У лютым tut.by пісаў пра ўкраінскага бізнэсоўца Валянціна Панчанку, які вырашыў усталяваць у Мінску аўтаматы па продажы артэзіянскай вады, але справа зайшла ў тупік праз год перапіскі з чыноўнікамі. Аднак праз некалькі месяцаў пасля публікацыі аўтаматы ў сталіцы ўсё ж з'явіліся. Tut.by паглядзеў, як яны выглядаюць і працуюць, а таксама пагаварыў з ініцыятарам пілотнага праекта.

Фота Станіслава Шаршукова, tut.by

Нагадаем, бізнэсовец з Херсона Валянцін Панчанка разам з беларускімі партнёрамі яшчэ ў канцы 2014-га вырашылі паставіць у Мінску аўтаматы па продажы артэзіянскай вады, якія распаўсюджаныя ва Украіне і Расіі. Праз год перапіскі з мясцовай уладай справа зайшла ў тупік, але праз некалькі месяцаў пасля публікацый у СМІ зрушылася з мёртвай кропкі. Асаблівую падтрымку праекту аказалі міністэрства эканомікі і міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

У выніку, ТАА «Крыніца ля дома» заключыла з таварыствамі ўласнікаў дагаворы арэнды пляцовак для ўстаноўкі аўтаматаў па продажы артэзіянскай вады і запусціла шэсць першых аўтаматаў. Яны размясціліся ў дварах шматпавярховікаў на Паўднёвым Захадзе і ў Брылевічах.

Напрыклад, гэты аўтамат усталяваны ў двары ў мікрараёне «Брылевічы». Ён працуе проста: трэба падставіць ёмістасць пад кран, выбраць патрэбную колькасць вады, аплаціць і забраць ваду.

Вада ў аўтаматы прывозіцца са свідравіны ў Фаніпалі. Шэсць літраў абыйдуцца тут у 1 рубель. Аўтамат хоць і стаіць на вуліцы, але зроблены такім чынам, што вада ў ім не моцна награваецца летам і не замярзае зімой, кажа Панчанка.

— Вада прыязджае са свідравіны з тэмпературай каля 12 градусаў. Улетку яе тэмпература вырастае да 18 градусаў, зімой можа апускацца да пяці. Герметычна ўпакаваны ва ўцепленай ёмістасці кубаметр вады — гэта дастаткова сур'ёзны назапашвальнік энергіі.

Тэмпература вады таксама залежыць і ад таго, наколькі часта яна мяняецца. Аўтамат, каля якога мы знаходзімся, самы папулярны. У суткі людзі набіраюць з яго прыкладна па 120 літраў. Але, натуральна, гэта не тыя аб'ёмы, якія патрэбныя.

— Гэта пілотны праект, які пакуль не акупляецца. Але мы ўпэўненыя, што з часам ён будзе запатрабаваным і прыбытковым. Напрыклад, у Кіеве праз такія аўтаматы прадаецца ад 300 да 500 літраў у суткі. І гэта пры тым, што там існуе не адзін аператар і на рынку досыць сур'ёзная канкурэнцыя.

Досвед Кіева і іншых гарадоў паказвае, што ў сучасных умовах мала каму прыходзіць у галаву пашкоджваць аўтаматы ці пэцкаць у іх краны.

— Мы рэгулярна аб'язджаем аўтаматы і можам сказаць, што ніякіх актаў вандалізму не было і ў Мінску. Ва ўсім свеце гэта працуе, таму, думаю, ніякіх праблем тут не будзе.

У бліжэйшы час у Мінску з'явіцца яшчэ некалькі аўтаматаў і з часам іх колькасць будзе расці. На думку інвестара, гэты праект будзе не толькі карысны мінчукам, але і выгадны гарадскім уладам. Па падліках Панчанкі, 200 аўтаматаў павінны даваць немалыя сумы падатковых паступленняў плюс забяспечваць дадатковую занятасць насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?