярнуліся нямногія. Раней мы ўжо знаёмілі вас з выпускніком UWC Яўгенам Гладкім, які цяпер працуе менеджарам у IT-кампаніі, а цяпер гутарым з Макарам Маліноўскім.

* * *

«Я зразумеў, што паўсюль жывуць людзі і кожны чалавек варты»

Макар Маліноўскі. Фота Настассі Роўды

Макар Маліноўскі. Мастак, працуе на EPAM. Нарадзіўся ў вёсцы Коўбавічы пад Баранавічамі. Калі Макару было дзевяць, сям’я пераехала ў горад. У Каледжы аб’яднанага свету (UWC) навучаўся ў 2008-2010 гадах, у Італіі.

«Наша Ніва»: Як вы трапілі ў каледж?

Макар Маліноўскі: Я тады навучаўся ў Ліцэі Якуба Коласа, дзякуючы гэтаму і даведаўся пра праграму. У той час мне здавалася, што UWC — найбольш цікавы варыянт для мяне. Тады я за мяжу асабліва не ездзіў, самая далёкая краіна, у якой быў — Польшча. Замежнага досведу не было.

Памятаю, калі яшчэ вучыўся ў школе ў Баранавічах, нават не ўяўляў, што калі-небудзь буду ў Венецыі ці яшчэ дзе-небудзь за мяжой. Мне нават не прыходзіла ў галаву, што можна куды-небудзь далёка паехаць.

Калі дазнаўся, што паступіў у каледж, было страшнавата: першы палёт, Італія.

«НН»: Што вы ўбачылі новага ў адукацыйных падыходах?

ММ: У UWC выкарыстоўваюць сістэму IB — міжнародны бакалаўрыят. І дадаюць сваё. Мне гэтая сістэма падабаецца, яна больш прагрэсіўная. Ёсць шэсць груп прадметаў: «Мова і літаратура», «Другая мова», «Чалавек і грамадства», «Прыродазнаўчыя навукі», «Матэматыка», «Мастацтва». І ты выбіраеш з кожнай групы па адным прадмеце, палову з якіх вывучаеш на павышаным узроўні.

Мяне ўразіла, што заняткі ў нас праходзілі ад 8:00 да 13:00, а потым быў час для спартовых і валанцёрскіх заняткаў, працы для каледжа.

Англійскую я вывучаў на павышаным узроўні. Што цікава, граматыкай мы амаль не займаліся, а вывучалі мову праз літаратуру. Мы чыталі творы і абмяркоўвалі іх, пісалі эсэ, праводзілі дыскусіі па групах. Англійскую я ў той час добра не ведаў, і чытаць «Макбэта» Шэкспіра для мяне было выклікам і матывацыяй.

На свяце нацыянальных кухняў у UWC

Лыжныя заняткі

«НН»: Чым адрознівалася сістэма адзнак?

ММ: Падчас навучання ты не так думаеш пра адзнакі, але ад іх залежыць вельмі шмат, у тым ліку і паступленне ва ўніверсітэт. У атэстат па большасці прадметаў выстаўляецца адзнака па апошніх экзаменах пасля двух гадоў навучання.

Па-першае, выкладчыкі не ведаюць пытанняў, якія будуць на экзамене, заданні рыхтуюць не яны. Іх задача — правесці экзамен. Па-другое, правяраюць экзаменацыйныя работы таксама не выкладчыкі каледжа. Атрымліваецца, спісаць няма магчымасці, і ў выніку ацэнка адпавядае ведам.

«НН»: Як гэта — вучыцца ў такой інтэрнацыянальнай установе?

ММ: Ідэя UWC у тым, каб людзей розных культур і нацыянальнасцяў сабраць разам у адным месцы. У каледжы былі прадстаўнікі 80 ці 90 краін. Гэта змяняе светапогляд, таму што перад табой, можна сказаць, увесь свет. Ты разумееш, што паўсюль жывуць людзі, што кожная нацыянальнасць мае права жыць шчасліва і кожны чалавек варты. Нягледзячы на рознагалоссі паміж Ізраілем і Палесцінай, навучэнцы каледжа з гэтых краін павінны разам жыць, хадзіць на заняткі, штосьці ствараць. Ідэя сапраўды працуе, змяняецца мысленне.

Валанцёрства ў Арменіі

Паездка ў Галісію пасля выпускнога ў UWC

«НН»: Дзе вучыліся пасля каледжа?

ММ: Я паехаў у Амерыку. Прадстаўнікі амерыканскіх універсітэтаў самі прыязджаюць у Каледжы аб’яднанага свету і праводзяць сумоўі. Гэтыя сустрэчы адбываюцца за год да паступлення, бо падаваць дакументы ва ўніверсітэт трэба дзесьці зімой, за паўгода да пачатку навучання. Калі ў цябе няма фінансавых магчымасцяў, а ты ўніверсітэту пасуеш, табе могуць прапанаваць стыпендыю.

Паступіў ва Універсітэт мастацтва і дызайну. Я займаўся мастацтвам у каледжы і напрыканцы рыхтаваў суцэльны праект «Павярнуцца тварам да свету». Выкарыстоўваў і жывапіс, і інсталяцыю, і скульптуру — усё разам. Гэта мяне добра падрыхтавала.

На рыбалцы ў штаце Арэгон

У Нацыянальным парку «Рэдвуд», Каліфорнія

«НН»: Што гэта быў за горад у Амерыцы, дзе вы вучыліся?

ММ: Сарасота, штат Флорыда. Гэта невялікі горад, каля 60 тысяч чалавек. Але там ёсць опера, тры тэатры, велізарная канцэртная зала, мора… Акрамя ўніверсітэта, дзе я вучыўся, там ёсць яшчэ некалькі іншых. У Сарасоце шмат чаго адбываецца, за чатыры гады, што я там правёў, не паўсюль паспеў пабываць.

«НН»: Збіраліся вяртацца ў Беларусь?

ММ: У мяне была дылема, я заўсёды пра гэта думаў і сумняваўся. Калі з’язджаў першы раз, мне было гадоў 16, здавалася, што ў Беларусі нічога няма, што гэта забыты край. Калі навучаўся ў Амерыцы, некалькі разоў прыязджаў на радзіму. І чым лепш я сябе адчуваў, тым больш мне падабалася і ў Беларусі, і ў ЗША. То бок гэта сыходзіла знутры.

У мяне пераходны перыяд, я не так даўно прыехаў, два гады таму. Зноў прызвычайваюся да жыцця ў Беларусі. Я цяпер бачу, што людзі жывуць паўсюль, у тым ліку і тут. У Беларусі ёсць шмат цікавых людзей, тут можна жыць, займацца сваёй справай. Усё залежыць толькі ад цябе.

Калі ёсць унутранае жаданне штосьці рабіць, то гэта трэба рабіць, а не шукаць адгаворкі. Заўсёды знойдуцца абставіны, якія будуць перашкаджаць. Не важна дзе: у Беларусі, Італіі ці яшчэ дзе-небудзь. У Амерыцы я сустрэў шмат людзей, якія крытычна ставяцца да жыцця ў ЗША, многія хочуць пераехаць у Еўропу. Кажуць, на іншым баку заўсёды зеляней. Нічога новага няма. Абставіны могуць спрыяць, могуць перашкаджаць, але трэба працягваць займацца сваёй справай.

«НН»: Што стала вашай справай у Беларусі?

ММ: Калі вярнуўся ў Беларусь, то зацікавіўся праграмаваннем. Чаму я навучыўся за мяжой, дык гэта таму, што магу вучыцца сам. На сайце edx.org ёсць бясплатны курс па праграмаванні «Уводзіны ў камп’ютарныя навукі ад Гарварда». Курс існаваў раней, але выкладчык трансфармаваў яго так, што інфармацыю можна паспяхова засвоіць, нават калі ты раней нічога не ведаў пра праграмаванне. Цяпер гэты курс стаў ці не самым папулярным у Гарвардзе і яго бяруць некалькі мільёнаў чалавек па ўсім свеце анлайн.

Цяпер праграмаванне — адзін з колераў майго жыцця. Спадзяюся, змагу выкарыстоўваць гэтыя навыкі і ў мастацкай дзейнасці. Знаходжуся на моманце сінтэзу.

Чытайце гісторыю яшчэ аднаго выпускніка UWC Ягора Сурскага, які цяпер навучаецца ў аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і з’яўляецца куратарам культурніцкіх праектаў.

* * *

Пачаўся набор беларускіх вучняў на 2017-18 навучальны год у школы UWC. Прапануюць стыпендыі ў каледжы:

  • Арменія — UWC Dilijan (0 — 80% фінансавання);
  • Боснія і Герцагавіна — UWC Mostar (0 — 75% фінансавання);
  • Індыя — UWC Mahindra College (0 — 60% фінансавання);
  • Кітай — UWC Changshu (0 — 49% фінансавання);
  • Нідэрланды — UWC Maastricht (100% фінансавання);
  • Сінгапур — UWCSEA (0 — 100% фінансавання).

Падрабязней

Настасся Роўда

5
123 / Адказаць
03.10.2016 / 22:30
Рэд. Выдалена.
1
trinken sie bier / Адказаць
03.10.2016 / 22:31
Оказывается и Беларуси можно прекрасно жить, вот только не каждому это суждено, например трактористу, который повесился из за не подъёмного штрафа.
2
Непраграміст / Адказаць
03.10.2016 / 23:17
Благія прыклады - усе людзі пакуль гэтай серыі звязаныя з it. Але такіх людзей 1% па ўсёй Беларусі максімум. Таму тэзіс пра эканамічную міграцыю, што пазначаны ў пачатку, не працуе тут. Пакажыце людзей з прафесіямі больш традыцыйнымі ці хаця б больш карыснымі радзіме!
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру