05.10.2016 / 13:00

«Бацькі раілі мне не вяртацца, але яны памыляліся». Гісторыі людзей, якія з’ехалі вучыцца за мяжу і вярнуліся 20

Замежжа для многіх беларусаў — быццам манна нябесная. Бацькі так і думаюць, як бы прыстроіць дзяцей дзе-небудзь у Еўропе ці Амерыцы, бо там жа грошы, перспектывы і райскае жыццё. Адправіць адукоўвацца — выдатная магчымасць. Мы пагутарылі з трыма беларусамі, якія вучыліся за мяжой, але вярнуліся і сёння знайшлі сваё месца на радзіме.

Каледжы аб’яднанага свету — глабальны адукацыйны рух, распачаты больш за 50 гадоў таму. Маладыя людзі па усім свеце 16—19 гадоў маюць магчымасць атрымаць стыпендыю і працягнуць навучанне ў адным з каледжаў. Праграма доўжыцца два гады, за гэты час навучэнцаў паспяваюць падрыхтаваць да паступлення ва ўніверсітэт.

Першая беларуска трапіла ў UWC у 1994 годзе. За больш, чым 20 гадоў, праграму прайшлі 70 беларусаў. Летась на навучанне ў Арменію, Кітай, Тайланд, Італію, Нідэрланды, Сінгапур і Нарвегію адправіліся адразу дзевяць прадстаўнікоў нашай краіны.

Пакуль што вярнуліся нямногія. Раней мы ўжо знаёмілі вас з выпускнікамі UWC Яўгенам Гладкім, які цяпер працуе менеджарам у IT-кампаніі, і мастаком Макарам Маліноўскім. Серыю гутарак завяршаем размовай з Ягорам Сурскім.

«Я заўсёды ведаў, што вярнуся. І я вяртаўся»

Ягор Сурскі на адкрыцці выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі. Фота з архіва героя

Ягор Сурскі. Навучаецца ў аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, куратар культурніцкіх праектаў. Нарадзіўся ў Мінску. У Каледжы аб’яднанага свету (UWC) навучаўся ў 2001—2003 гадах, у Італіі.

«Наша Ніва»: Калі вы з’язджалі вучыцца ў каледж у Італію, збіраліся вяртацца ў Беларусь?

Ягор Сурскі: Тады я ўпершыню з’ехаў на працяглы перыяд. Але ў мяне заўсёды была мэта вярнуцца. Я лічыў, што той досвед, які атрымаю за мяжой, будзе найбольш карысны менавіта на радзіме.

Бацькі не раілі мне вяртацца, у тыя часы віталася любая перспектыва, звязаная з замежжам. Але я пераканаўся, што гэта памылковы падыход, нават калі разважаць выключна прагматычна.

Звычайна імкнуцца з’ехаць найбольш канкурэнтаздольныя, хочуць праверыць свае магчымасці ў іншай краіне. І часта не зусім рэалістычна ацэньваюць сітуацыю.

Добрыя пазіцыі ў тых, хто з’ехаў яшчэ да 1991 года. У іх былі лепшыя стартавыя магчымасці, каб знайсці працу і добра ўладкавацца. У тыя часы Савецкі Саюз адкрываўся свету, у людзей былі магчымасці з’язджаць. Эмігранты з Саюза былі запатрабаваныя як адмыслоўцы, на каго ў тыя часы ў Еўропе, ды і па ўсім свеце, быў вялікі попыт. Гэтыя людзі зрабілі важкі ўнёсак у развіццё іншых краін.

Тым, хто з’язджаў пазней, было цяжэй па аб’ектыўных прычынах: павялічвалася колькасць эмігрантаў, расла канкурэнцыя. Мае ідэалістычныя перакананні, што трэба вяртацца на радзіму, апраўдаліся. І пра маіх знаёмых, якія вярнуліся, магу сказаць тое самае. Гэта было слушным крокам.

У майго добрага сябра з Вільні, з якім мы разам удзельнічалі ў праграме UWC, была тая ж дылема: з’язджаць ці не з’язджаць. Ён раіўся са мной, і я пераконваў яго, што не варта. Ён вярнуўся, і ў яго ўсё добра на радзіме.

Калі людзі з’язджаюць, яны не заўсёды асэнсоўваюць, які ў іх сацыяльны капітал на радзіме, і што яны страчваюць. Але з’язджаць з мэтай атрымання адукацыі, набыцця міжнароднага досведу, карысна, і гэта трэба рабіць увесь час.

У ВКЛ яшчэ ў XVI стагоддзі заахвочвалі да таго, каб людзі з’язджалі за мяжу, атрымлівалі адукацыю і досвед. Але павінен быць зваротны працэс: з’ехаў, вярнуўся і зрабіў штосьці на радзіме.

Дуіна, дзе месціцца каледж.

Летняя школа UWC.

«НН»: Чым адрознівалася навучанне ў Каледжы Аб’яднанага Свету?

ЯС: Канцэпцыя адукацыі — свет у мініяцюры. Навучаешся з прадстаўнікамі 80 ці 100 краін. У той час гэта была ўнікальная адукацыйная мадэль. У пэўнай ступені яна застаецца ўнікальнай і сёння. Але цяпер свет больш глабалізаваны, міжкультурны і ў любым універсітэце можна знайсці падобны інтэрнацыянал.

Там зусім іншы падыход да навучання. Праграма ўлічвае не толькі адукацыйны чыннік, але ўсеагульнае, усебаковае развіццё асобы. Яна спалучае некалькі элементаў: навучальную праграму, сацыяльную працу, працу на карысць каледжа, спартовыя заняткі, а таксама творчую дзейнасць. Гэта дае ўсебаковы эфект на развіццё чалавека, моцны імпульс, штуршок для далейшага развіцця асобы.

«НН»: Што ўваходзіць у сацыяльны і крэатыўны складнікі?

ЯС: Я дагэтуль памятаю свой расклад заняткаў і што рабіў цягам тыдня. Вольнага часу фактычна не было. Калі гаварыць пра крэатыў, то гэта, напрыклад, заняткі ў хоры, заняткі па кераміцы ў майстэрні. Наконт сацыяльнай працы… Часткай канцэпцыі было тое, што валанцёр мусіць рабіць сацыяльную працу з нейкіх перакананняў, у яго павінна быць высокая ўласная матывацыя. Навучэнец атрымлівае выдатныя ўмовы для навучання, для развіцця творчага і асабістага, і ў адказ ён займаецца сацыяльнай працай, асэнсавана і шчыра. Для мяне гэта быў вельмі карысны досвед, даводзілася працаваць з хворымі, састарэлымі людзьмі, наведваць іх, падтрымліваць маральна.

Цырымонія заканчэння навучальнага года.

«НН»: Дзе вы працягнулі навучанне пасля сканчэння каледжа?

ЯС: Паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які яшчэ дзейнічаў у Мінску. Правучыўся год, і яго закрылі. Было расчараванне, я думаў, ці варта было вяртацца, калі сітуацыя на радзіме менавіта такая. Так склалася, што я змог працягнуць адукацыю ў Польшчы і бакалаўрскую праграму скончыў менавіта там, у Варшаве. Спецыяльнасць была выпадковая, «педагогіка сацыяльнай працы». ЕГУ закрывалі дзесьці ў ліпені, і ўжо не было часу выбіраць, навучальны год пачынаўся з верасня ці кастрычніка.

«НН»: Чым вышэйшая адукацыя ў Польшчы адрозніваецца ад беларускай?

ЯС: Еўрапейская мадэль накіраваная на асобу, на раскрыццё творчага патэнцыялу. Гэта дае плён.

На Захадзе рана абіраюць спецыялізацыю, там раней праяўляецца мэтанакіраванасць. Нам гэтага не стае, у нас часта людзі паступаюць, аддаючы даніну модзе. Спецыяльнасці, звязаныя з дызайнам ці юрыспрудэнцыяй, папулярныя на працягу апошніх дзесяці год, хоць гэта не адпавядае рынку працы.

Да таго ж, беларуская сістэма ВНУ нагадвае індустрыю, вытворчасць дыпламаваных людзей. ВНУ існуюць, паколькі студэнты плацяць немалыя грошы за навучанне. І часта ўніверсітэты разлічваюць на колькасны рост, а не якасны.

Мне падаецца, што сёння ў адукацыйнай сферы вельмі вялікая канкурэнцыя і людзі, у якіх дастаткова сродкаў, не будуць разглядаць беларускія ВНУ як прыярытэтныя, на вялікі жаль.

«НН»: Як вы рэалізоўвалі сябе ў жыцці, у прафесіі пасля заканчэння ўніверсітэта? Ці стала запатрабаванай у Беларусі ваша адукацыя?

ЯС: Спачатку я працягнуў свой міжнародны і прафесійны досвед. Дзякуючы таму, што ў мяне была педагагічная адукацыя, я змог вярнуцца ў каледж, дзе вучыўся. Працаваў валанцёрам, асістэнтам выкладчыкаў. Пазней у якасці культурніцкага менеджара стажыраваўся ў офісе «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі. Гэта быў карысны досвед арганізацыі культурніцкіх праектаў. Такім чынам, перад пачаткам навучання ў магістратуры я замацаваў міжнародны досвед.

Я заўсёды ведаў, што вярнуся. І я вяртаўся. Досвед арганізацыі выстаў я выкарыстаў у Беларусі, калі працаваў у Нацыянальным гістарычным музеі. Калі чалавек робіць творчы праект, ён можа не абмяжоўвацца геаграфічнымі, культурніцкімі межамі і арганізаваць яго ў любой краіне.

UWC, Гранарола.

«НН»: Ці патрэбныя замежныя навучальныя праграмы для беларусаў, калі большасць студэнтаў пасля іх праходжання застаюцца за мяжой?

ЯС: Ніводная краіна не зацікаўленая ў тым, каб найлепшыя мазгі з’язджалі. Трэба проста ствараць адпаведныя ўмовы. Я думаю, што, напрыклад, у IT-сферы яны ўжо створаныя. IT-спецыяліст, адмысловец, дзесяць разоў падумае перад тым, як з’ехаць. Так мусіць быць і ў іншых сферах.

Міжнародны досвед нам вельмі неабходны. Беларусь — адносна маладая краіна на палітычнай мапе свету. У тыя часы, калі я вучыўся ў міжнародным каледжы, такога досведу было вельмі мала. З часам міжнародныя магчымасці павялічваюцца. За апошнія дзесяць год яны павялічыліся істотна. І я лічу, што гэта дае плён, калі чалавек вяртаецца і прымяняе свой досвед у Беларусі.

«Дзякуй богу, у мяне пашпарт грамадзяніна Беларусі». Гісторыі людзей, якія з’ехалі вучыцца за мяжу і вярнуліся

«Зноў прызвычайваюся да жыцця ў Беларусі». Гісторыі людзей, якія з’ехалі вучыцца за мяжу і вярнуліся

Настасся Роўда

7
Мікола / Адказаць
05.10.2016 / 13:11
Трэцюю гісторыю чытаю.. зноў нейкі летуценнік.. Вучыцца дзеля таго каб вучыцца... Так можна і скончыць як герой артыкула НН з Гародні - яблыкі збіраць па парках у 40 год.
7
house md / Адказаць
05.10.2016 / 15:40
Очень странные рассуждения про то, что в начале девяностых эмигрантам было проще. По-моему, все с точностью до наоборот. Ну а про то, что надо возвращаться, чтобы применить знания на родине, это вообще смех. Кто, кроме программиста это может сделать? Как врач или ученый могут применить знания, полученные в, скажем, США, на родине? Придут они после своих резидентур или феллоушипов, и что? Короче, нейкія летуценнікі:)
0
Саука ды Грышка / Адказаць
05.10.2016 / 15:41
...кто не слушается родителей тот плохо кончит...и будет жить счастливо ...
Паказаць усе каментары/ 20 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру